Дзікая прырода побач
2.89K subscribers
2.6K photos
202 videos
2 files
1.29K links
ТАА "Дзікая прырода" 🌳🐺🐤

🌿 Навіны дзікай прыроды і птушкавання
🦡 Барсук Ясь запрашае цябе ў "Дзікі клуб"
🤲 Наш прыбытак ідзе на ахову дзікай прыроды Беларусі

Людзі - для дзікай прыроды, дзікая прырода - для людзей!
Download Telegram
​​Як птушкі выкарыстоўваюць натуральныя лекі для самалячэння? 💊🐦

Адным з самых вядомых прыкладаў заафармакагнозіі з'яўляецца выкарыстанне сойкамі мурашак (дакладней, іх кіслаты) для ачысткі апярэння ад паразітаў.🐜 “Мурашкаванне” або мурашыныя ванны сустракаюцца не толькі сярод соек, але і ў больш чым 200 відаў птушак.

Чыстка ад паразітаў з дапамогай мурашак можа набываць актыўную форму, калі птушка ловіць мурашку дзюбай і ўцірае яе ў пёры, або пасіўную, калі яна сядае на мурашнік, распраўляе крылы і хвост і чакае, каб мурашы самі распылялі кіслату на яе пёры, час ад часу дражнячы іх, каб “матываваць” на працу.

Бывае, што ў такіх выпадках гаворка ідзе не пра касметычныя працэдуры, а пра падрыхтоўку ежы – мурашак можна есці пасля таго, як пазбавіш іх ад непрыемнай мурашынай кіслаты. Так робяць шпакі, якія спачатку выціраюць мурашак аб пёры, а потым іх ядуць.

Птушкі гуахара, якія сустракаюцца ў Паўночнай Амерыцы, для догляду за апярэннем выкарыстоўваюць сок зялёнай шкарлупіны грэцкага арэха.

У Белавежскай пушчы сініцы прыносяць у свае гнёзды 12 відаў мохападобных раслін, якія яны збіраюць са ствалоў дрэў і ляснога падсцілу. Гэтыя расліны выдатна ўбіраюць ваду, што не дазваляе гнязду прамокнуць. Акрамя таго, яны, верагодна, абараняюць дарослых птушак і птушанят ад патагенных узбуджальнікаў хвароб. Гэта яшчэ не даказана, але чаму б і не? Даследаванні паказваюць, што шпакі паводзяць сябе падобным чынам, прыносячы ў свае гнёзды расліны з інсектыцыднымі і акарыцыднымі ўласцівасцямі, напрыклад, звычайную моркву або купалку.

🦜 Напэўна, ты памятаеш фільмы пра прыроду, у якіх папугаі, у асноўным ара, чапляюцца да вертыкальных скал над Амазонкай і ядуць гліну. Ёсць два асноўныя тлумачэнні такіх паводзін. Першае тычыцца нейтралізацыі таксічных уласцівасцяў атрутных раслін, якія яны ядуць. Другое тлумачэнне кажа пра багатыя рэсурсы натрыю, які птушкі такім чынам спажываюць (у мясцовай гліне яго ў 40 разоў больш, чым у раслінах).
Аднак у дадзеным выпадку з’явілася і трэцяе тлумачэнне. Гэта з'ява ўзмацняецца ў перыяд размнажэння. Геафагія дазваляе самкам кампенсаваць дэфіцыт макра- і мікраэлементаў.

🚬 Мексіканскія чаромашнікі збіраюць недакуркі і, выцягнуўшы з фільтра валокны, высцілаюць імі свае гнёзды. Яны навучыліся гэта рабіць, каб пазбавіцца ад паразітаў. Але ў гэтага метаду ёсць сур'ёзны недахоп - ён выклікае генатаксічнасць (то бок выклікае мутацыі, якія ў сваю чаргу могуць прывесці да раку). Эфекты гэтага дзеяння, аднак, расцягваюцца ў часе. Птушкі бачаць хуткі станоўчы эфект ад ужывання валокнаў, насычаных хімічнымі рэчывамі, – менш паразітаў у гнёздах. Але яны не могуць прадбачыць доўгатэрміновых наступстваў такіх паводзінаў – ранняй смяротнасці.

