Дзікая прырода побач
2.89K subscribers
2.6K photos
202 videos
2 files
1.28K links
ТАА "Дзікая прырода" 🌳🐺🐤

🌿 Навіны дзікай прыроды і птушкавання
🦡 Барсук Ясь запрашае цябе ў "Дзікі клуб"
🤲 Наш прыбытак ідзе на ахову дзікай прыроды Беларусі

Людзі - для дзікай прыроды, дзікая прырода - для людзей!
Download Telegram
☀️🐦 Дзень павялічваецца і прылятаюць новыя птушкі!

Ужо вярнуліся белыя пліскі (белые трясогузки), рудахвосткі-чарнушкі (горихвостки-чернушки), пячураўкі-ценькаўкі (пеночки-теньковки), малінаўкі (зарянки), лугавыя свірстуны (луговые коньки), рэмезы, баравыя жаўрукі, чорнагаловыя ерчыкі (черноголовые чеканы) і нават удоды. Вярнуліся першыя балотныя луні.

На поўдні адзначаны й кулікі: баталёны (турухтаны), кулікі-случкі (травники), вялікія грыцукі (большие веретенники), бакасы, кулікі-чарнякі (черныши) і слонкі (вальдшнепы).

Ужо масава ляцяць качкі-свіцьвы (свиязи), ныркі-сівакі (красноголовые нырки), качкі-цыранкі (чирки-свистунки), качкі-чыркі (чирки-трескунки), качкі-шылахвосткі (шилохвости), качкі-лапаноскі (широконоски). 🦆

Зараз – добры час для назіранняў за ляснымі птушкамі. Лісця на дрэвах яшчэ асабліва няма, і заўважыць іх прасцей. І вясновае надвор’е вельмі радуе. Раім карыстацца магчымасцю і выбірацца на прыроду часцей. ❤️

А якіх новых птушак гэтай вясной за выходныя назіраў_ла ты?

📷 На фота: малінаўка, аўтар Віктар Выскварка; рудахвостка-чарнушка, ерчык чорнагаловы, аўтар Кацярына Хведанцэвіч; кулік-случок, аўтар Наталля Бачурынская; жаўрук баравы, аўтар Аляксей Вайцянкоў.
Лаві падборку самага цікавага за сакавік! ❤️

🔹 Важныя прыродаахоўныя навіны: нашы неверагодныя дасягненні ў ахове дзікай прыроды, забалочванне ў Белавежскай пушчы
🔹 Незвычайныя назіранні: наш чорны бусел знайшоўся ў Партугаліі, варона-гібрыд у Мінску
🔹 Назірай за птушкамі анлайн: падглядай за сямейным жыццём сокалаў-пустэльг у Брэсце, сачы за прылётам вялікіх арляцоў (больших подорликов)
🔹 Парада: як зрабіць дамок для птушак сваімі рукамі
🔹 Гарачыя навіны: тэмпература на Зямлі б’е рэкорды
🔹 Правер сябе: ці добра ты ведаеш вераб’ёў?

🦆 Птушка года: цікавыя факты пра яе чытай па хэштэгу #птушка2024года

Глядзі спіс актыўнасцяў з птушкай года і выбірай для сябе самыя цікавыя.

Далучайся ў Тэлеграм-чат “Птушка года” 👉 @ptushkahoda

🦡 У “Дзікім клубе” ужо прайшлі дзве дзікія лекцыі – пра цікавыя факты аб запаведніках і нацпарках Беларусі і пра міграцыю нашых птушак. Усе лекцыі магчыма паглядзець у запісы.

На дзікіх афлайн-сустрэчах у клубе мы пачалі вывучаць галасы птушак, ужо вывучылі 10 галасоў птушак, якія прыляцелі.

Далучайся да "Дзікага клуба"! Сваім удзелам у клубе ты падтрымліваеш ахову дзікай прыроды Беларусі, бо ўвесь прыбытак мы накіроўваем на прыродаахоўныя мэты ❤️

Яшчэ хутка плануем выпусціць новы дроп маек і торб, зладзім вясновы чэмпіянат па фотабёрдынгу. І гэта яшчэ не ўсё! Заставайся на сувязі і сачы за навінамі 🤗
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
Сямейны фільм пра птушак для вечара 1 красавіка.

