Адраджэнне
82 subscribers
65 photos
1 video
1 file
34 links
Канал Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага пераходнага кабінета
Download Telegram
Як выглядалі б выбітныя беларускі ў сучасных фотапартрэтах

Што будзе, калі ўзяць карціны, гравюры і архіўныя выявы дзесяці выбітных жанчын Беларусі і з дапамогай штучнага інтэлекту ўявіць, як маглі б выглядаць іх сучасныя фотапартрэты? Так, нібы яны пазіруюць для папулярнага выдання пра моц, годнасць і ўплыў.

Рагнеда, Еўфрасіння Полацкая, Соф’я Слуцкая, Зоська Верас і іншыя — не проста постаці з легенд ці падручнікаў, а жанчыны, што змянялі рэальнасць.

Кожная з іх была яскравай прадстаўніцай свайго часу, мела свой голас, сваю форму супраціву, сваё бачанне краіны і яе будучыні.

У межах Месяца сапраўднай гісторыі мы ў Прадстаўніцтве па нацыянальным адраджэнні вяртаем ім месца ў сучаснай візуальнай памяці.

Усе выявы зроблены з дапамогай REVE.APP.

#ВяртаемГісторыю
#ViartajemHistoryju
#СапраўднаяГісторыя
#SapraŭdnajaHistoryja

@revivalbelarus
🔥3❤‍🔥1
Павел Баркоўскі: Слуцкі збройны чын — гераічная старонка гісторыі Беларусі

105 гадоў таму, 26–27 лістапада, адбыліся першыя сутыкненні Слуцкай брыгады БНР з Чырвонай арміяй. Так распачаўся Слуцкі збройны чын — антысавецкае паўстанне за незалежнасць Беларусі. Больш за месяц працягвалася змаганне, і ў снежні 1920 года частка сыходзіла ў партызаны і працягвала супраціў у лясах на Капыльшчыне.

Павел Баркоўскі, Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні, лічыць, што гэта гераічная старонка гісторыі Беларусі, якая нагадвае пра альтэрнатыўныя шляхі будучыні, якімі магла б развівацца наша краіна.

«Сёння дзяржаўныя ідэолагі сцвярджаюць, што адзінай ухваленай беларусамі і рэальнай крыніцай дзяржаўнасці ў ХХ ст. была Беларуская савецкая рэспубліка. Але падзеі слуцкага паўстання паказваюць, што ладная частка нашых землякоў звязвала сваю будучыню і надзею з незалежнай нацыянальнай дзяржавай, якой для іх была на той момант БНР. Свой выбар гэтыя людзі гатовыя былі бараніць са зброяй у руках.

Мы ведаем, што сілы аказаліся несупастаўныя, і барацьбіты за незалежнасць прайгралі. Але іх подзвіг працягвае натхняць нас і сёння. Добрым адлюстраваннем тых падзей і ахвяры, якую прынеслі гэтыя людзі, з’яўляецца незаслужана забыты фільм «На чорных лядах».

Беларусам ёсць чым ганарыцца ў сваёй гісторыі. Яна сведчыць пра нашу мужнасць і вернасць ідэалам, жаданне існаваць на ўласных падставах», — кажа Баркоўскі.

Паводле яго, імперскія наратывы з Масквы насаджаюць, быццам беларусы заўжды імкнуліся да «братэрскага саюза з Расіяй». Але гісторыя Слуцкага збройнага чына даказвае, што для беларусаў незалежнасць была і застаецца адной з прынцыповых каштоўнасцяў.

«Гэта даказвалі ўсе паўстанні XIX ст., гэта давялі і бацькі-заснавальнікі БНР, гэта сцвярджалі ваяры, што са зброяй у руках баранілі права беларусаў людзьмі звацца ў ліхалецці ХХ ст.

Сёння іх справу працягваюць мужныя беларускія дабраахвотнікі ва Украіне, якія змагаюцца за вашу і нашу свабоду. Вечная памяць героям. Жыве Беларусь!» — падкрэсліў Баркоўскі.

@revivalbelarus
🥰3❤‍🔥1👍1
Як пачаць даследаваць гісторыю сваёй сям’і

Калі мы кажам пра гісторыю, то часцей за ўсё ўяўляем гісторыю краіны, рэгіёна, падзей і дат. А што, калі гісторыя — гэта найперш гісторыя кожнай асобнай сям’і? Гісторыя тых, хто быў да нас: іх лёсаў, выбараў і шляхоў, і таго, як мы звязаныя з імі сёння. На гэтыя пытанні адказвае радавод.

Часта здаецца, што даследаваць свой род складана: трэба знайсці архівы, у іх — патрэбныя дакументы. Але на самай справе гэта больш даступна, чым падаецца. І ёсць людзі, якія ўжо ведаюць, як зрабіць першыя крокі ў аднаўленні ўласнага радаводнага дрэва.

Адзін з такіх экспертаў — Ігар Станкевіч, журналіст і даследчык, які ўжо больш за дваццаць пяць гадоў займаецца генеалогіяй і вывучэннем рэпрэсаваных родаў. Ён ведае пра архіўныя абмежаванні, пра тое, як шукаць інфармацыю, як правяраць сямейныя легенды і што рабіць, калі дакументаў амаль не засталося. Ён збірае гісторыі сямей, вяртае ім памяць і вучыць іншых рабіць тое самае.

