Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
9.81K subscribers
22.5K photos
476 videos
87 files
19.9K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
Украінцаў асудзілі як "дыверсантаў СБУ": бацьку і сыну прызначылі па 20 гадоў калоніі

23 кастрычніка 2024 году ў Гомельскім абласным судзе абвясцілі прысуд Сяргею і Паўлу Кабарчукам — бацьку і сыну. Кожнаму з іх прызначанае пакаранне ў выглядзе 20 гадоў пазбаўлення волі у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штрафу 700 базавых велічыняў кожнаму — 28 тысяч рублёў. Іх асудзілі па 4 крымінальных артыкулах, сярод якіх "акт тэрарызму" і "агентурная дзейнасць".

Нагадаем, 15 лютага ў Лельчыцкім раёне быў абʼяўлены рэжым «контртэрарыстычнай аперацыі». Пазней КДБ адчыталася пра затрыманне «тэрарыстаў», нібыта адпраўленых СБУ праводзіць тэракты ў Беларусі і РФ.

Чытаць цалкам 👉 https://spring96.org/be/news/116540
"Канвеер па замене абмежавання волі на пазбаўленне запрацаваў у поўную сілу": юрыст "Вясны" пра ціск на былых палітвязняў

Паводле звестак праваабаронцаў, у кастрычніку ў Беларусі адбыліся ці яшчэ адбудуцца не менш за 45 судоў па замене пакарання асуджаным да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняй хіміі") на пазбаўленне волі. Гэта ў два разы больш у параўнанні з агульнай колькасцю працэсаў за папярэднія два месяцы. Вядома, што некаторыя з асуджаных пасля вызвалення з СІЗА пакінулі Беларусь, таму за "ўхіленне ад адбыцця пакарання" ім завочна робяць больш жорсткім пакаранне. Некаторым "хатнім хімікам", якія застаюцца ў Беларусі, замяняюць абмежаванне волі за "парушэнне адбыцця пакарання" і адпраўляюць у калоніі. Юрыст "Вясны" Павел Сапелка пракаментаваў новую практыку пераследу былых палітвязняў.

Практыка "ўхілення ад адбыцця пакарання" праз уцёкі з краіны толькі фармуецца, таму органам спатрэбіўся час, каб выпрацаваць неабходныя працэдуры.

Чытаць цалкам 👉https://spring96.org/be/news/116543
Трывожная сітуацыя з пераследам праваабаронцаў застаецца ў многіх постсавецкіх краінах

Сітуацыя з правамі чалавека і пераследам праваабаронцаў ў многіх краінах свету і на постсавецкай прасторы працягвае заставацца трывожнай. Асабліва гэта заўважна ў Расіі, Азербайджане, Грузіі. "Вясна" расказвае, як пераследуюць праваабаронцаў, юрыстаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці ў іншых краінах.

Чытаць цалкам 👉https://spring96.org/be/news/116544
У Мінску пачынаецца суд над беларускай, якую летам затрымалі пасля вяртання з-за мяжы

Кацярыну Быстракову абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе паводле арт. 342 КК.

Справу дзяўчыны разглядаюць 24 кастрычніка ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска. Працэс вядзе суддзя Іна Сівец.

Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, дзяўчына была за мяжой некалькі гадоў, але ў жніўні была затрымана па вяртанні ў Беларусь. На "пакаяльным відэа" яе прымусілі распавесці, як ёй было цяжка ў іншых краінах свету, па якіх яна вандравала, таму яна "прыняла рашэнне вярнуцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, каб працягваць жыць, працаваць, развівацца і ствараць сям'ю на нашай беларускай зямлі". Паведамлялася, што ў яе тэлефоне знайшлі "доказы ўдзелу ў пратэсце".
Сілавікі затрымалі інжынера за ўдзел у пратэстных акцыях

У "пакаяльным відэа" мужчына кажа, што ўдзельнічаў у пратэсным маршы ў Мінску 16 жніўня 2020 года, а таксама пакідаў каментары пра расійскую ўладу.

🔗 Хроніка палітычнага пераследу
У Мінску за "заклікі да санкцый" судзяць мужчыну — яму пагражае да 12 гадоў калоніі

У Мінскім гарадскім судзе судзяць Арцёма Ліцевіча. Яго абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый) і ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Сёння ідзе ўжо трэцяе пасяджэнне. Мужчыне пагражае да 12 гадоў калоніі.

Справу разглядае суддзя Алена Ананіч.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны" з верасня 2021 года ў Беларусі за "заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь" (арт. 361 КК) асудзілі мінімум 99 чалавек. Першымі, каго асудзілі паводле гэтага артыкула, сталі палітзняволеныя Максім Знак і Марыя Калеснікава.

🗣Калі вам вядомыя акалічнасці справы ці інфармацыя пра Арцёма — калі ласка, паведамляйце праваабаронцам на @Viasnainfo
У Браславе за "экстрэмізм" 23 кастрычніка судзілі чатырох мясцовых жыхароў

Як піша @vitebsk_info, гаворка ідзе пра Алега Даргеля, Алега Сяляха, Наталлю Баяр і Анжаліку Пілат.