🐦 Міграцыя птушак – гэта цуд прыроды і ў той жа час магутны фактар натуральнага адбору. Падчас міграцыі птушкі праходзяць шмат выпрабаванняў: гэта складаныя ўчасткі, хваробы, драпежнікі і цяжкія пагодныя ўмовы. Натуральных перашкод і пагроз шмат, але нямала і перашкод створаных чалавекам.

Асабліва цяжка даюцца міграцыі відам, якія знікаюць, такім як гусь-піскулька. Каб прывучыць піскулек са Швецыі зімаваць у бяспечных краінах Еўропы, дзе зімуюць мільёны гусей іншых відаў, у 1999 арнітолаг Крысціян Мулек з жонкай Паолай арганізавалі дзіўны эксперымент. Выведзеных у няволі гусей-піскулек яны з дапамогай дэльтаплана паспяхова прывялі за сабой на зімоўку ў Германію.

А ў 2019 годзе дзіўнае падарожжа з дзікімі гусямі стала асновай мастацкага фільма "Распраў крылы". Рэжысёр Нікаля Ванье выдатна перадаў любоў да прыроды і дух авантурызму, якія рухалі мужам і жонкай Мулек.

🎬 Вельмі раім паглядзець гэты добры прыгодніцкі фільм сёння, у Міжнародны дзень птушак! Глядзець можна ўсёй сям’ёй. 🤗

Беражы і цані птушак не толькі сёння, але і ўвесь год. ❤️

📷 На фота Крысціян Мулек суправаджае на дэльтаплане дзікіх птушак, аўтар ©Superbass, CC-BY-SA-3.0, Wikimedia Commons.
Вясенняе сонейка падсушвае леташнюю траву – і прачынаюцца аматары палаў. 😡

Людзі, а часам і цэлыя гаспадарчыя прадпрыемствы падпальваюць траву – нягледзячы на забарону. Хтосьці так “прыбірае тэрыторыю”, хтосьці памылкова думае, што гэта павысіць ураджайнасць, а хтосьці проста забаўляецца.

Але гэта небяспечная “забава”! Агонь па сухой траве распаўсюджваецца вельмі хутка, асабліва ў ветраныя дні. Яго вельмі складана ўтрымаць і спыніць.

🪺 У агні гіне шмат насякомых, амфібій, паўзуноў, звяроў (зайчаняты, вожыкі), гнёзды кнігавак, палявых жаўрукоў, качак.
🧒 Агонь можа прывесці да гібелі людзей, у тым ліку дзяцей.
🔥 Палы травы могуць прыводзіць да тарфяных і лясных пажараў.
🌱 Палы збядняюць відавое багацце расліннасці, выпальваюць перагной.
☣️ Цяжкія металы і радыеактыўныя часцінкі з попелам трапляюць у паветра і лёгкія чалавека.

Калі станеш сведкам вясновага палу, неадкладна паведамляй выратавальнікам з Міністэрства па надзвычайных сітуацыях – звані на нумар 101 ці 112 (кругласутачна).

☝️ Памятай: выпальванне сухой расліннасці забаронена законам, за гэта можна атрымаць штраф ці нават крымінальную адказнасць. Падрабязнасці глядзі ў артыкуле 16.40 Кодэкса аб адміністратыўных парушэннях і ў артыкулах 270, 276 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

На фота Віталя Кашчэева кралька (варакушка) пасярод згарэлай травы.
Усе дубы прыгожыя, але кожны добры ў сваім месцы.

Яшчэ нядаўна амерыканскі дуб чырвоны (Quercus rubra) у Беларусі рэкамендаваўся для азелянення ў гарадах.

🌳 У дуба чырвонага вельмі пышная крона, якая закрывае сонечнае святло, а густы лісцевы апад доўга не раскладаецца – гэта перашкаджае іншым відам раслін. Да таго ж дуб чырвоны вельмі жывучы і пладавіты, а натуральных шкоднікаў у нашых прыродных умовах у яго амаль няма. На тэрыторыях, якія засаджаныя дубам чырвоным, цяжка ідзе натуральнае аднаўленне шыракалістых і іглічных лясоў. У перспектыве дуб чырвоны здольны змяніць карэнныя лясы.

🔎 Украінскія даследчыкі паказалі, што ў лясах, дзе пераважае дуб чырвоны, бедны відавы склад, спрошчаная вертыкальная структура ярусаў лесу, адсутнічаюць тыповыя для дадзенай мясцовасці віды.