Для тых, хто даўно хацеў «дабрацца да каранёў», але не ведаў, з чаго пачаць, існуе бясплатны анлайн-курс Ігара Станкевіча «Радавод: аднаўляем гісторыю сваёй сям’і і краіны».

Гэта добрая стартавая кропка для ўсіх, хто хоча зразумець, дзе і як шукаць інфармацыю, як пераўтварыць старую скрыню з фотаздымкамі ў гісторыю, а не ў хаос, аднавіць сямейную памяць і перадаць яе дзецям.

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні рэкамендуе сачыць за наборам на сайце www.nationofleaders.org, каб не прапусціць наступны старт курса, запланаваны на вясну 2026 года.

#ВяртаемГісторыю
#ViartajemHistoryju
#СапраўднаяГісторыя
#SapraŭdnajaHistoryja

@revivalbelarus
❤‍🔥1👍1
Дзякуй, што былі з намі: падводзім вынікі Месяца сапраўднай гісторыі

Месяц сапраўднай гісторыі падыходзіць да завяршэння, і мы хочам шчыра падзякаваць усім, хто далучыўся да нашай акцыі.

Дзякуй кожнай і кожнаму, хто чытаў, глядзеў, дзяліўся, абмяркоўваў, ставіў падабайку! Разам мы стварылі прастору, у якой беларуская гісторыя гучала глыбей, шырэй, бліжэй і з розных бакоў.

Асобная падзяка — партнёрам і ініцыятывам, якія ўжо скарысталіся нашым хэштэгам, рабілі свае праекты і падымалі важную тэму.

Але на гэтым мы не спыняемся. Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні будзе і надалей расказваць новыя гісторыі, даваць экспертныя каментары, дзяліцца падборкамі і візуальнымі праектамі пра нашу гісторыю.

Дзякуй за тое, што былі з намі.

#ВяртаемГісторыю
#ViartajemHistoryju
#СапраўднаяГісторыя
#SapraŭdnajaHistoryja

@revivalbelarus
8❤‍🔥2🙏1
Лекцыя па-беларуску: Цімаці Снайдэр пра новы погляд на гісторыю Беларусі

Беларускі інстытут публічнай гісторыі @beliph апублікаваў беларускамоўную версію адной з найважнейшых лекцый пра Беларусь апошніх гадоў — выступ вядомага амерыканскага гісторыка Цімаці Снайдэра «Беларусь: старажытная і сучасная. Новы погляд на гісторыю Цэнтральнай Еўропы». Лекцыя адбылася 27 чэрвеня 2025 года ў Венскім музеі.

Агучыў гэту лекцыю купалавец, знакаміты актор Алег Гарбуз.

У сваёй лекцыі Снайдэр прапануе інакш паглядзець на Беларусь — не як на «ўскраіну», а як на важны цэнтр еўрапейскай гісторыі. Ён паказвае, як праз беларускія землі стагоддзямі праходзілі сутыкненні і дыялог цывілізацый, як тут узнікалі палітычныя формы і культурныя традыцыі, якія моцна ўплывалі на рэгіён.

Гісторык таксама крытычна аналізуе аўтарытарныя міфы пра «адзіны народ», якія спрабуюць сцерці унікальную беларускую гісторыю, і тлумачыць, чаму менавіта разнастайнасць і адкрытасць робяць беларускі досвед часткай еўрапейскай гісторыі, а не яе перыферыяй.

Паслухаць лекцыю з беларускай агучкай цяпер можна на YouTube-канале Беларускага інстытута публічнай гісторыі. Для тых, хто хоча хутка ўхапіць галоўныя думкі, «Наша Ніва» падрыхтавала важныя вытрымкі з выступу.

Гэта лекцыя — для ўсіх, хто хоча бачыць Беларусь у еўрапейскім кантэксце, разумець яе гістарычную сабранасць і пазбавіцца ад штучна навязаных міфаў.

#ВяртаемГісторыю
#ViartajemHistoryju
#СапраўднаяГісторыя
#SapraŭdnajaHistoryja

@revivalbelarus
👍5❤‍🔥32
Аб чым беларускія медыя пішуць больш — пра культуру ці пра Лукашэнку?

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні прааналізавала культурна-гістарычны кантэнт найбуйнейшых беларускіх тэлеграм-каналаў дзяржаўных і незалежных СМІ за перыяд 18–25 лістапада.

Параўноўваліся два паказчыкі: колькасць згадванняў прозвішча «Лукашэнка» і колькасць публікацый пра беларускую культуру і гісторыю (у пазітыўным, інфарматыўным, адукацыйным або даследчым кантэксце).

Мы адбіралі пасты без ідэалагічнага налёту і без уліку міжнародных навін па тэме. Вынікі атрымаліся даволі красамоўныя.

Зеркало @zerlako_io

Абсалютны рэкардсмен па клікбэйце з Лукашэнкам сярод прааналізаваных незалежных медыя. Нагоды з’яўляюцца нават там, дзе выказванні палітыка не маюць грамадскага значэння. Культурны кантэнт пераважна рэпрэсіўны: пра чарговыя затрыманні, суды, ціск на дзеячаў культуры. Унікальных пазітыўных матэрыялаў пра культуру за тыдзень не было.