На поўдні Польшчы адзначана некалькі цікавых выпадкаў, калі крыжадзюбы-яловікі спажывалі розныя рэчывы. Некаторыя з іх елі гліну, змяшаную з попелам, у ачагу старой хаты, якая служыла прытулкам для турыстаў. Яны рабілі гэта ў прысутнасці сонных людзей! Іншыя елі драўняны вугаль, багаты кальцыем. Некаторыя елі глебу з гаршкоў з кветкамі.
Але, бадай, самае цікавае назіранне было пра паяданне раствору і цэглы з коміна, тынкоўкі са сцен будынкаў, іржы з чыгуначных рэек і старых сталёвых канатаў. 😯 Паколькі птушкі робяць гэта ў асноўным зімой, гаворка, верагодна, ідзе аб патрэбе ў пажыўных рэчывах і палягчэнні стрававання іх асноўнай ежы – насычанага смоламі цвёрдага насення іглічных.

👀 Назіранне за паводзінамі жывёл можа многаму навучыць нас і прывесці да адкрыцця новых, невядомых сродкаў і метадаў лячэння, у тым ліку людзей. Нічога дзіўнага ў гэтым няма, урэшце, мы таксама з’яўляемся жывёламі. Аказваецца, што многія метады лячэння, якія выкарыстоўваюцца ў народнай медыцыне, асабліва ў найменш развітых краінах, верагодна, паходзяць ад знахараў, якія назіралі за жывёламі падчас іх самалячэння.

Тэкст: Adam Zbyryt.
Пераклад: Алеся Птушка.
Фота: Мікалай Марозаў, https://elementy.ru/nauchno-populyarnaya_biblioteka/434425/Ptitsa_v_muraveynike.
#птушыныяцікавосткі
Вось такі прыгожы зімовы палявы верабейка. ❄️❤️

Улетку палявыя вераб'і галоўным чынам ядуць насякомых. А вось зімой у харчаванні пераважае насенне культурных і дзікарослых раслін.🌾

🐦 З усталяваннем снежнага покрыва чароды палявых верабʼёў распадаюцца на групы па 15-30 асобін і канцэнтруюцца ля жывёлагадоўчых фермаў ці ў населеных пунктах, дзе знаходзяць і кармы антрапагеннага паходжання. Пры гэтым птушкі трымаюцца ўскраін населеных пунктаў, што прылягаюць да палёў, пустак. У цэнтры гарадоў канцэнтруюцца каля рынкаў і крам. #птушыныяцікавосткі

📷 Дзякуем за фота каналу @ptu6ki.
Чаму ніхто не ставіць падабайкі круцігалоўцы (вертишейке)? 😒

Адным з самых непапулярных пастоў у мінулым месяцы стала публікацыя з круцігалоўкай. Самае цікавае, што ЎСЕ пасты пра круцігалоўку трапляюць у антытоп. 😦

Не крыўдзі круцігалоўкі, стаў ёй падабайкі, бо гэта такая ўнікальная птушка! ❤️

Па-першае, круцігалоўка – гэта дзяцел! Так, так, гэтая птушка належыць да сямейства дзятлавых. І ў адрозненне ад сваіх сваякоў, зімуе ў Афрыцы.

Цікава, што назву круцігалоўкі абумовілі паводзiны самкi. Калi патурбаваць птушку ў дупле, дзе яна выседжвае птушанят, яна пачынае гучна шыпець і плаўна выгінаць шыю, быццам змяя! 😮 #птушыныяцікавосткі

📷 Фота: Wouter van der Ham, Wikimedia Сommons.
​​Чаму сініцы стукаюць у акно?

