МЫ РАЗАМ
114 subscribers
12.7K photos
2.13K videos
8 files
16.5K links
ДОРОГУ ОСИЛИТ ИДУЩИЙ
Download Telegram
Forwarded from Верашчака
#МіфыЛегендыБеларусі

Залатая горка

Калісьці і гара, на якой тады не было лесу, і вёска называліся Лісінай Гарою. Па кустах і балотах палявалі, жыравалі лісіцы, але норы свае рабілі на гары, дзе было сушэй і цяплей, чым у нізіне.

Неўзабаве каля падножжа гары пачалі сяліцца людзі. Лісіцы перайшлі на вяршыню, а затым і зусім сышлі, пакінулі аблюбаваны пагорак.

Спачатку вёску называлі Гарой. Толькі было незразумела, што за гара, шмат іх вакол, як адрозніць?..
Так і не прыдумалі для сваёй гары адметнага імя. Дапамог выпадак.

Прыехалі аднойчы з горада хлопцы. Абодва яны маладыя, дужыя і занадта ўжо цікаўныя. Пачалі кругом ды навокал распытваць жыхароў, ці не стаяў некалі на гары панскі замак-палац, ці не засталіся ад яго якія скляпенні?.. Людзі адказвалі, што нічога пра гэта не ведаюць, нават ад дзедаў сваіх не чулі. Але хлопцы не паверылі, павысякалі на адхоне гары кусты і пачалі капаць яму. Кожны каменьчык, што трапляўся пад руку, уважліва разглядвалі, правяралі; гліну адмыюць ды на зуб спрабуюць, а пясок нават праз рэшата прасейвалі.

Тры дні і тры ночы капалі тыя хлопцы яму і ўсё каменьчыкі і пясок правяралі. Прыйшоў да іх неяк стары дзядок, паглядзеў, як яны ў той яміне змучыліся, схуднелі, і кажа:
— Што ж гэта вы, сынкі, пакутуеце тут? Ці ж можна так мардаваць сябе!.. Паглядзіце, вунь які дзянёк добры, як вакол золата зіхаціць.
Кінулі хлопцы свае рыдлёўкі, утаропіліся, збянтэжаныя, на старога:
— Дзе, дзе, дзядок, золата?..
— Вылазьце, пакажу, падзялюся з вамі,— з хітрай усмешкай адказвае дзядок.
Павыскаквалі хлопцы з ямы, азіраюцца, а дзядок ім і кажа:
— Ды хіба ж вы не бачыце, колькі яго на нашых бярозах.
А было тады бабіна лета, цёпла, суха.
Пераглянуліся хлопцы ды раптам як зарагочуць. Падышлі да дзядка, руку паціскаюць, дзякуюць:
— Нам сказалі, а мы, дурні, паверылі… Дзякуй вам, дзядуля, што навучылі, ад марнай працы пазбавілі.

Закінулі тыя няўдалыя шукальнікі золата свае торбы за плечы і пайшлі.
Вось з таго выпадку, з тых лёгкіх слоў мудрага дзядка быццам бы і знайшлося нарэшце для вёскі яе поўнае імя — Залатая Горка.
Forwarded from Верашчака
#МіфыЛегендыБеларусі

Зачараваныя грошы

Вяртаўся салдат пасля пабыўкі ўдома на вайсковую службу. Ішоў ён, ішоў і здагнала яго ноч каля нейкай вёскі. Багацей, вядома, у хату служывага не пусціў, на хлеў паказаў, маўляў, і там пераначуеш. Салдат не надта пакрыўдзіўся ад такой гасціннасці — абы страха над галавою.