Наша Ніва @nashaniva

Таксама нямала клікбэйту пра выказванні Лукашэнкі. Разам з тым — адна з найбольш актыўных пляцовак па гістарычнай тэматыцы. Можна знайсці навіны і пра спадчыну, і пра сучасныя культурныя праекты, значная частка культурных пастоў — пра супраціў навязванню расейска-савецкай культуры. Асноўны кантэнт — перадрукі з іншых крыніц.

Белсат @belsat

Адзінкавая колькасць згадванняў Лукашэнкі і нават асобны выпуск пра тое, ці варта цытаваць яго наогул. Затое па культуры — упэўнены лідар. Самы насычаны тэлевізійны і тэкставы кантэнт сярод усіх прааналізаваных СМІ. І што важна — уласная вытворчасць, арыгінальныя тэксты і сюжэты.

Reform @reformby

Шмат навін у цэлым — натуральна, згадкі Лукашэнкі таксама з’яўляюцца часта. Навін пра Лукашэнку і культуру амаль пароўну. Культурна-гістарычныя пасты пераважна інфармацыйныя: пра падзеі, адкрыцці, мерапрыемствы, даследаванні.

Nexta @nexta_tv

Агулам малаактыўны канал. За тыдзень не было ніводнай культурнай навіны і чатыры пасты, дзе згадваецца Лукашэнка.

Дзяржаўныя СМІ

Можна падводзіць вынік адным сказам: кожнае дзеянне Лукашэнкі — навіна. Культурныя і гістарычныя навіны часцей ідэалагізаваныя, таму не траплялі ў падлік.

У кожным з тг-каналаў (СБ, АТН, БелТА) за тыдзень Лукашэнку згадвалі больш як 50 разоў. Культура была прадстаўленая ў выглядзе дзяржкампаній, сюжэтаў пра «генадцыд беларускага народа», ідэалагізаваных праектаў і ўласнага забаўляльнага кантэнту (русіфікаванага). Жывой і сапраўднай беларускай культуры — амаль не назіралася.

Што ўсё гэта азначае?

Дзяржаўныя СМІ жывуць у рэжыме абавязковай прысутнасці Лукашэнкі. Таму ён ператвараецца ў цэнтр усяго інфармацыйнага поля, а культура — у нагоду для ідэалагічнай апрацоўкі мазгоў.

Незалежныя СМІ — значна больш збалансаваныя, але нават сярод іх ёсць перакосы. Зеркало і «Наша Ніва» падкормліваюць увагу аўдыторыі да Лукашэнкі праз клікбэйтныя загалоўкі незалежна ад таго, ці ўплывае сказанае гэтым персанажам на дзяржпалітыку Беларусі або не. «Белсат» і Reform паказваюць, што можна рабіць навіны інакш, насычаючы інфармацыйнае поле культурнымі сэнсамі.

Калі б палітычная фігура не дамінавала ў медыйным полі, незалежныя СМІ маглі б даваць значна больш матэрыялаў пра гісторыю, спадчыну і сучасную беларускую культуру. А вось дзяржаўныя СМІ без Лукашэнкі проста страцілі б апорную канструкцыю ўсёй сваёй «інфармпрацы».

@revivalbelarus
7👍1👎1🔥1
Семінар у Вільні: «Беларусь і краіны былога Савецкага Саюза на шляху пазбаўлення каланіяльнай спадчыны»

18 снежня з 13:30 да 20:00 у Вільне адбудзецца экспертны семінар, падчас якога ўдзельнікі абмяркуюць палітыку 4Д: дэкамунізацыі, дэідэалагізацыі, дэкаланізацыі і дэімперыялізацыі, якая з’яўляецца адным з падмуркаў Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця. Мерапрыемства пройдзе ў фарматах афлайн і анлайн.

Павел Баркоўскі, Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні, адзначае: «На гэтым семінары мы зробім яшчэ адзін крок у напрамку асэнсавання і выбудоўвання сваёй ідэнтычнасці па-за межамі навязанай Расіяй каланіяльнай палітыкі і (пост)каланіяльнага мірапогляду».

Што абмяркуюць на семінары:

– Ці пасуюць падыходы дэкаланіяльнай тэорыі ў дачыненні да краін, якія знаходзяцца ў зоне ўплыву Расіі, і ці з’яўляюцца яны калоніямі ў класічным сэнсе?

– Які сэнс мы ўкладаем у слова «дэкаланізацыя», калі размаўляем пра грамадскія практыкі і палітыку памяці ў краінах, якія ўваходзілі ў Савецкі Саюз?

– Што можа быць акрэслена як кірункі каланіяльнага ўплыву ў дачыненні да культур Беларусі і краін Балтыі, Украіны, Казахстана?

– Ці з’яўляецца расійская мова адназначным правадніком каланіяльнай палітыкі ў суседніх з Расіяй краінах?

- Якія гістарычныя наратывы і фармулёўкі навязваюць каланіяльнае ўспрыняцце супольнага мінулага?

- Ці бачаць сябе краіны, якія ўваходзілі ў Савецкі Саюз, наўпрост, не праз пасярэдніцтва расійскіх медыя і культуры?