Але беларускія батанікі даўно занеслі гэты від у Чорную кнігу. Пасля нашага звароту да Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі і Мінпрыроды ў красавіку 2023 года была зменена міністэрская Пастанова з “Перечнем видов деревьев, кустарников, допускаемых к посадке для целей озеленения” і цяпер дуб чырвоны, а таксама яшчэ 7 відаў чужародных раслін нельга выкарыстоўваць для азелянення ў гарадах.

☝️ Калі ты даведаешся пра планы па высаджванню дуба чырвонага ў гарадах, звярніся ў мясцовую інспекцыю Мінпрыроды ці парэкамендуй азеляніцелям пачытаць абноўлены ЭкоНиП 17.01.06-001-2017, зацверджаны Мінпрыроды ад 18 ліпеня 2017 г. № 5-Т.

📷 Фота: лісце дуба чырвонага і яго жолуд, аўтары James St. John, Hladaс, Wikimedia Commons.

#ДзкікіяЭкспедыцыі #інвазіўныявіды
⚡️ Сябры, заўтра ў нашым Інстаграм правядзём эфір з арнітолагам Аляксандрам Вінчэўскім.

Напішыце, калі ласка, у каментары свае пытанні, якія б хацелі задаць – пра птушак і дзікую прыроду, пра ахову прыроды, пра нашу кампанію і "Дзікі клуб".

📆 Заўтра а 19:00 падчас эфіру Аляксандр адкажа на пытанні. Сустрэнемся! 🙌
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Гэтую мілую птушачку, напэўна, ведаюць усе! 😍

Малінаўка (зарянка) – адна з самых распаўсюджаных лясных птушак. Нярэдка яна сустракаецца побач з чалавекам – у лесапарках, садах, каля дарог.

🐦 Вясной малінаўка прылятае ў другой палове сакавіка – пачатку красавіка. Птушка паводзіцца даволі скрытна, але можна пачуць яе прыгожы звонкі спеў.

🎶 У спеве малінаўкі гучныя чыстыя трэлі змяняюцца прыглушаным неразборлівым шчабятаннем з “металічнымі” ноткамі ці амаль шыпячымі гукамі. Найбольш актыўна малінаўкі спяваюць у вячэрніх прыцемках. У гэты час самец пяе звычайна на вяршыні дрэва.

Хочаш навучыцца адрозніваць птушак па галасах? Мы на дзікіх афлайн-сустрэчах пачалі вывучаць галасы птушак, якія ўжо прыляцелі. Гэта не так проста: галасы некаторых птушак вельмі падобныя: трэба ведаць, на што звяртаць увагу, каб адрозніць.

У мінулы раз было вельмі весела – удзельнікі вывучылі галасы 10 розных птушак і прайшлі па іх тэст.

🦡 Далучайся да “Дзікага клуба”! З радасцю прымем цябе і тваіх сяброў у нашу цёплую кампанію.

Яшчэ больш галасоў птушак можаш паслухаць па хэштэгу #галасыптушак

🎥 Дзякуем за відэа Кацярыне Хведанцэвіч.
🌿 Яшчэ адна тэрыторыя, якая атрымае шанец застацца дзікай дзякуючы працы нашых экспертаў!

Тэрыторыя #2 з 17

У Беларусі павінен з’явіцца новы заказнік нацыянальнага ўзроўню – “Астравы”, плошчай 5.810 га. Яго сфарміруюць на базе двух заказнікаў мясцовага значэння – “Эсьмонаўскі мох” (Магілёўская вобласць) і “Белы востраў” (Мінская вобласць).

Гэтая тэрыторыя зараз унесена ў драфт Схемы рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўных прыродных тэрыторый рэспубліканскага значэння да 2035 году і ўзгоднена з землекарыстальнікамі і мясцовымі органамі кіравання. Схеме засталося яшчэ прайсці грамадскія абмеркаванні і зацвярджэнне Саветам Міністраў.

🌿💧 Гэтая тэрыторыя мае статус аб’екта Смарагдавай сеткі Савета Еўропы, і дзікая прырода захавалася тут вельмі добра. Тут ёсць адкрытыя верхавыя і пераходныя балоты з астравамі забалочаных лясоў (пераважна сасоннікамі і бярозавымі гаямі). І тут шмат “чырванакніжных” відаў.

Балоты знаходзяцца ў межах вадазбору ракі Клява (прыток Бярэзіны, басейн Дняпра). Вышэй па цячэнні знаходзіцца дыстрофнае возера Заазерскае, з якога выцякае рака. Тэрыторыя мае важнае значэнне для падтрымання ўзроўню грунтавых вод у рэгіёне.