Але ў тую ноч яму штосьці не спалася. Варочаўся з боку на бок, а заснуць не мог. Раптам чуе — хтосьці тупае непадалёку ад хлява. Падхапіўся служывы, давай сачыць, што тут робіцца. Ажно бачыць — ідзе па двары гаспадар, а за плячыма ў яго срэбра звініць у мяшку. Падышоў да ямы, выкапанай каля гумна, азірнуўся, прыслухаўся, потым сыпануў срэбра ў яму і вярнуўся назад у хату. Мусіць, шмат было ў багацея срэбра, бо неўзабаве яшчэ дзве меркі прынёс. І зноў падаўся ў хату. А салдат тым часам адчыніў дзверы хлява, зняў з сябе крыжык і кінуў яго на скарб. Сам не паказваецца, далей назірае.
Багацей прынёс яшчэ тры меркі срэбра. Высыпаў іх у яму і старанна закідаў скарб зямлёю. Тады ўзяў стрэльбу, бабахнуў з яе і сказаў:
— Як гэты стрэл пачуўся далёка, так мае грошы апусціцеся глыбока!
І срэбра адразу зазвінела, правальваючыся ў падзямельную бездань.

Назаўтра раніцай салдат развітаўся з гаспадаром і пайшоў далей сваёй дарогай.
Адслужыўшы ўсе дваццать пяць гадоў у войску, вяртаўся салдат назусім дахаты. І здарылася так, што трапіў ён у тую самую вёску, дзе калісьці начаваў. Гаспадар, у якога ён спыняўся, даўно памёр. Дзецям сваім ні капейчыны не пакінуў, таму жылі яны вельмі бедна, у галечы. Пашкадаваў салдат небаракаў, сказаў ім, што яны маюць скарб і павёў з рыдлёўкамі да гумна. А перад тым як паказаць, дзе капаць, сказаў:
— Дамовімся так… Тыя грошы, што да крыжыка, — мае, астатнія — вашы.
Спадчыннікі пагадзіліся.

Неўзабаве скарб быў адкапаны. Узяў салдат срэбра, насыпанае да крыжыка. Надышла чарга збіраць грошы гаспадарам хаты. Толькі яны знялі крыжык з зачараваных грошай — пачуўся звон, і срэбра невядома куды знікла.
Forwarded from Верашчака
#МіфыЛегендыБеларусі

Здарэнне з прыставам

Жыў у нашым Пінску ў старыя часы адзін царскі прыстаў. Тоўсты быў, вусаты, важны. Такое пуза адгадаваў сабе, не дай бог! Усе называлі яго Бочкай, а якое было сапраўднае прозвішча — ніхто і не помніў.

Неяк паехаў гэты Бочка з Пінска ў адну далёкую вёску, бо Пінскі павет быў, каб ведалі, надта вялікі.
Даўно збіраўся прыстаў у тую вёску, ды ўсё не было як. Нарэшце паехаў. Мабыць, не толькі па службовай справе. Была, напэўна, і яшчэ нейкая прыватная выгода. Не такі той прыстаў быў дурань, каб ехаць у далёкую і нялёгкую дарогу толькі дзеля службы, без сваёй патрэбы. Кажуць, быў вялікі хабарнік гэты царскі служка. Цягнуў і з жывога і з мёртвага, хто яго не ведаў! Але як бы там ні было, паехаў. І паехаў, трэба вам сказаць, позняй восенню, калі трохі падмерзла. Дачакаўся першых марозаў. Паехаў і знік без вестак. Назад не вярнуўся. Дома чакаюць, на службе чакаюць, а яго ўсё няма ды няма.

Прайшлі зіма, вясна, лета, восень. Прыстава няма. Толькі пад канец другой зімы вярнуўся Бочка ў Пінск.
А было так, што да той далёкай вёскі дабраўся Бочка зімовай дарогаю, цераз замёрзлае балота, а калі хацеў вярнуцца ў Пінск, то пачалася адліга і трымалася доўга. Зіма выпала цёплая, няўстойлівая. Балота не замярзала, а пра вясну і казаць няма чаго. Усё наваколле надоўга было затоплена. Вы ж ведаеце, як у нас бывае вясной, калі ўсе нашы рэкі ды рэчкі выйдуць з берагоў, ды злучацца між сабою, ды зальюць разам вялікія прасторы! Ого! Усю балоцістую нашу мясцовасць ператвораць у такую топкую дрыгву, што ні прайсці, ні праехаць, ні пераплысці. Пеша не пройдзеш, бо загразнеш у багне, і на лодцы не перабярэшся, бо вада, хоць і вялікая, але ж амаль усюды такая неглыбокая, што лодка не пройдзе. Не ўсюды прабярэшся і не на ўсякай лодцы...