У 18:00 адбудзецца адкрытая дыскусія «Выклікі дэкаланізацыі ў краінах былога Савецкага Саюза: ці магчыма выкарыстоўваць традыцыйныя інструменты аналізу ў маштабах Беларусі і рэгіёну?».

Удзельнікі дыскусіі:

Павал Церашковіч
Тарас Бык
Антон Сайфулаеў
Вольга Галубка
Тоні Лашдэн
Алег Магалецкі
Андрэй Лаўрухін

Мадэратар — Павал Баркоўскі.

Рэгістрацыя для прадстаўнікоў медыя і гасцей:
https://forms.gle/c9gveKojk3Ncm38AA
5👍4❤‍🔥2
Памёр журналіст Мікіта Мелказёраў

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні выказвае свае спачуванні з нагоды раптоўнай смерці журналіста Мікіты Мелказёрава.

«Мікіта быў прыкладам чалавека, які дастаткова позна адкрыў для сябе беларускую справу, але здолеў уключыцца ў яе вельмі прадуктыўна і апантана.

Ён прыняў свядомае рашэнне пачаць рабіць свае перадачы на канале «Жыццё — маліна» і іншых на беларускай мове, уключаць больш нацыянальна-культурнага і гістарычнага кантэнту ў свае матэрыялы. Гэта яскравы прыклад таго, што мы ў стане рабіць для падтрымкі нацыянальнай ідэнтычнасці, мовы і культуры. Арыгінальны аўтарскі стыль перадач і рэпартажаў Мікіты спрычыніў многіх людзей да пераадкрыцця беларушчыны для сябе, стаў мастком для вяртання да каранёў уласнай ідэнтычнасці.

Заўчасная смерць маладога і таленавітага творцы — гэта вялікая трагедыя і драматычная падзея для ўсёй беларускай супольнасці.

Нашы думкі назаўжды застануцца з памяццю пра значны наробак Мікіты Мелказёрава як журналіста і патрыёта Беларусі. І наша задача цяпер — перахапіць ад яго гэтую эстафету адраджэння беларускай нацыянальнай павесткі і падключацца кожнаму і кожнай у большай ступені да беларускай справы.

Гэта заклік, скіраваны не толькі да калег Мікіты — журналістаў і блогераў, але і да ўсіх нас. Бо ўсе нашы ахвяры будуць недарэмнымі, калі мы зможам перадаць гэты агеньчык беларускага адраджэння наступным часам і пакаленням», — сказаў Павел Баркоўскі.
10🙏6
Андрэй Лаўрухін: Вынікі 2025 года ў адукацыі і навуцы. Частка 1

2025 год быў багаты на навукова-адукацыйныя падзеі для беларусак і беларусаў як унутры Беларусі, так і за яе межамі, упэўнены Андрэй Лаўрухін, адказны па пытаннях адукацыі і навукі ў Прадстаўніцтве па нацыянальным адраджэнні.

Ён вылучыў найбольш істотныя тэндэнцыі і трэнды, якія маюць сярэдне- і доўгатэрміновы характар і якія сталі адметнымі за гэты год.

Унутры краіны працягваюцца рэпрэсіі ў адрас іншадумцаў і імкліва ўзрастае працэс індактрынацыі і палітызацыі адукацыі і навукі. Быў уведзены цэлы шэраг новых правіл і працэдур, якія сведчаць аб паступовым пераходзе ад аўтарытарных да таталітарных формаў кіравання адукацыяй і навукай.

Ва ўмовах (сама)ізаляцыі ад развітых краін свету нарастае інтэграцыя навукова-адукацыйнай прасторы Беларусі ў Расію і значна пашырылася ўзаемадзеянне з Кітаем.

Мы назіраем мілітарызацыю дзяцінства. Але ў выпадку сканчэння вайны ва Украіне, незалежна ад якасці мірных дамоў, ёсць спадзеў на ўлагоджванне ваенна-патрыятычнай рыторыкі і зніжэнне тэмпаў мілітарызацыі дзяцінства.

У 2025 годзе назіраўся значны рост колькасці кітайскіх студэнтаў, якія вучацца ў беларускіх ВНУ. Сёння гэта каля 11 тыс. студэнтаў, ці больш за 35%. Гэты трэнд будзе працягвацца, але яго ўплыў на адукацыйную і навуковую прастору Беларусі не трэба перабольшваць.

Беларуская дыяспара за межамі краіны застаецца адзінай прасторай свабоды і магчымасцяў узняць голас ад імя дэмакратычнай акадэмічнай і навуковай супольнасці Беларусі. Пры гэтым застаецца невырашанай праблема ўзаемасувязі і прадуктыўнага ўзаемадзеяння паміж беларускамі і беларусамі ўнутры краіны і па-за яе межамі.

Працяг ніжэй
👍2
Андрэй Лаўрухін: Вынікі 2025 года ў адукацыі і навуцы. Частка 2

Навуковая міграцыя і камунікацыя

Істотна пагоршыліся магчымасці акадэмічнай і навуковай міграцыі, камунікацыі і ўзаемадзеяння з навуковай і акадэмічнай супольнасцю развітых дэмакратычных краін свету. Гэтаму спрыяў цэлы шэраг фактараў (сама)ізаляцыі як унутры краіны, так і з боку дэмакратычных краін.

