Беларускі інстытут публічнай гісторыі
1.29K subscribers
1.38K photos
95 videos
2 files
840 links
Download Telegram
36 гадоў таму - 19 чэрвеня 1988 года - адбылося першае шэсце грамадскасці ў Курапаты, арганізаванае неўзабаве пасля публікацыі артыкула Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты-дарога смерці».

Мітынг і шэсце былі арганізаваныя актывістамі моладзевага нефармальнага аб'яднання «Талака».
Заяўку падавалі Сяргей Вітушка і Віктар Івашкевіч, але акцыю не дазволілі. Заяўнікаў выклікалі ў рэспубліканскую пракуратуру і папярэдзілі, што яны парушаюць закон.

Шэсце і мітынг прайшлі несанкцыянавана, у ім узялі ўдзел блізу 10 тысяч чалавек. Міліцыя людзей не спыняла і не арыштоўвала (у адрозненне ад наступнай акцыі на Дзяды 30 кастрычніка 1988 года). Пасля арганізатараў пакаралі штрафам - па 50 рублёў.

Збор прызначылі ў менскага трамвайнага кальца ў Зялёным Лузе. Там гарадскія ўлады і прадстаўнікі ЦК камсамола заклікалі прысутных сесці ў аўтобусы, якіх стаяла каля паўсотні, і ехаць на афіцыйны альтэрнатыўны мітынг да Опернага тэатра. Але ніхто не звяртаў на гэты заклік увагі, і неўзабаве калона, якая налічвала каля дзясятка тысяч чалавек, рушыла ў Курапацкі лес, дзе ў той дзень быў усталяваны сімвалічны помнік ахвярам сталінскага тэрору.

Адкрыў і вёў мітынг старшыня менскай "Талакі " Сяргей Вітушка. Выступілі народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў (які быў яшчэ і старшынёй Беларускага аддзялення Савецкага фонду культуры), Зянон Пазняк, рабочы Віктар Івашкевіч, пісьменнік Канстанцін Тарасаў, дачка забітага ў Курапатах паэта Тодара Кляшторнага Мая, былы вязень ГУЛАГу паэт Павел Пруднікаў і іншыя, у тым ліку сакратар Менскага гаркаму партыі Пётр Краўчанка, які паспеў пад'ехаць з мітынгу каля Опернага тэатра.

Праз год - 29 кастрычніка 1989 года -
у Менску прайшло першае афіцыйна дазволенае (тады яшчэ савецкімі ўладамі) шэсце з Менска ў Курапаты.
Тады ў Курапатах быў усталяваны самы першы вялікі крыж, вакол якога потым вырас народны мемарыял з сотняў крыжоў у памяць аб расстраляных.

Аўтар Эдуард Глезін
🔥2510👍9
Пачатак савецка-нямецкай вайны 22 чэрвеня 1941 года змяніў лёс усіх жыхароў Беларусі. Амаль кожная сям’я перажыла трагедыю згубы блізкіх, у многіх былі паламаныя лёсы. Яўрэяў і ромаў нацысты ад пачатку выраклі на знішчэнне.

Напад нацысцкай Нямеччыны на Савецкі саюз прыйшоўся на нядзелю. У гэты дзень у Менску гарадской падзеяй павінна было стаць адкрыццё Камсамольскага возера. Чуткі пра магчымую вайну хадзілі яшчэ раней, але мала хто верыў у яе. Адзін са сведкаў згадваў: “Мы, вядома, чулі, што можа быць вайна, але савецкая прапаганда казала, што калі будзе вайна, яна будзе на іншай, чужой тэрыторыі і малой крывёй. Усё адбылося зусім наадварот... падзеі развіваліся з дзіўнай хуткасцю, але яны былі настолькі незвычайныя, што запомніўся колер неба, надвор'е, цудоўнае чэрвеньскае надвор'е”.

Людзі спрабавалі першыя дзень-два жыць ранейшым жыццём - працаваць, вучыцца, але затым пачаліся бамбёжкі. І людзям стала страшна.

Дзесьці 25 чэрвеня прыйшло разуменне, што трэба спрабаваць выбірацца. Людзі спантанна беглі з памежных з вайсковымі дзеяннямі раёнаў у пошуках ратавання кідалі сваю маёмасць, без гарантыі захаванасці. Дарогі былі перапоўненыя людзьмі. Шансы былі толькі ў тых, хто паспеў паехаць на цягніках.

Эвакуацыя не была афіцыйнай. Дапамогі ад савецкай улады, якая была ў разгубленасці, большасць не дачакалася.