Вось і не мог той прыстаў выбрацца з вёскі, хоць і быў па тым часе немалы начальнік. Так і жыў там, на невялікім пясчаным астраўку, да наступнай зімы. А што яму? Піў, пэўне, гарэлку, еў кілбасы ды вяндліну, ласаваўся мёдам. Сёння ў адной хаце, заўтра ў другой. Давалі ж, мусіць, бясплатна. Заўсёды знойдуцца такія, каму трэба пачаставаць начальства!

Нарэшце надышлі вялікія маразы і дрыгва замерзла як мае быць. Цэлы год мусіў гэтага чакаць!.. Не было ж тады ні добрых дарог, ні машын, ні самалётаў. Дзіва што — такія нетры! Як у нас кажуць, хоць ты цалы месёнц ідзі, то да краю нігды не дацягнешся! Ад вёскі да вёскі, ад астраўка да астраўка, зімою вёрстаў пятнаццаць, калі наўпрост, па лёдзе, цераз балота. А каб трапіць летам з адной вёскі ў другую, трэба ехаць у абход усе дзвесце, як не трыста вёрстаў, калі ласка!..
Forwarded from Верашчака
#МіфыЛегендыБеларусі

Гаёўкі

У Беларусі, а таксама ў заходніх губернях Расіі Лешага часам называлі Гаюн, або гаёвы дзед.

Пры гэтым лічылася, што ў яго ёсць унучкі - гаёўкі, - апякункі лясных звяроў і птушак.

На зіму гаёўкі абрасталі белай поўсцю, а ўвесну яе скідалі, застаючыся ў негліжэ. Праўда, часам іх такое становішча не задавальняла, і яны, здаралася, падпільноўвалі дзяўчат, якія гуляюць у лесе, ды і распраналі іх, забіраючы сабе сукенку.

Як унучкі Лешага, яны дапамагалі яму даглядаць за лесам. Маглі дапамагаць і чалавеку, які ішоў у лес з добрымі намерамі, дзяліліся ведамі аб гаючых раслінах і карысных грыбах-ягадах.

Вось толькі калі дзед ваўкоў пасвіў, гаёўкі хаваліся. Нельга сказаць, што яны пабойваліся шэрых разбойнікаў, хутчэй недалюблівалі.

Увогуле, гаёўкі лічыліся істотамі даволі бяскрыўднымі.
Forwarded from Верашчака
#МіфыЛегендыБеларусі

Малочная ведзьма

Малочныя ведзьмы (ведзьмы-малочніцы, ведзьмы-кароўніцы) згодна з міфалагічным слоўнікам, «міфічныя істоты, шкоднасць якіх палягае ў адбіранні ім ў кароў малака, ад чаго змяншаўся ўдой, яно рабілася вадкае, без вяршкоў, тым часам як у кароў саміх ведзьмаў малако станавілася надзвычай густое і адразу збівалася ў масла».

Менавіта з-за «спецыфікі» сваёй магіі ўяўленні пра малочных ведзьмаў былі шырока распаўсюджаныя ва ўсіх народаў, якія займаліся гадаваннем кароў.

Малочныя ведзьмы любяць перакідвацца ў розных гадаў ды ў гэтым выглядзе высмоктваць у каровы малако.

Дзейсны спосаб абараніць скаціну, гэта прывязаць да рога каровы грамнічную свечку. Тады гады не будуць яе чапаць…
Forwarded from Верашчака
#МіфыЛегендыБеларусі

Змееў камень

Паміж вёскамі Коўткава, Гогалеўка і Віркава, пры старадарожжы, на Ігры, ёсць Змееў камень з акном і з дзвярыма.