Адток дзяцей і моладзі

Змены ў «Кодэкс аб адукацыі» (п. 15 артыкула 2) паказваюць, што дзяржава не спраўляецца з адтокам дзяцей і моладзі з краіны і імкнецца ўтрымліваць іх у дзяржаўнай сістэме адукацыі любымі метадамі. Ёсць падставы меркаваць, што ў бліжэйшы час, як мінімум у 2026 годзе, гэты трэнд працягнецца і набудзе больш жорсткія і брутальныя формы.

Залежнасць ад Расеі

Залежнасць беларускай адукацыі і навукі ад Расеі значна ўзрасла. Гэта бачна праз шматлікія міждзяржаўныя праекты, фінансавую падтрымку і стварэнне інфраструктуры расейскіх адукацыйных устаноў, фондаў і прадстаўніцтваў. Ва ўмовах адсутнасці еўрапейскай падтрымкі яна мае безальтэрнатыўны характар. Амаль усё міжнароднае ўзаемадзеянне рэдукавалася да Расеі і цытаванняў у РІНЦ.

«Рускі свет» і мілітарызацыя

Новыя падручнікі па гісторыі Беларусі, ваенна-патрыятычныя дысцыпліны і пазашкольныя мерапрыемствы спрыяюць пашырэнню індактрынацыі дзяцей ідэалогіяй «рускага свету». Мы бачым мілітарызацыю дзяцінства ў рускім стылі і расейскую каланіялізацыю беларускай адукацыйнай і навуковай прасторы.

Русіфікацыя

Русіфікацыя беларускай адукацыйнай прасторы выйшла на якасна новы ўзровень. За апошнія 5 гадоў колькасць дашкольнікаў, якія навучаюцца на беларускай мове, знізілася з 9,7 % да 8,7 % ад іх агульнай колькасці, у сярэдніх адукацыйных установах — з 15 % да 8,6 %, а доля навучэнцаў па-беларуску ў вышэйшых навучальных установах Беларусі захоўваецца на ўзроўні арыфметычнай хібнасці — 0,2 %.

Сабатаж рускай ідэалогіі

Русіфікацыя таксама мае свае пэўныя абмежаванні — як дзякуючы масаваму непрыманню расійскай місіянерскай ідэалогіі, так і дзякуючы сабатажу ідэалогіі «рускага свету» на розных узроўнях. Але тэндэнцыя расейскай каланіялізацыі і (сама)каланіялізацыі ў выніку пяцігадовага выпільвання Беларусі з еўрапейскай акадэмічнай і навуковай прасторы, на жаль, будзе працягвацца.

Негатыўны імідж беларускай навукі

Беларуская навука адыгрывае значную ролю ў забеспячэнні расійскага ВПК. Гэта негатыўна адбіваецца на іміджы беларускай навукі ў цэлым: забароны і абмежаванні ў дачыненні да студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцяў, а таксама санкцыі ў адрас беларускіх вучоных будуць, хутчэй за ўсё, узмацняцца.

Кітайскія студэнты

У 2025 годзе быў падпісаны шэраг дэкларацый, накіраваных на паглыбленне супрацоўніцтва Кітая і Беларусі ў сферы вышэйшай адукацыі і навукі па напрамках рэалізацыі сумесных навукова-тэхнічных праектаў, развіцця лічбавай адукацыі і пашырэння акадэмічнай мабільнасці. У планах на 2026 год застаецца падпісанне 13 дагавораў аб супрацоўніцтве паміж кітайскімі і беларускімі партнёрамі.

Беларуская дыяспара

У 2025 годзе прайшло шмат навукова-адукацыйных мерапрыемстваў. Гэта сведчыць аб жыццяздольнасці беларускай супольнасці і магчымасцях быць праактыўнымі, прадуктыўнымі і крэатыўнымі нават у неспрыяльных умовах. Створаныя арганізацыі і ініцыятывы, дзейнасць экспертаў і іншыя крокі даюць сціплую надзею на новую, больш аптымістычную і перспектыўную будучыню.
👍31
Вынікі працы Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні ў 2025 годзе

Павел Баркоўскі, Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні, падвёў вынікі года. Паводле яго, галоўным трэндам 2025 года было істотнае паскарэнне працэсу «нацыянальнага выраджэння» ў Беларусі з адначасовым істотным узмацненнем культурніцкіх, творчых і адукацыйных высілкаў беларусаў і беларусак у эміграцыі.

Беларуская мова

Калі звярнуць увагу на тое, што адбываецца ў галіне падтрымкі беларускай мовы як дзяржаўнай у краіне, мы бачым істотнае яе скарачэнне ў публічным жыцці і адукацыйнай сістэме. Яшчэ менш беларускай мовы можна пабачыць на паліцах кніжных крам, у пастаноўках беларускіх тэатраў ці на сцэне.

Скарацілася колькасць дзяцей, якія навучаюцца па-беларуску ў школах, так і не з’явілася ніводная вышэйшая навучальная ўстанова з беларускай мовай выкладання ў Беларусі. Беларуская мова знішчаецца з грамадскіх прыпынкаў і з назваў вуліц і мястэчак.

У той жа час значна павялічваецца колькасць творцаў, якія выкарыстоўваюць беларускую мову як сродак сваіх мастацкіх выказванняў, нават калі раней яны больш карысталіся расійскай; выходзіць усё больш кніг і перакладаў, з’яўляецца больш новых выдавецтваў, тэатральных і музычных праектаў па-за межамі Беларусі.