Гэта адна з 17 тэрыторый, у якіх з’явіўся добры шанс павысіць свой прыродаахоўны статус да 2035 года. Гэта стала магчыма дзякуючы працы нашых экспертаў і НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. Аб другіх важных каштоўных тэрыторыях раскажам у наступных допісах.

🤲 Хочаш падтрымаць ахову дзікай прыроды? Далучайся да “Дзікага клуба” і кліч з сабой сяброў. Увесь прыбытак ад клуба мы накіроўваем на прыродаахоўныя мэты.

👉 Як мы дапамагаем ахоўваць дзікую прыроду Беларусі, чытай па хэштэгу #ДзікіяЭкспедыцыі

📷 На фота эксперта Юрыя Янкевіча заходняя тайга ў заказніку “Эсьмонаўскі мох”; на фота эксперта Вадзіма Пракапчука барсучы гарадок, “чырванакніжныя” віды – матылёк жаўтушка тарфянікавая, журавіны дробнаплодныя; на малюнку – схема будучага заказніка.
А ў цябе так бывала? Знаёмая сітуацыя? 😅

Праверыць - жарт гэта ці праўда - зможаш падчас вясновага чэмпіянату па фотабёрдынгу, які пройдзе ў суботу 27-га красавіка.

🤗 Запрашаем цябе!

Малюнак Rosemary Mosco.
Не толькі птушкам патрэбныя дамкі! 🦇

Зрабілі дамкі для птушак на лецішчы? Птушкі ядуць насякомых удзень, а кажаны палююць на іх уначы, прычым усё лета. Ты можаш зрабіць домік для іх сваімі рукамі!

На што звярнуць увагу?

🔹 Домік павінен быць без шчылін, каб не было скразнякоў і ўнутр не трапляла вада.
🔹 Памер шчыліны-ўвахода – 15-20 мм. Усе астатнія памеры прыблізныя.
🔹 Лепш узяць не цвікі, а самарэзы.
🔹 На ўсіх унутраных сценках зрабі пілой ці стамескай гарызантальныя пазы, каб
кажаны маглі зачапіцца лапкамі – яны адпачываюць, вісячы галавой уніз.
🔹 Таксама зрабі такія ж прапілы на канцах сценак В і С, дзе яны выступаюць.
🔹 Абірай драўніну, не апрацаваную хімічнымі сродкамі.

Як падвесіць дамок для кажаноў?

Для ўмацавання вазьмі вязальны дрот або металічны трос.
Размясці домік на ствале дрэва (пажадана хвойнага) або будынка на
вышыні ад 3 да 6 метраў, лепш вышэй.
Лепш размяшчаць на адным дрэве некалькі домікаў наўкол ствала.
Домік трэба вешаць так, каб на яго не падала штучнае святло ўначы.
Вельмі добра, калі побач ёсць вадаём.

Кажаны аддзячаць табе! 🤗

📷 Фота Javier Ábalos, CC BY-SA 2.0, Flikr
🐦 Запрашаем цябе на Вясновы нацыянальны чэмпіянат па фотабёрдынгу!

📆 У суботу 27 красавіка ў цябе будзе магчымасць паназіраць за птушкамі ўволю, атрымаць незабыўныя ўражанні, прыгоды і неспадзяванкі.

Удзельнічаць могуць усе – і пачаткоўцы, і вопытныя птушкары. Не трэба вельмі добра разбірацца ў птушках і быць прафесійным фатографам.

Галоўная задача – за 6 гадзін сфатаграфаваць як мага больш відаў птушак у натуральных умовах.

Рэгістрацыя на чэмпіянат ужо адкрыта!

👛 Кошт удзелу для аднаго чалавека – 20 рублёў. Для ўладальнікаў абанемента “Дзікі клуб” і дзяцей да 18 год – бясплатна.

🤲 Увесь прыбытак ад чэмпіянату мы накіроўваем на прыродаахоўныя мэты.

Як мы дапамагаем захоўваць дзікую прыроду Беларусі, чытай па хэштэгу #ДзікіяЭкспедыцыі

Падзяліся гэтым допісам з тымі, хто цікавіцца птушкамі і фатаграфаваннем прыроды!

📷 На фота вялікі голуб (вяхирь), аўтар Валер Пясецкі, @ptushkafota
Запрашаем усіх на дзікую анлайн-лекцыю “Топ-10 птушак-рэкардсменаў Беларусі”!