Старыя казалі, што калісьці, даўным-даўно, у гэтым камені змей жыў з адной галавой, у абліччы чалавека, і гаварыў так, як чалавек.
Быў ён дужа ўдалы кравец.

Занясуць яму сукно, праз акно пададуць і папросяць:
— Майстрок, пашый, абы надзець.
Дык ён так пашые, што ніхто на свеце лепш за яго не зробіць. Прыйдуць па світку тую, прынясуць грошы, абы колькі там, хоць і троху. Пададуць праз акно, дык ён світку аддасць, а грошы сабе возьме.

А калі-нікалі хто скажа:
— Пашый мне, каб было ў царкву ў чым хадзіць...
Дык ён адзін рукаў ззаду прышые, а другі — на плячах. Так рабіў. Не прасі, каб у царкву схадзіць. Як просяць каля сахі хадзіць, дык адчаканіць, што хоць куды; а калі на святы дзень — зробіць, што ні сабе ні людзям.

У Бузер'і пад Лукомлем кахаў ён адну дзяўчыну. Яна ад яго хавалася, але ён усюды знаходзіў яе. Мусіла яна жыць з ім. Доўга яны жылі, а дзяцей у іх не было.
Бывала, абернецца ён дугой такой над возерам над Лукомльскім ды так і цягне. Як толькі на зямлю апусціцца, адразу прымае чалавечае аблічча — паніч такі, што хоць куды.

Аднойчы пасвіла яго дзяўчына свінні на полі.
Прыляцеў ён да яе на поле, сабраў свіней у кучу і сказаў:
— Пільнуй, каб адкуль хмара не нацягнула.
Лёг і заснуў.

Тым часам з заходняга боку ўзнялася вялізная хмара.
А дзяўчына наўмысна не разбудзіла яго. І датуль не будзіла, пакуль не загрымеў над галавою гром. Як грымнуў гром, так ён і прачнуўся.

Прачнуўся і гаворыць:
— Вось калі ты мяне зжыла са свету.
Ускочыў ён, ляснуў ёй з правага боку па левай
шчацэ — так і высмаліў на шчацэ пяць пальцаў. Усё жыццё відаць было, так і памерла з тымі адбіткамі пальцаў. А сам выцягнуўся дугой і паляцеў цераз возера нацянькі да сваёй хаты. Тут пярун і смальнуў па ім.
Смальнуў, а ён ляціць. А калі другі раз стукнуў, то ён упаў у возера.
Але ізноў усхапіўся і паляцеў.

Адзін стары быў у Бузер'і, дык усё гэта дзіва бачыў. Пераляцеў змей цераз возера, а пярун трэці раз смальнуў, ужо ў лесе, і забіў яго. Пасля таго трое сутак дождж ішоў, пакуль не знайшлі змея.

Стары той паказаў.
— Шукайце,— кажа,— там і там, на вашае поле ляцеў.
Знайшлі змея і закапалі. Дождж і сціх. Але праз суткі змей ізноў апынуўся наверсе.
Ізноў паліў дождж. Пачаліся грымоты вялікія. Пярун суцяшаецца: смаліць у яго, нежывога, каб не ажыў.

Хавалі змея гэтак разоў са тры ці з чатыры. Дык усё апыньваўся наверсе.
І як выйдзе, так сажняў на колькі і цягне ўсё ў той бок, дзе яго хата.

Старыя казалі, што каб надвор'е пастаяла, дык ён ажыў бы. Але дажджы ўвесь час ішлі дужа вялікія. Вада так паднялася, што чуць не затапіла ўсё вакол.

Прыснілася тады таму бузерскаму старому, што трэба сабраць усіх малых дзяцей, каб тыя ў прыполах, а жарабяткі ў торбачках на шыях нацягалі пяску і засыпалі змея.