Культура, адукацыя і гістарычная памяць

Мы захавалі буйныя пляцоўкі фестываляў і прэмій. Гэта сведчыць пра тое, што культурніцкі працэс нарастае. Нам ёсць што прадстаўляць шырокай беларускай публіцы і чым ганарыцца.

Працуюць новыя стратэгічныя ініцыятывы, якія ствараюць уласныя палітыкі ў галіне гістарычнай памяці, мовазнаўства, мастацкай і кніжнай справы. Гэта Беларускі інстытут публічнай гісторыі, Інстытут беларускай мовы, Інстытут кнігі, Беларуская кінаакадэмія, Інстытут тэатра і шмат якія іншыя. У гэтым годзе была заснаваная новая кнігавыдавецкая асацыяцыя. Істотна прасунуўся праект па стварэнні нацыянальнага Беларускага даследчага ўніверсітэта імя А. Валовіча.

Праводзіліся семінары і круглыя сталы па дэкамунізацыі і дэкаланізацыі, моўнай палітыцы. Вядзецца вялікая праца па адвакатаванні патрэбаў супольнасці арганізацый культуры, адукацыі і навукі, пішуцца лісты падтрымкі беларускім медыйным і музейным праектам.

Ідэнтычнасць і супраца

Шмат высілкаў прысвечана аднаўленню нацыянальнай свядомасці — вядзецца праца над новым календаром, які ўвесь час удакладняецца і прасоўваецца сярод грамадзянскай супольнасці. Пытанне ідэнтычнасці і культуры гучыць на міжнародных канферэнцыях і форумах як пытанне рэгіянальнай бяспекі і захавання беларускай нацыі ў Еўропе.

Наладжваюцца стасункі для ўзмацнення ўзаемадзеяння беларускіх арганізацый паміж сабой і з замежнымі партнёрамі, прадпрымаюцца захады для стварэння больш экалагічнага асяроддзя камунікацый паміж імі.

Планы на наступны год

Застаюцца планы на больш інтэнсіўную і сур’ёзную працу з культурнай спадчынай, стварэнне дыгітальных архіваў, працу з нацыянальнымі наратывамі і выхад на міфадызайн «нацыянальнай мары». Таксама будзем спрабаваць больш інтэнсіўна працаваць з кірункам даследаванняў і адукацыі, падтрымліваць тэматычныя канферэнцыі і экспертныя абмеркаванні.

Задача Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні — мэтаскіравана і паслядоўна рухацца ў бок рэалізацыі ўласнай Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця, удасканальваць дарожныя мапы па прасоўванні задач падтрымкі нацыянальнай ідэнтычнасці, мовы і культуры. І, канешне, важным аспектам тут з’яўляецца далучэнне іншых беларускіх арганізацый-партнёраў і грамадзян да сумеснага руху ў дадзеным кірунку.

@revivalbelarus
👍4🤨1
Год у лічбах і падзеях ад Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні

2025 год для Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні стаў годам інтэнсіўнай і шматузроўневай працы. За гэты час мы прынялі ўдзел у больш як 60 мерапрыемствах, падзеях і праектах у Польшчы, Літве, Даніі, Нямеччыне, Бельгіі і Украіне. Для нас гэта былі не проста сімвалічныя жэсты прысутнасці, а сістэмная праца з доўгатэрміновымі мэтамі.

Афіцыйныя сустрэчы

На працягу года адбылося больш за 20 афіцыйных сустрэч з прадстаўнікамі міністэрстваў, парламентаў, муніцыпалітэтаў і міжнародных інстытуцый. Геаграфія гэтых кантактаў ахапіла Польшчу, Літву, Данію, Нямеччыну, Латвію, Нідэрланды і іншыя краіны Еўрапейскага саюза. У цэнтры размоў былі канкрэтныя пытанні — візавая падтрымка беларусаў, адукацыйныя магчымасці, незалежныя медыя і падтрымка даследчыкаў.

Найбольш паслядоўнай стала праца з МЗС Польшчы і МЗС Нямеччыны, а таксама супрацоўніцтва з Міністэрствам адукацыі Літвы ў кантэксце новага закона аб меншасцях.

Гэтыя кансультацыі дапаўняліся публічнай і культурнай дыпламатыяй: удзелам у навагоднім прыёме ў рэзідэнцыі Прэзідэнта Польшчы ў Бельведэры, арганізацыяй і правядзеннем мерапрыемстваў да Дня Волі ў Варшаве, у тым ліку ўрачыстага прыёму і канцэрта ва ўніверсітэце Шапэна сумесна з МЗС Польшчы.

Важнымі сталі таксама ўдзел у Народным саміце ў Алінге (Данія) з прэзентацыяй актуальнага стану беларускай культуры і кнігавыдання і арганізацыя круглых сталоў па адукацыі і дэсаўетызацыі ў межах Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі.

Канферэнцыі і дыскусійныя пляцоўкі

Асобны напрамак працы быў звязаны з міжнароднымі канферэнцыямі і дыскусійнымі пляцоўкамі, прысвечанымі адукацыі, культуры, гістарычнай памяці і супрацьдзеянню гібрыдным пагрозам.