Алег Сялях (першае фота) — вядомы на Браслаўшчыне паляўніцтвазнавец, які ў свой час узначальваў аддзел аховы жывёльнага свету ў Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры». Цяпер ён кіраўнік рэгіянальнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. З сям'ёй ён трымае аграсядзібу "Беражжа", на якой можна прадэгуставаць усе прыродныя прыгажосці тамтэйшага паазер'я.

Анжаліка Пілат (другое фота) — выпускніца факультэта беларускай філалогіі і культуры "машэраўкі", якая працуе цяпер спецыялістам па сацрабоце ў ТЦСАН Браслаўскага раёна.
Чытанне тэкстаў Алеся Бяляцкага і паказ фільма ў Германіі

У Бохуме ды Берліне пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя заснавальніку «Вясны» і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму.

29 кастрычніка «Альянс 90/Зяленыя» Бохума, дэпутат Бундэстага Макс Лакс і Razam запрашаюць на прагляд фільма «Алесь Бяляцкі — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру з Беларусі» і дыскусію пасля яго.

Калі: 29 кастрычніка, 18:00
📍 Дзе: кінатэатр Касабланка (Kortumstraße 11, 44787 Bochum)

30 кастрычніка ў Берліне адбудзецца чытанне тэкстаў Алеся Бяляцкага на нямецкай і беларускай мовах, а мужчынскі спеўны гурт «Касары» заспявае беларускія народныя песні.

Гэта апошні дзень, калі можна будзе наведаць арт-інсталяцыю «Нязломныя», прысвечанную зняволенным вясноўцам, што месціцца на тэрасе перад кампусам.

Арганізатары мерапрыемства: «Таварыства Роберта Хаўмана», «Ліберэка — Партнёрства за правы чалавека» і беларуская супольнасць Razam.

Калі: 30 кастрычніка, 18:30
📍 Дзе: Кампус дэмакратыі, дом 22 (Ruschestraße 103, 10365 Berlin)
❗️Мінімум 360 чалавек былі затрыманыя ў Беларусі з ліпеня па верасень

Праваабаронцы "Вясны" традыцыйна падлічылі агульную лічбу затрыманняў за трэці квартал 2024 года і распавядаюць, за што працягваюць пераследваць беларусаў.

У Беларусі з 1 ліпеня па 30 верасня было зафіксавана 1 221 выпадак палітычна матываваных рэпрэсій. Гэта ператрусы, выклікі на допыты, суды і г.д. З іх 360 — затрыманні. Таксама праваабаронцам вядома пра мінімум 400 судоў паводле адміністрацыйных справаў за тры месяцы.

Самым распаўсюджаным артыкулам застаецца 19.11 КаАП — "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". За тры месяцы паводле яго асудзілі не менш за 380 чалавек.

Чытаць цалкам 👉https://spring96.org/be/news/116548
📝Заява пра пачатак экспертнай місіі па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі* у Беларусі 26 студзеня 2025 года

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" абвяшчае пра пачатак працы экспертнай місіі па назіранні за выбарамі* прэзідэнта, якія пройдуць у Беларусі 26 студзеня 2025 года.

Мэтай місіі будзе ацэнка адпаведнасці выбарчай кампаніі-2025 міжнародным стандартам, што тычацца правядзення сапраўдных, свабодных і дэмакратычных выбараў, ды інфармаванне нацыянальнай і міжнароднай грамадскасці аб сваіх высновах. Экспертная місія будзе збіраць і аналізаваць інфармацыю аб выбарчай кампаніі паводле адкрытых крыніцаў і паведамленняў ад выбаршчыкаў з Беларусі.

Чытаць па спасылцы 👉 https://spring96.org/be/news/116549

*Для мэтаў гэтай заявы ды іншых дакументаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тэрмін "выбары*" у дачыненні да выбарчай кампаніі – 2025 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна.
Мінімум 12 грамадзян Украіны ўтрымліваюцца ў турмах Беларусі па палітычных матывах

28 чэрвеня 2024 года з беларускіх месцаў няволі па абмене як палонных вызвалілі пяць палітзняволеных грамадзян Украіны. Так на волі апынуліся Наталля Захаранка, Павел Купрыенка, Людміла Ганчарэнка, Кацярына Бруханава, а таксама фігурант "справы дыверсіі ў Мачулішчах" Мікалай Швец (у кастрычніку яго завочна асудзілі да 25 гадоў калоніі). У месцах няволі Беларусі застаюцца яшчэ мінімум 12 грамадзян Украіны, якіх абвінавачваюць у "агентурнай дзейнасці", "шпіянажы" і па іншых палітычна матываваных крымінальных артыкулах. "Вясна" распавядае гісторыі 12 палітзняволеных украінцаў, якія цяпер утрымліваюцца ў беларускіх месцах няволі.