Так і зрабілі. На тым месцы з таго часу курган стаіць.
Forwarded from Верашчака
#МіфыЛегендыБеларусі

У беларускай міфалогіі ёсць адзін харызматычны персанаж, якога завуць Вох. Гэта міленькі чалавечак з доўгай барадой і вялізнымі вачыма, які жыве пад зямлёй.

Калі ж ён чуе, як які-небудзь няўдачнік уздыхае " Ох!", то выходзіць і пытаецца: «што табе трэба?».

Чалавек, які не спалохаецца Воху і агучыць сваё жаданне, атрымае тое, што хоча.

"Пэўны час мы з Хведарам ціха сачылі за імі. Янка ўсё выхваляўся перад Расолам і Базілём сваёй чароўнай табакеркай, якую аддаў яму стары Вох. Па словах Янкі, у табакерцы жыве памочнік Воха памерамі яшчэ меншы за свайго гаспадара, гатовы выканаць любое даручэнне ўладальніка табакеркі.

Я, шчыра кажучы, адразу падумаў пра якога-небудзь чорта, бо тыя проста дурэюць ад тытуню. Але, тое была іншая істота.

Нарэшце Янка дастаў табакерку са свайго мяшочка і адчыніў. Адтуль у момант з’явіўся маленькі чалавечак. Хлопец ціха нешта яму сказаў і ў той жа момант на стале з’явіліся наліснікі і тварожны сыр, хлеб і сала, бекон і медавуха…"
Forwarded from Верашчака
#МіфыЛегендыБеларусі

Лазовы Куст

Адкупілі аднойчы ў пана два бедныя мужыкі, якія шмат гадоў збіралі капейчыну да капейчыны, тры дзесяціны добрай, урадлівай зямлі, каб пабудавацца на ёй і гаспадарыць. Дзе ж толькі паставіць хаты, шкада ж кожнай пядзі дарагой зямліцы. Доўга яны разважалі ды меркавалі і нарэшце вырашылі каля самага краю свайго ўладання, непадалёку ад рэчкі, высеч вялізны лазовы куст і на яго месцы пабудавацца.

Справіліся з лазой — высеклі, выкарчавалі, нават галіны спалілі. Як і задумалі, збудавалі па хаце і пачалі жыць. Перазімавалі, а вясной, ледзь толькі сышоў снег, яшчэ і травіца не паспела зазелянець, бачаць, пасярод двара, на гародзе ды і пад сценамі хат — усюды прабіўся лазняк.

Нічога не падазраючы, зноў узяліся мужыкі за сякеры і павысякалі амаль паўметровыя лазовыя парасткі. Ды дзе там! Выйшлі раніцой скаціну дагледзець, а за ноч лаза ўжо на цэлы метр вымахала. Мужыкі зноў за сякеры і гэтым разам усю лазу, аж да апошняга прутка, высеклі, сабралі і спалілі на вогнішчы. Не дапамагло: за ноч зноў увесь двор лазой зарос.

Зразумелі нарэшце мужыкі, што тут нешта нядобрае, і больш не чапалі лазу. Вырашылі пачакаць, паглядзець, што ж далей будзе. А далей не стала мужыкам ад той лазы ніякага жыцця. Так яна разраслася, што ўсё на градах пад ёй засохла-загінула, а праз двор, да паветак ці на дарогу, як па густым лесе, даводзілася прабірацца.

Заходзілі суседзі, глядзелі на дзівосны лазняк, шкадавалі мужыкоў, розныя парады давалі, як ад кустоў пазбавіцца. Хто раіў пад карані солі падсыпаць, хто — вадой заліць, а хто і наогул казаў, што трэба зімы дачакацца, можа, вымерзне жывучае кустоўе.