Удзел у сустрэчах з прадстаўнікамі замежных амбасадаў, выступы падчас афіцыйных прыёмаў у краінах ЕС, side event на палітычнай асамблеі Еўрапейскай народнай партыі ў Вільні, European Cultural Heritage Summit у Бруселі і беларуска-ўкраінскі Форум Астрожскіх дапамагалі фармаваць больш глыбокае міжнароднае разуменне таго, з якімі выклікамі сёння сутыкаецца беларуская культура і адукацыя.

Важнай часткай гэтай працы сталі і публічныя выступы, сустрэчы з беларускімі арганізацыямі, удзел у культурных і адукацыйных падзеях.

Праекты

У 2025 годзе мы таксама ўдзельнічалі ў 21 праекце, скіраваным на ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, развіццё адукацыі, культуры і гістарычнай памяці.

Сярод ключавых ініцыятыў — конкурс «10 стыпендый Адраджэння» для падтрымкі таленавітых творцаў і даследчыкаў, вынікамі якога сталі публікацыя пяці кніг, запуск падкаста, стварэнне музычнага відэакліпа і перформансу.

Важным напрамкам была праца з Геральдычнай радай і Камісіяй па ўзнагародах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, а таксама падтрымка стварэння Беларускага даследчага ўніверсітэта і развіцця міжнароднай сеткі беларускіх школ выходнага дня ў Польшчы, Літве і Грузіі.

Асобнае месца занялі ўдзел у публічных дыскусіях па дэкамунізацыі і дэкаланізацыі гістарычнай памяці, правядзенне акцыі «Месяц вяртання да сапраўднай гісторыі» ў лістападзе.

@revivalbelarus
6
Дарагія сябры,

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні віншуе вас з Калядамі і надыходзячым Новым годам!

У гэтыя святочныя дні, напоўненыя святлом і надзеяй, хочам нагадаць пра сувязь пакаленняў, нашу багатую гісторыю, сучасную культуру і родную мову, якія мы зберагаем і перадаем далей. Кожны наш крок да ведаў і асэнсавання ўласных каранёў – гэта важны ўклад у адраджэнне і ўстойлівасць нашай супольнасці.

Дзякуем вам за цікавасць да нашых матэрыялаў, падтрымку ініцыятыў, удзел у апытаннях і каментарах, за гатоўнасць захоўваць і развіваць беларускае, незалежна ад таго, дзе вы цяпер жывяце.

Няхай у новым годзе будзе больш супакою, унутранай сілы і ўзаемнай падтрымкі, а культура, памяць і веды застаюцца надзейным падмуркам для агульнай будучыні.

Зычым вам цёплых Калядаў, светлых думак і натхнення на новыя добрыя справы. Няхай Новы год прынясе веру ў сябе, у людзей побач і ў Беларусь.

@revivalbelarus
5
Як дзяржСМІ выкарыстоўваюць навіны культуры для трансляцыі ідэалагічных і прарасейскіх наратываў

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні прааналізавала культурныя публікацыі трох дзяржаўных СМІ, каб вызначыць ключавыя наратывы і ідэалагічныя акцэнты.

Мы прааналізавалі сайт выдання «СБ. Беларусь сегодня», навінавы партал Белтэлерадыёкампаніі (news. by) і сайт інфармагенцтва БелТА. Аналізаваўся перыяд з 8 па 14 снежня 2025 года.

У аналіз уключаліся ўсе публікацыі, размешчаныя ў раздзелах «Культура» на згаданых рэсурсах. Агульная колькасць прааналізаваных матэрыялаў — 79.

Матэрыялы ўмоўна падзяляліся на тры катэгорыі:

– нацыянальна арыентаваныя, якія прысвечаны беларускай культуры і напісаны без выразнага ідэалагічнага пасылу — напрыклад, навіны пра ўключэнне ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА неглюбскай тэкстыльнай традыцыі;

– прарасейскія, якія цалкам прысвечаны расейскім мерапрыемствам і/ці творам або маюць яўны прарасейскі наратыў;

– прапагандысцкія без расейскага адцення.

Агульныя тэндэнцыі

Колькасная прысутнасць культурных матэрыялаў:
– 42 публікацыі на сайце «СБ. Беларусь сегодня»
– 20 публікацый на сайце news. by
– 17 публікацый на сайце БелТА

Пры гэтым на ўсіх трох рэсурсах культура разглядаецца не як самастойная сфера, а як дадатковы канал трансляцыі дзяржаўных і прарасейскіх наратываў. Незалежная культура, лакальныя ініцыятывы і неінстытуцыянальныя формы творчасці практычна не прадстаўлены.

А цяпер разгледзім кожнае СМІ асобна.

«СБ. Беларусь сегодня»

Усяго прааналізавана 42 публікацыі. З іх:
20 (47,6%) — прарасейскія;
14 (33,3%) — прапагандысцкія;
8 (19,1%) — нацыянальна арыентаваныя.