Наш лектар – Віталь Кашчэеў, арнітолаг, фотаанімаліст і кальцавальнік птушак. Аднойчы акальцаваў 500 птушанят чаек-рыбачак (озерных чаек) за 5 гадзін. Змайстраваў і размясціў штучныя гнездзішчы для соцень птушак – сініц, соў, савукоў, сокалаў – і не толькі.

На лекцыі ты даведаешся цікавыя факты пра 10 відаў птушак Беларусі, якія адзначыліся рэкордамі або маюць незвычайныя суперздольнасці.

Якія птушкі могуць спаць у палёце?
Хто з птушак можа чуць пад вадой?
Якія птушкі робяць сабе “баракамеры” пад снегам?
У якой птушкі самы вялікі размах крылаў?

На гэтыя і шмат іншых пытанняў Віталь Кашчэеў адкажа падчас дзікай лекцыі. Калі ў цябе таксама ёсць пытанні, падрыхтуй іх загадзя – у цябе будзе магчымасць задаць іх у канцы лекцыі.

📆 Лекцыя пройдзе ў чацвер 25 красавіка а 19.00 анлайн на платформе Zoom.
👛 Кошт лекцыі – 15 рублёў, а для ўдзельнікаў “Дзікага клуба” – бясплатна.
👉 Купіць білет на лекцыю можна тут!

Далучыўшыся да лекцыі, ты падтрымліваеш дзікую прыроду Беларусі, бо ўвесь прыбытак мы накіроўваем на прыродаахоўныя мэты. Больш аб нашай працы чытай па хэштэгу #ДзікіяЭкспедыцыі

Падзяліся гэтым допісам з тым, хто цікавіцца птушкамі і дзікай прыродай! 🤗

📷 На фота – чырвонагаловы каралёк, аўтар Іна Шкурко.
💚 Гарадзенская Свіслач застанецца дзікай – дзякуючы працы нашых экспертаў!

Тэрыторыя #3 з 17

Гарадзенская Свіслач – неверагоднае месца, важнае для птушак і дзікай прыроды. Ведаеш пра яго? Сёлета тут налічылі пад 30 тысяч дзікіх гусей!

Гарадзенская Свіслач знаходзіцца ў Бераставіцкім і Гродзенскім раёнах. Зараз гэта заказнік мясцовага значэння плошчай каля 4880 га. Але ёсць шанс павысіць ахоўны статус заказніка да рэспубліканскага. 🔥

Гэтая тэрыторыя зараз унесена ў драфт Схемы рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўных прыродных тэрыторый рэспубліканскага значэння да 2035 году і ўзгоднена з землекарыстальнікамі і мясцовымі органамі кіравання. Схеме засталося яшчэ прайсці грамадскія абмеркаванні і зацвярджэнне Саветам Міністраў.

💧 Заказнік мае міжнародны статус Смарагдавай сеткі. Ён быў створаны для захавання ў натуральным стане водна-балотнага комплексу даліны ракі Свіслач, яе прытока – Верацейкі – і часткі рэчышчавага вадасховішча Гродзенскай ГЭС на Нёмане. Каштоўныя тут і лугі з лясамі, дзе захаваліся ўчасткі тыповых і рэдкіх біятопаў. Шмат і “чырванакніжных” відаў.

🐦 Заказнік мае яшчэ адзін міжнародны статус – Тэрыторыя, важная для птушак (ТВП). Увесну тут падчас міграцыі спыняюцца на месяц-два адпачыць дзясяткі тысяч дзікіх гусей.

👉 Гэта адна з 17 тэрыторый, у якіх з’явіўся добры шанс павысіць свой прыродаахоўны статус да 2035 года. Гэта стала магчыма дзякуючы працы нашых экспертаў і НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. Аб другіх важных каштоўных тэрыторыях раскажам у наступных допісах.

🤲 Хочаш падтрымаць ахову дзікай прыроды? Далучайся да “Дзікага клуба”, кліч з сабой сяброў! Увесь прыбытак ад клуба мы накіроўваем на прыродаахоўныя мэты.

Як мы дапамагаем ахоўваць дзікую прыроду Беларусі, чытай па хэштэгу #ДзікіяЭкспедыцыі

📷 На фота: балота Грайна, архіў ТАА “Дзікая прырода”.
На малюнках: Гарадзенская Свіслач на карце Беларусі, схема будучага заказніка.

#дзікіярэкі #свабодныярэкі #freerivers #wildrivers