І вось аднойчы завітаў да тых мужыкоў дзядок, увесь у белым адзенні, з кульбай у руцэ і пустой торбачкаю за плячамі — вады папрасіў напіцца. Ды толькі напаілі яго шматпакутныя спагадлівыя гаспадыні не вадой, а малаком салодкім, халодненькім.
Азірнуўся вакол дзядок і кажа:
— Што ж вы, людцы родненькія, у такім дзікім кустоўі жывяце, а мне нават і не скардзіцеся?
А жанчыны яму ў адказ:
— Ды які з таго толк. Каму мы толькі не расказвалі пра сваю бяду, чыіх толькі парадаў не слухаліся — і солі пад карані сваёй лазе падсыпалі, і тапілі, і вымаразіць спрабавалі — нічога не дапамагае, як расла, так і расце безупынна. У нас ужо і рукі паапускаліся, адзін, відаць, паратунак — на новае месца перабрацца.

Уздыхнуў дзядок, зірнуў яшчэ раз на лазу, якая ўжо і хаты перарасла, і кажа:
— Не, дачушкі, калі мяне паслухаеце і ўсё, што скажу, зробіце, не давядзецца вам на новае месца перабірацца. А зробіце вось што. Дачакайцеся першага дожджыку, як замжыць, асцярожна кожную лазінку выкапвайце, і нясіце хутчэй да рэчкі, і там, на беразе, як найглыбей пасадзіце. І калі наказ мой дакладна выканаеце, то ўвесь куст да вясны сам да рэчкі перабярэцца.
Расказаў пра ўсё гэта дзядок, падзякаваў за малако салодкае, выйшаў за брамку і адразу ж знік невядома куды.

Хаця асабліва і не паверылі дзядку мужыкі і жанчыны, але ўсё-такі пакуль імжыў першы, пасля той размовы, дожджык, перанеслі са свайго двара і пасадзілі на беразе Волмы пучок лазовых пруткоў. І ўсё спраўдзілася, як і казаў той дзядок. За які-небудзь тыдзень высахла лаза на двары і на гародзе аж да апошняга прутка. А на голым беразе Волмы вырас малады лазовы куст.

Вось ад тых дзвюх хацінак і пайшла вёска. І хаця ні ў кога больш на двары лаза не расла, нават не з'яўлялася, вёска ўсё ж паспела атрымаць сваю назву з-за таго злашчаснага куста.
Так яна — Лазовы Куст — за ёй і засталася.
Forwarded from Верашчака
#МіфыЛегендыБеларусі

Лесавік

Жыў у нашай ваколіцы ляснік. Аднойчы ўлетку сенаваў ён непадалёку ад лесу. Цэлы дзень завіхаўся, але да заходу сонца так і не паспеў завяршыць апошні стог. Змарыўся, а дахаты далёка — не хочацца ісці. Надумаўся заначаваць у сене. Памаліўся Богу, павячэраў і заваліўся на бок.

Толькі заплюшчыў вочы, чуе — у суседняй вёсцы шчанюк брэша. Як званок заліваецца, спаць не дае. Потым раптам па лесе — трэсь, трэсь, трэсь — быццам хтосьці бяжыць. Падняў галаву ляснік — аж дух заняло. Гоніць па лесе Лесавік зграю ваўкоў. Выгнаў на луг і пытаецца:
— Чуеце, як шчанюк заходзіцца?
— Чуем, — адказваюць ваўкі.
— Дык запомніце, — кажа Лесавік, — калі да года яго не задушыце, дык ён вас тады ўсіх перадушыць.
Сказаў так і пагнаў далей воўчую зграю.

Пераначаваў на лузе ляснік, а назаўтра раненька пабег у вёску. Прыбег і давай пытацца ў людзей, чый гэта шчанюк усю ноч навылёт гаўкаў. Пытаўся, пытаўся — і дапытаўся. Прыходзіць нарэшце да гаспадара сабакі.
— Прадай мне свайго шчанюка.
— Як жа я прадам яго, — не згаджаецца гаспадар, — калі ён такі ўдалы, як званок заліваецца…
Доўга ўпрошваў ляснік гаспадара і купіў-такі шчанюка — тры рублі за яго адцаў. Прывёў дахаты і адразу ў пограб схаваў. Карміў, а на вуліцу — не выпускаў.