Асноўныя назіранні:

– высокая доля матэрыялаў, прысвечаных расійскім і савецкім культурным дзеячам, памятным датам і мерапрыемствам у межах «саюзнага» кантэксту;

– сістэматычнае выкарыстанне тэматыкі Другой сусветнай вайны як ключавога элемента культурнай памяці;

– рэгулярнае падкрэсліванне ролі і «заслуг» Аляксандра Лукашэнкі ў сферы культуры. Улічваючы падпарадкаванне выдання Адміністрацыі прэзідэнта, культурны кантэнт фактычна выконвае функцыю легітымізацыі ўлады і яе ідэалагічнага курсу.

news. by

Усяго прааналізавана 20 публікацый. З іх:
10 (50%) — яўна прапагандысцкія;
8 (40%) — прарасейскія;
2 (10%) — нейтральныя.

Асноўныя назіранні:

– сайт Белтэлерадыёкампаніі агулам мае нізкую долю матэрыялаў, прысвечаных культурным падзеям;

– дамінаванне кантэнту, звязанага з уласнымі тэлевізійнымі праектамі Белтэлерадыёкампаніі, у прыватнасці шоу «Х-фактар» (перадача з удзелам расейскіх і праўладных «зорак»);

– уяўленне пра культуру як пра забаўляльны і ідэалагічна бяспечны прадукт, пазбаўлены крытычнага вымярэння.

БелТА

Усяго прааналізавана 17 публікацый. З іх:
7 (41,2%) — прарасейскія;
6 (35,3%) — прадзяржаўныя;
4 (23,5%) — нацыянальна арыентаваныя.

Асноўныя назіранні:

– абмежаваная колькасць культурных публікацый у параўнанні з палітычнымі матэрыяламі;

– адсутнасць незалежных культурных ініцыятыў і дамінаванне дзяржаўных устаноў і афіцыйных мерапрыемстваў у культурнай павестцы;

– культура ў падачы БелТА выступае выключна як інстытуцыяналізаваная і падкантрольная дзяржаве сфера.

Высновы

Праведзены аналіз сведчыць, што дзяржаўныя СМІ сістэмна выкарыстоўваюць культурныя рубрыкі як інструменты ідэалагічнага ўздзеяння. Культура ў гэтых медыя пазбаўлена аўтаноміі, функцыянуе ў межах дзяржаўнай і «саюзнай» ідэалогіі, выкарыстоўваецца для нармалізацыі прарасейскіх і ідэалагізаваных наратываў. Такім чынам, культурны кантэнт выступае не альтэрнатывай палітычнай прапагандзе, а яе лагічным працягам у больш мяккай і менш заўважнай форме.

@revivalbelarus
5
Новы беларускі каляндар: памятныя дні і новыя традыцыі

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні падрыхтавала новы беларускі каляндар, які аб’ядноўвае важныя падзеі, памятныя дні і культурныя традыцыі Беларусі. У ім ёсць як знакавыя даты гісторыі, так і новыя святы, якія з’явіліся пасля 2020 года.

Спампоўвайце яго і дадавайце ў свой Google-каляндар, адзначайце даты, якія вам блізкія, і распавядайце пра каляндар іншым, калі для вас гэта бяспечна. Гэта просты спосаб быць у курсе і разам пераасэнсоўваць нашу гісторыю і традыцыі.

Спасылка на каляндар >>>
Прэзентацыя новага беларускага календара: даты, якія нас вызначаюць

Калі: 27 студзеня, 18.00
Дзе: Музей Вольнай Беларусі, ul. Foksal 11, Варшава

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні запрашае журналістаў, актывістаў і зацікаўленых асоб на прэзентацыю новага беларускага календара – праекта, які прапануе паглядзець на год як на адлюстраванне нашай гісторыі, досведу і супольных сэнсаў.

Падчас сустрэчы Павел Баркоўскі, Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні, распавядзе, чаму дэмакратычныя сілы наогул зацікавіліся ідэяй стварэння новага нацыянальнага календара і паспрабуе давесці, навошта беларусам сёння патрэбны новы погляд на звыклыя і нязвыклыя даты. Каляндар аб’ядноўвае памятныя дні, якія доўгі час заставаліся па-за ўвагай, і тыя, што з’явіліся ў найноўшы перыяд нашай гісторыі – у тым ліку пасля 2020 года.

Таксама ў дыскусіі на тэму нацыянльнага каляндару прымуць удзел Вячаслаў Барок, Аляксей Ластоўскі, Алена Ляшкевіч, Алесь Плотка, Ірына Сідорская, Наста Ільіна і іншыя.

Асобнае месца ў календары займаюць даты, звязаныя з культурнымі і духоўнымі традыцыямі, а таксама важныя міжнародныя падзеі, што ўплывалі і працягваюць уплываць на Беларусь і свет. Гэта спроба паказаць разнастайнасць досведаў і традыцый, якія на працягу стагоддзяў фармавалі беларускую прастору.

Загрузіць сабе каляндар ці проста паглядзець:

Складальнікі календара прапануюць задумацца над складанымі і дыскусійнымі пытаннямі: як мы называем і перажываем падзеі Другой сусветнай вайны, што для нас азначае перамога і памяць, калі і чаму мы адзначаем Дзень незалежнасці, і іншыя.

Падчас прэзентацыі вы не толькі можаце пазнаёміцца з праектам, але і далучыцца да адкрытай размовы, задаць пытанні і падзяліцца сваім поглядам.

Рэгістрацыя па спасылцы: https://forms.gle/iX65quxecavvAXtn9
2