Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
9.81K subscribers
22.5K photos
476 videos
87 files
19.9K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
У Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі TikTok-старонку Славы Камісаранкі і сайт «s13.ru — Навіны Гродна»

Таксама ў «экстрэмісцкі спіс» трапілі старонкі ў Instagram «БЛАГОДIЙНИЙ ФОНД «ВIЛЬНА БIЛОРУСЬ», «Борисов», Telegram-каналы «ꑭ ᴠᴀʟʜöʟʟ ✙», «s13.ru — Новости Гродно», старонкі ў TikTok «Egor», «a_ivulin» «palatnomedia», «mini_pravda», «sti____o», «nevybory», «freedomby2020», «yuratestuchkaite», «nas97a».

Адзначым, што на старонку Камісаранкі ў TikTok падпісаныя 1,3 млн чалавек.
🇺🇳Незалежныя эксперты ААН збіраюць інфармацыю аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі

Дашліце ў ААН сваю гісторыю свайго пераследу, калі яна адбылася з 1 траўня 2020 года, уключаючы магчымыя гендэрныя аспекты такіх парушэнняў.

Каб распавесці сваю гісторыю, трэба запоўніць анкетку на рускай ці ангельскай мове. Апошні тэрмін прадастаўлення інфармацыі — 30 лістапада 2024 года.

Юрыдычная служба «Вясны» дапаможа вам карэктна сфармуляваць і распавесці сваю гісторыю рэпрэсій незалежным экспертам ААН. Калі ласка, звяртайцеся на @zvarot96 ці на [email protected]
Набыў моц прысуд па яшчэ адной завочнай справе

Судовая калегія Вярхоўнага суда разгледзела апеляцыйную скаргу па завочнай справе ў дачыненні да Яўгена Вільскага, Вадзіма Дзмітранка, Вольгі Карач, Анатоля Котава, Веранікі Цапкала. Нагадаем, у ліпені ім прызначылі па 12 гадоў пазбаўлення волі, а таксама вялікія штрафы — Котаву і Карач прызначылі штрафы ў 15 000 базавых (600 000 рублёў), Вільскаму і Дзмітранку ў 12 000 і 11 000 базавых адпаведна (480 000 і 440 000 рублёў), Цапкала — 1000 базавых (40 000 рублёў).

Фігурантаў справы абвінавачвалі паводле пяці артыкулаў — «змова або іншыя дзеянні з мэтай захопа дзяржаўнай улады» (ч. 1 арт. 357 КК), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК), «стварэнне экстрэмісцкага фармавання» (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК), «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК) і «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК).

Паведамляецца, што судовая калегія вырашыла прысуд пакінуць без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення.
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
❗️Журналіста Ігара Ільяша перавялі ў СІЗА ў Калядзічы

З гэтага вынікае, што яму афіцыйна прад’яўлена крымінальнае абвінавачанне, паведамляе @bajmedia.

Нагадаем, пра затрыманне Ігара Ільяша стала вядома 22 кастрычніка. Праўладныя тэлеграм-каналы пісалі, што Ільяш займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням» — даваў інтэрв'ю незалежным СМІ, а таксама нібыта «займаўся зборам звестак для замежных разведак» — даваў каментары ўкраінскім выданням.

Жонка Ігара — палітзняволеная журналістка Кацярына Бахвалава.
У Рэчыцы за «распаўсюд экстрэмізму» судзяць настаўніцу, а ў Ельску — намесніка дырэктара школы

29 кастрычніка ў Ельску паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) судзілі Пятра Міхайлавіча Патапенку. Гэтыя асабістыя звесткі цалкам супадаюць з асабістымі звесткамі намесніка дырэктара сярэдняй школы № 1 горада Ельска. Разглядаў судовы працэс суддзя Яўген Карнеявец. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.

А 31 кастрычніка ў Рэчыцы суддзя Станіслаў Іванюценка паводле таго самага артыкула адміністрацыйнага кодэкса будзе судзіць настаўніцу англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Вольгу Валер’еўну Герус.

Крыніца: Гомельская Вясна
70-гадовага былога палітвязня будуць судзіць за «распаўсюд экстрэмізму»

Аляксандр Патапаў з вёсцы Хатоля Віцебскай вобласці быў затрыманы напрыканцы жніўня 2022 года ў межах крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі ў каментарах у «Аднакласніках».

Мужчына паходзіць з Украіны. Падчас ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сур'ёзна параненая. Пасля гэтага, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 года Патапаў размясціў у сацыяльнай сетцы два каментары, якія экспертыза палічыла «абразлівымі». Пазней мужчыну асудзілі да 2 гадоў калоніі.

Пенсіянер вызваліўся гэтай вясной, цалкам адбыўшы тэрмін.