🐦 Вялікая і сіняя сініцы – надзвычай разумныя птушкі. Іх здольнасці да вырашэння праблем і навучання сталі легендарнымі. Дастаткова прыгадаць, як на Брытанскіх астравах яны адкрываюць алюмініевыя накрыўкі малочных бутэлек, каб выпіць пажыўныя вяршкі, што ўтварыліся зверху. Вялікія сініцы таксама з'яўляюцца першымі птушкамі, якіх даследчыкі навучылі новаму навыку – двума спосабамі адкрываць спецыяльна пабудаваныя кармушкі (Оксфардскі ўніверсітэт).

З іншага боку, у чалавечай культуры распаўсюджана меркаванне, што калі сініцы стукаюць у вокны, – гэта нейкі магічны знак. Адныя кажуць, што гэта знак няшчасця і што хто-небудзь з сям'і хутка памрэ. Другія – што гэта прадвесце шчасця і дабрабыту ў сям'і.

Але аказваецца, што такія паводзіны не рэдкасць, і ў інтэрнэце можна знайсці шмат анекдатычных гісторый на гэтую тэму. У чым жа тут можа быць справа? 🤔

Па-першае, птушкі могуць змагацца з “парушальнікам”, адлюстраванне якога бачаць у шыбе. Аднак зімой, перад сезонам размнажэння (лістапад-студзень), калі барацьба за тэрыторыю яшчэ не набрала абароты, такой з'явы не павінна быць. Але калі казаць пра вялікую ці сінюю сініцу, то ў іх бываюць такія розныя тэмпераменты, што і гэтага нельга выключыць.

Другім магчымым тлумачэннем можа быць тое, што сініцы такім чынам “гавораць” людзям, што ў кармушцы няма ежы. Не наўпрост, вядома, а пры дапамозе асацыяцый. Разумным птушкам не так складана зразумець, дзе жыве чалавек, які рэгулярна папаўняе іх запасы. Таму, калі корм заканчваецца, справа зусім простая: трэба ляцець туды, адкуль з’яўляецца ежа.

Калі сініцы з'яўляюцца на падаконні, то чалавек можа падумаць, што гэта мае канкрэтнае значэнне – трэба пакарміць птушак. Нават магло здарыцца так, што сініца насамрэч пастукала ў акно, а чалавек успрыняў гэта як просьбу і выйшаў насыпаць семак у кармушку. Сініцы маглі звязаць такія паводзіны са з’яўленнем ежы і пачалі паўтараць гэтыя паводзіны. А чалавек стаў сабакам Паўлава "ў руках" сініц. Толькі замест таго, каб пускаць сліну, убачыўшы сініцу, ён выходзіць з дому са жменяй семак.

Пасля гэты навык мог хутка распаўсюдзіцца на мясцовую папуляцыю як імітацыя або сацыяльнае навучанне. Так адбылося на Брытанскіх астравах у выпадку ўзгаданых вышэй алюмініевых накрывак на малочных бутэльках. Сеткі знаёмстваў у сініц велізарныя, і абмен інфармацыяй паміж імі адбываецца надзіва хутка і дакладна. Чарговым птушкам не даводзілася б стукаць у шкло і самастойна аналізаваць факты. Яны пачалі гэта рабіць, таму што іншыя перадалі ім, што гэта працуе. Можна нават не разумець паслядоўнасці падзей. Важны канчатковы эфект. Стукаеш у шыбу – у кармушцы з’яўляецца корм. Вось так паўстае культура!

І ўрэшце, мабыць, найменш верагодная тэорыя, але і яе нельга назваць немагчымай. Сініцы выкарыстоўваць пастукванне па шкле для наўмыснага прыцягнення ўвагі. Тэорыя розуму ім не чужая, дык чаму б і не? 🐈 Коткі могуць падысці да гаспадара, мяўкаць, церціся аб яго ногі і накіроўваць яго да месца, дзе стаяць іх міскі, час ад часу спыняючыся і паварочваючыся, каб убачыць, ці гаспадар разумее іх жаданне і ці ідзе за імі, каб накарміць. Сабакі з той жа мэтай спачатку глядзяць нам у вочы, а потым на тое, што хочуць атрымаць. Чаму б гэтак сама не магла рабіць сініца? Нельга сцвярджаць, што гэта немагчыма.