"Толькі літаральна за гадзіну да мяжы нам паведамілі, што нас перададуць ва Украіну, па абмене. У мяне быў такі шок, так трэсліся рукі, што я не магла выпіць вады, заліла ўсю футболку. У мяне была гістэрыка, я думала, што гэта нейкі сон"

Чытаць цалкам 👉https://spring96.org/be/news/116551
❗️У Брэсце за "здраду дзяржаве" судзяць мужа і жонку з Баранавіч

У Брэсцкім абласным судзе 24 кастрычніка распачаўся суд над мужам і жонкай з Баранавіч — Уладзіславам і Таццянай Кашчэевымі. Іх абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Працэс у закрытым рэжыме вядзе суддзя Дзмітрый Карасінскі. Уладзіславу і Таццяне пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі. Верагодна, іх утрымліваюць пад вартай, бо апошняя іх актыўнаўсць у сацсетках была ў 2023 годзе. 

Як паведамілі "Вясне" ў арганізацыі BELPOL, Таццяна раней працавала на "558 авіацыйным рамонтным заводзе" тэхнікам па працы. Уладзіслаў — вайсковец. Па звестках за 2019 год, ён працаваў на "61-й знішчальнай авіябазе ў Баранавічах" (в/ч 54804).

У Уладзіслава і Таццяны двое дзяцей, малодшы сын яшчэ непаўнагадовы.

Чытаць падрабязнасці 👉 https://spring96.org/be/news/116552

🗣Калі вам вядомыя падрабязнасці гэтай справы, паведаміце, калі ласка, праваабаронцам праз тэлеграм @Viasnainfo
🤡Прызналі "экстрэмісцкімі" некалькі тг-каналаў і ботаў ініцыятываў, якія дапамагалі затрыманым беларусам

Міністэрства інфармацыі абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Туды трапілі тг-чаты "Координация помощи в Жодино" і "АВТО 97%"; тг-канал "Списки Задержанных (РУВД+Суды+Жодино+Окрестина)", які летась прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем", а таксама "Probono - контакт-центр помощи пострадавшим"; тг-боты "Spiski.net" і "Тут помогут (Беларусь)". Гэтыя ініцыятывы пасля пратэстаў у 2020-м аказвалі дапамогу затрыманым і іх сваякам.

Таксама ў спіс дадалі тг-каналы "Сначала женщины, потом женщины", "Коленька Лукашенко", "Потрясающая Русофобия", "225 ОШБ", "Новости Беларусь Минск"; Youtube-канал "ПанГУСь"; старонкі "Укантакце" "Быць belarusam" і "Новости Беларусь"; старонка ў Facebook "Alaxandar Zalivayka"; старонкі ў Instagram "gus_prabelarust", "rozochka_97" і "newbelarusinlt"; старонкі ў Tiktok "mihan164" і "chinovniktiktok", старонка ў "Аднакласніках" "Горки. Жыве Беларусь".
Мінчука судзяць за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020-м годзе

У судзе Маскоўскага раёна Мінска сёння ідзе працэс над Мікалаем Ражко. Негледзячы на тое, што пры затрыманні ў "пакаяльным відэа" гаварылася, што яго затрымалі за каментары і рэгістрацыю ў чат-боце "Перамога", мужчыну абвінавачваюць толькі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Яму ставіцца ў віну ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Справу разглядае Таццяна Пірожнікава.

Інфармацыя пра затрыманне Мікалая з'явілася ў тэлеграм-каналах сілавікоў 18 жніўня. На відэа сілавікоў Мікалай казаў, што выходзіў на пратэсты летам 2020-га года, пісаў каментары ў чатах, але "ўжо нават не памятае, якія", а таксама, што рэгістраваўся ў чат-боце "Плана Перамога". У відэа паказалі фота Мікалая на акцыі пратэсту ў Мінску, а таксама скрыншоты каментароў.
Сілавікі затрымалі футбольнага заўзятара за татуіроўку ACAB

У "пакаяльным відэа" затрыманы кажа, што раней быў у складзе групоўкі футбольных заўзятараў "Дынама Мінск".

Мужчына раней быў судзімы за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, за ўгон аўтамабіля і за крадзеж. Ён на камеру абяцае цягам месяца звесці татуіроўку і "выправіцца". У апісанні пад відэа паведамляецца, што яго чакаюць 15 сутак арышту.
Мінімум 12 грамадзян Украіны ўтрымліваюцца ў турмах Беларусі па палітычных матывах

28 чэрвеня 2024 года з беларускіх месцаў няволі па абмене як палонных вызвалілі пяць палітзняволеных грамадзян Украіны. Пры гэтым у месцах няволі Беларусі застаюцца яшчэ мінімум 12 грамадзян Украіны, якіх абвінавачваюць у "агентурнай дзейнасці", "шпіянажы" і па іншых палітычна матываваных крымінальных артыкулах. "Вясна" распавядае гісторыі палітзняволеных украінцаў, якія цяпер утрымліваюцца ў беларускіх месцах няволі.

Агентурная дзейнасць, абраза Лукашэнкі, шпіянаж.

Чытаць цалкам 👉https://spring96.org/be/news/116551