Заўтра Патапава будуць судзіць у судзе Віцебскага раёна. Цяпер мужчыну абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Судзіць будзе Міхаіл Зубеня, піша @vitebsk_info.
📝Нагадваем кантакты Праваабарончага цэнтру «Вясна»

🔹Паведаміць пра затрыманне, даслаць інфармацыю з судовых пасяджэнняў: Telegram-бот @viasna_bot | @ViasnaSOS, @SOSViasna;
🔹Звярнуцца па дапамогу па юрыдычных пытаннях, абскардзіць дзеянні дзяржаўных органаў: @zvarot96 | [email protected];
🔹Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з жорсткім абыходжаннем за кратамі: @ViasnaDOC | [email protected];
🔹Распавесці сваю гісторыю журналістам «Вясны»: @Viasnainfo | [email protected].

📍Кантакты рэгіянальных прадстаўніцтваў «Вясны»: Бабруйск@babrujskspring; Барысаў — @Spring_help_r; Брэст@Nadbuzanski, @BrestSOS; Гомель — @homelspring; Магілёў — @maydayhelp, @mspring_help; Маладэчна@Maladecza_help; Наваполацк@impaynes; Віцебск — @Viciebsk_spring; Светлагорск — @svietlahorskspring

❗️Афіцыйныя кантакты ПЦ «Вясна» можна паглядзець у апісанні @viasna96 ці на старонцы «Кантакты» на spring96.org

⁉️«Вясну» прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»: як цяпер супрацоўнічаць з намі?
За два дні кастрычніка ў Расіі па запыце Беларусі затрымалі больш за 140 чалавек

У краінах СНД 23 і 24 кастрычніка прайшло міждзяржаўнае комплекснае спецмерапрыемства «Вышук».

Падчас гэтай аперацыі шукалі абвінавачаных, зніклых без вестак, людзей, якія хаваюцца ад крымінальнага пераследу ці ўхіляюцца ад адбыцця пакарання, а таксама адказчыкаў па грамадзянскіх і эканамічных справах, піша «Еўрарадыё».

Агулам на тэрыторыі СНД былі затрыманыя больш за 300 чалавек, абвешчаных у вышук у Беларусі. Прычым амаль палова з іх (больш за 140) была затрыманая ў Расіі.
Стала вядома, за што будуць судзіць кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука

50-гадовы Дзмітрый — былы старшыня партыі «Зялёныя» (партыю ліквідавалі ў ліпені 2023 года). Ён узначальваў адкрытае акцыянернае таварыства «МС Заходняя» — гэта прадпрыемства, якое збірае і перапрацоўвае адкіды. Мае дарослую дачку.

Дзмітрыя затрымалі 16 лютага каля расійскай амбасады. Кучук прыйшоў, каб ускласці кветкі ў памяць пра памерлага палітыка Аляксея Навальнага. Праз месяц стала вядома, што супраць Дзмітрыя завялі крымінальную справу.

Імя Кучука з'явілася ў раскладзе судоў. Разглядаць яго справу пачнуць 22 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах — «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).

Судзіць яго будзе Алена Шылько, піша «Наша Ніва».
💌Беларусы Масквы далучыліся да імпрэзы памяці, якая праводзіцца ва ўсім свеце 30 кастрычніка, і адправілі віншаванне з Днём народзінаў палітзняволеннай журналістцы Кацярыне Бахвалавай (Андрэевай)

Разам з журналісткай Дар'яй Чульцовай Кацярына стала фігуранткай крымінальнай справы, пасля прамога эфіру з месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «Плошчы Пераменаў» у Мінску 15 лістапада 2020 году. 18 лютага 2021 года яна была асуджаная на два гады пазбаўлення волі з накіраваннем у папраўчую калонію агульнага рэжыму.

7 красавіка 2022 года стала вядома, што журналістцы выстаўлена новае абвінавачванне — у «здрадзе дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК). Суддзя Алег Харошка прызначыў Кацярыне 8 гадоў і 3 месяцы ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
📸36 гадоў таму ў Беларусі адбыўся першы масавы мітынг — Дзяды-88

Першы масавы мітынг у Беларусі і адзін з самых масавых мірных мітынгаў на прасторы тагачаснага СССР адбыўся ў Мінску 30 кастрычніка 1988 года — у дзень памінання продкаў «Дзяды». Ён быў жорстка разагнаны ўладамі — з выкарыстаннем слёзатачывага газу і вадамётнай тэхнікі.

Заяўка на правядзенне «Дзядоў-88» была пададзена ад Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя». Гэта была «нефармальная» арганізацыя маладых пісьменнікаў, якая дзейнічала ў 1986—1989 гадах. Яе старшынёй з’яўляўся Алесь Бяляцкі. Ён, адзін з арганізатараў акцыі, атрымаў афіцыйнае папярэджанне пракуратуры — што ў выпадку масавых беспарадкаў будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, і ўпершыню быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Дзелячыся ўспамінамі праз 20 гадоў, Алесь Бяляцкі сказаў, што падчас акцыі «Дзяды» ў 1988 годзе беларусы ўпершыню за 70 гадоў кінулі выклік уладзе.

Фота: vytoki.net

FreeAles.org