Мінуў год і аднаго дня выправіўся ляснік з маладым сабакам на паляванне. Знюхаў сабака ваўка — уміг задушыў шэрага разбойніка. Убачыў мядзведзя — і мядзведзя задушыў. Натрапіў на ласіны след — і лася зарэзаў. Якую жыўнасць не ўбачыць — не адпусціць жывою. Задушыць і кіне. Надушыў дзічыны — возам не забраць.

Прысеў ляснік адпачыць, а за спіною ў яго — трзсь, трэсь!
Азірнуўся — стаіць побач Лесавік.
— Мусіць, ты летась падслухаў, — пытаецца, — што я наказваў ваўкам зрабіць з гэтым сабакам?
Бачыць ляснік — лепш адразу прызнацца:
— Вінаваты, падслухаў…
— Мне не шкада дзічыны, калі ты яе заб’еш і спажывеш, — кажа Лесавік. — А вы ж душыце і кідаеце. Дык паслухай мяне… Каля тваёй вёскі ляжыць вялізны камень. Пад каменем закапаны скарб. Вазьмі яго сабе. А сабаку забі, бо ён ўсю жыўнасць задушыць у лесе.
Сказаў так Лесавік і знік, быцам яго і не было.

Паклікаў ляснік сабаку. Злажыўся — бэх! бэх! — і забіў са стрэльбы. Тады думае: дай пагляджу, адкуль у сабакі такая сіла вялікая? Разрэзаў, паглядзеў. А ў сабакі ажно дванаццаць нырак.

Потым вярнуўся ў вёску, выкапаў ляснік пад каменем скарб. І зажыў з тагодня прыпяваючы.
Forwarded from Верашчака
#МіфыЛегендыБеларусі

Лоскае паданне пра камяні

Згодна аднаго старога падання, сцены Лоскага замка-крэпасці муравалі не з цэглы або прывазнога граніту, а з валуноў і камянёў, якіх багата было калісьці на лоскіх палях.

Але муры заклалі шырынёй у сем крокаў, і хутка на адзін толькі падмурак, апушчаны на многа метраў у глыб гары, пайшлі ледзь не ўсе сабраныя на палях камяні.
Вось тады і быў выдадзены строгі загад: не ўпускаць у Лоск ні пешага, ні коннага без камянёў. Коннаму — не менш тузіна камянёў прывезці на возе, пешаму — хоць адзін замест пропуска здаць за брамаю варце.

Калі камянёў набралася цэлыя горы, іх рассартавалі па памерах, па колеры і пачалі ўзводзіць сцены. У ніжні першы рад паклалі самыя вялікія валуны, і ўсе чорнага колеру. Далей пайшлі пласты сініх, за імі — шэрыя, карычневыя... І чым вышэй уздымаліся сцены, тым яны рабіліся ўсё святлейшыя, усё ярчэйшыя. А самыя апошнія метры сцяны і ўсе зубцы на ёй і вежы былі складзены з камянёў толькі жоўтых і чырвоных адценняў.

Калі ў сцяну замуравалі апошні чырвоны камень і дождж адмыў высокія муры ад пяску і гліны, убачылі жыхары Лоска, што зубцы і вежы нібы залівае чырвонае зарава, хоць неба і было зацягнутае воблакамі.
Вось так, здзіўляючы гасцей і палохаючы ворагаў, над Лоскам у любое надвор'е гарэла выкладзенае з розных каляровых камянёў зарава...

На пабудову Лоскага замка людзі сабралі каменне з палёў і лясоў на сто вёрст вакол. І той, хто задумаў паставіць печ або закласці пад дом каменны падмурак, мусіў купляць камяні па дарагой цане або ехаць па іх ажно пад Вільню.

Пакутавалі праз гэта людзі цэлыя стагоддзі, пакуль не пачалі трэскацца і рассыпацца муры старога замка. Вось тады і пайшла пагалоска, што каціліся з Лоскага ўзгорка камяні датуль, пакуль зноў не трапілі на тыя самыя месцы, адкуль іх калісьці прывезлі ў Лоск.