Тэкст: Adam Zbyryt.
Пераклад: Алеся Птушка.
Фота: Іна Шкурко. #птушыныяцікавосткі
​​🦢Тое, што некаторыя лебедзі застаюцца на зімоўку, – нармальна. Для птушак не гэтак страшны холад, як голад.

З пачатку 21 стагоддзя зімы ў Беларусі галоўным чынам мяккія і маласнежныя. Але ў любую зіму птушкі лёгка могуць знайсці вадаём з адкрытай вадой ці пакарміцца ў палях. Пры патрэбе лебедзі могуць пералятаць за дзень нават на сотні кіламетраў! ☝🏻

Падобныя выпадкі вядомы беларускім арнітолагам, якія займаюцца кальцаваннем птушак. Кольцы могуць шмат чаго расказаць не толькі пра паходжанне, але і пра паводзіны птушак.

"У мяне былі акальцаваныя лебедзі ў Брэсце, – расказвае навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Іван Багдановіч. – У 2005 годзе была экстрэмальна халодная зіма, цягам тыдня начная тэмпература апускалася ніжэй за 35 градусаў. Аднойчы раніцай лебедзі зляцелі, а менш чым праз суткі іх бачылі ў Кракаве, у 300 км ад Брэста.

А на Крыніцы каля Мінскага мора кожны год зімавала пара лебедзяў з вывадкам, у студзені самка з птушанятамі прапала, а потым вярнулася да самца адна. Аднойчы яе з птушанятамі назіралі з вывадкам недалёка ад Гданьска, а праз два дні я бачыў яе з самцом на Крыніцы ўжо без вывадка. То бок яна адвяла птушанят у вырай на традыцыйныя месцы зімоўкі, а сама вярнулася да самца".
#птушыныяцікавосткі

Да 6 лютага праводзім зімовыя ўлікі вадаплаўных – далучайся і заахвочвай сяброў 👉🏻 ptushki.org/news/710600.html! 🤗

📷 Фота: Віталь Некрашевіч.
Сярод відаў фаўны Палесся, што знаходзяцца пад аховай, – беласпінны дзяцел. Ён любіць жыць у старых забалочаных лясах у поймах рэк.🌳

Аснова рацыёну беласпіннага дзятла – насякомыя, якіх ён здабывае з-пад кары засохлых дрэў. Паглядзі, як выглядае камель, на якім дзяцел шукаў ежу! 😮 У мёртвых падгнілых дрэвах гэтыя птушкі будуюць сабе жытло. Таму там, дзе жыве беласпінны дзяцел, забаронена высякаць любыя дрэвы.

🙅‍♂️ Каб забяспечыць птушкам спакой падчас гнездавання, з 1 сакавіка па 1 ліпеня побач з месцамі іх пражывання забаронена паляваць, збіраць дзікарослыя расліны, сокі дрэў, жывіцу. Нельга нават проста там хадзіць – выключэнне зроблена толькі для спецыялістаў, якія выконваюць службовыя абавязкі, вядуць навуковыя даследаванні ці працу па захаванні відаў.

☝🏻 У рамках праекта АПБ “Палессе – дзікая прырода без межаў” сёлета перададзена пад ахову тры месцы пражывання беласпіннага дзятла ў Лельчыцкім раёне. #wildpolesia #птушыныяцікавосткі

📷 Фота Даніэля Розэнгрэна (ФЗТ), Ігара Бышнёва (студыя AVES).
Вялікія коўры (большие поганки) ўжо катаюць сваіх малянят. 🐥🐣

🥚Звычайна ў кладцы 4-5 яек, радзей 3 ці 7. Птушаняты вылупляюцца на 27-28-ы дзень, яны ўжо апушаныя і могуць плаваць.

Як толькі вылупіліся, абсохшы, залазяць на спіну да аднаго з бацькоў, які наседжвае кладку, і закопваюцца ў пёры. Такім жа чынам маленькія птушаняты падарожнічаюць і па вадаёме. Робяць гэта яны нават тады, калі дасягаюць паловы росту дарослай птушкі. 😉

Першыя дзесяць тыдняў яны самі не могуць здабываць корм. Іх кормяць бацькі спачатку казуркамі, а потым рыбай. 🐟 У гэты час на вадаёме пастаянна чуваць піск птушанят, якія выпрошваюць ежу ў дарослых птушак.

Птушаняты добра плаваюць, але растуць павольна і доўга трымаюцца пры бацьках. Калі ў вывадку адно птушаня, то з ім застаецца толькі адзін з бацькоў. Калі птушанят больш, то праз 1-1,5 месяца вывадак падзяляецца, і кожны з бацькоў водзіць уласную групу. #птушыныяцікавосткі

📷 Дзякуй за фота @ptu6ki.
Цікавостка з сэксуальнага жыцця белых буслоў! 🥰

Буслы яднаюцца ў пары прыблізна за 30 дзён да адкладкі яек. За гэты час партнёры капулююць у сярэднім каля 160 разоў! 😯 Хоць самкі часта застаюцца ў гняздзе адны, асабліва непасрэдна перад адкладкай яек, пазапартнёрская капуляцыя (ці, іншымі словамі, здрада) адбываецца вельмі рэдка і толькі ў выпадку маладых сямейных пар.

Адкуль жа такая высокая сэксуальная актыўнасць у буслоў?
Не да канца вядома, але ёсць здагадка, што самцы такім чынам дэманструюць сваю фізічную форму. Пэўным пацверджаннем гэтай гіпотэзы можа быць той факт, што бацькі, якія часцей капулявалі са сваімі партнёркамі, потым больш актыўна кармілі сваіх птушанят.🐣 #птушыныяцікавосткі

Тэкст: Adam Zbyryt, https://www.facebook.com/Adam-Zbyryt-Cz%C5%82owiek-z-Puszczy-109952661725081.
Пеўчая і драпежная птушкі – здаецца, што гэта розныя полюсы свету птушак. Уявіць сабе шуляка (ястреба), які выводзіць трэлі, гэтак жа цяжка, як салаўя, які раздзірае цела ахвяры.😧

Але вялікі грычун (серый сорокопут) – пацверджанне, што ў прыродзе магчыма ўсё. Ён належыць да атраду вераб’інападобных, то бок пеўчых птушак. Але пры гэтым вядзе драпежніцкі лад жыцця – асноўную частку яго здабычы складаюць дробныя пазваночныя: жабы, яшчаркі, грызуны і птушкі, хоць буйнымі казуркамі ён таксама не грэбуе.

Дзюба ў яго магутная, кручкаватая, падобная да шуляковай, якая красамоўна сведчыць пра "прафесію" гэтай птушкі. #птушыныяцікавосткі

📷 Фота: Іна Шкурко, Вольга Жмура, t.iss.one/ptushkafota.
Здаецца, мы ведаем, кім хоча стаць гэта птушаня вялікай сініцы, калі вырасце – оперным спеваком! 🎶🥰

А каб усё атрымалася, трэба добра харчавацца, таму пакуль яно актыўна просіць ежу ў бацькоў.😅

Цікавы факт!
🐦 Вялікія сініцы – пладавітыя птушкі, звычайна адна пара за год робіць 2 вывадкі. У сярэднім самка адкладвае ў сваё гняздзечка да 12 яек! 🥚

🐣 Каб пракарміць столькі птушанят, "працоўны" дзень бацькі пачынаюць каля 04:00 і заканчваюць у 22:00. За дзень птушаняты атрымліваюць прыкладна 280 порцый корму (ад 4 да 20 порцый за гадзіну, у сярэднім 16)!

Дачнікам вельмі шанцуе, калі побач пасяляюцца вялікія сініцы. Яны знішчаюць шмат шкодных для гаспадаркі насякомых і вусеняў. 🐛 Калі ў цябе на ўчастку яшчэ няма сінічніка, ты можаш яго зрабіць сам_а. У каментарах пакінем схему. #птушыныяцікавосткі

📷 Фота: Іна Шкурко.