З Заходняй Беларусі нават не паспелі зрабіць мабілізацыю, з Усходняй – частку мужчын адправілі ў войска. У тыл на неакупаваныя часткі СССР часткова змаглі адправіць патрэбныя кадры рабочых вывозімых прадпрыемстваў, сем’і камандзіраў Чырвонай арміі, афіцэраў дзяржбяспекі, работнікаў партыйнага апарата, дзяцей да 15 год.

Тыя, хто бег са сталіцы, пайшлі па Магілёўскай шашы, але праз пару дзён уцекачоў абагналі нямецкія войскі. І людзі вярнуліся назад, бо не ведалі, што іх чакае ў гэтай вайне. Думалі, што Чырвоная армія хутка пераможа, аднак вайна на беларускай тэрыторыі зацягнулася на доўгія тры гады.

На здымку Чырвоны касцёл у Менску на кадрах хронікі часоў вайны
😢19👍74🔥3👎1
Першыя гадзіны і дні вайны, першыя савецкія ваеннапалонныя ў нямецкім штотыдневым кінааглядзе Die Deutsche Wochenschau Nr. 564 за 25 чэрвеня 1941 года. Цалкам выпуск тут
👍8🔥54
22 чэрвеня 2003 году ў 20 гадзін 30 хвілін у рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнага шпіталя ў Бараўлянах пад Менскам памёр Васіль Быкаў. Яму было 79 гадоў. Смерць пісьменніка, які амаль усё жыццё пісаў пра вайну, супала з днём нападзення Германіі на СССР. За некалькі месяцаў да гэтага цяжка хворы творца вярнуўся на радзіму з эміграцыі, куды з'ехаў праз пераслед уладаў.

Развітальная паніхіда адбывалася праз тры дні ў Менску ў Доме літаратара. З пачатку цырымоніі ў памяшканні былі ўстаноўлены чырвона-зялёны сцяг і знаходзілася ганаровая варта. Аднак сваякі пісьменніка папрасілі прыбраць афіцыйныя атрыбуты. Разам з ганаровай вартай Дом літаратара пакінуў і старшыня дзяржаўнай камісіі па арганізацыі пахавання міністр культуры Леанід Гуляка. Памяшканне Дому літаратара і ўваход у яго прыбралі нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі, як таго хацеў сам Васіль Уладзіміравіч.

Пасля паніхіды труну з целам пісьменніка панеслі па цэнтральнай магістралі Менску – праспекце Скарыны. Да плошчы Якуба Коласа труну з целам неслі на руках, затым пагрузілі на катафалк. Пахаванне Васіля Быкава стала народнай маніфестацыяй. Звыш дзесяці тысяч чалавек з кветкамі, вянкамі і бел-чырвона-белымі сцягамі ішлі па праспекце праз увесь горад да Усходніх могілак, дзе Васіля Быкава і пахавалі.

«Аматар вершаў Быкава» не пажадаў удзельнічаць у пахаванні, паляцеў на Гомельшчыну займацца калгаснымі справамі. Але даслаў вянок, які потым доўга не хацелі ўскладаць да магілы.
💔40😢86👍1
Апошняя перадваенная дэпартацыя, расстрэлы вязняў і "маршы смерці"

Пачатак савецка-нямецкай вайны па-рознаму перажываўся жыхарамі Беларусі. Сведкі з заходнебеларускіх тэрыторый, якія памяталі падзеі 1939 года, падкрэслівалі, што для іх “ізноў пачалася вайна”. Пры першых саветах яны сутыкнуліся з хвалямі рэпрэсій “варожых” савецкай уладзе груп насельніцтва. Без уліку ваеннапалонных польскага войска не менш за 150 тысяч чалавек патрапілі пад пераслед. На апошнія перадваенныя дні 19-20 чэрвеня прыпала чацвертая дэпартацыя ў ГУЛАГ больш як 22 тысяч асобаў. Яшчэ адна не ўдалася, бо пачалася вайна.

На чэрвень 1941 года ў 32 перапоўненых турмах НКВД БССР утрымлівалася каля 25860 зняволеных. З імклівым пачаткам вайны іх лёс быў вырашаны жорстка, бо органы бяспекі баяліся, што вязні пяройдуць на бок ворагу, а вывезці іх усіх углыб СССР не было магчымым. Крымінальнікаў накіравалі ў штрафныя батальёны Чырвонай арміі.

Адносна абвінавачаных у “палітычных” злачынствах наркам НКВД Лаўрэнцій Цанава атрымаў падтрымку Бюро ЦК КП(б)Б неадкладна прывесці ў выкананне выракі асуджаных да смяротнага пакарання. Адпаведны сакрэтны загад быў перададзены супрацоўнікам дзяржбяспекі 24 чэрвеня і яны самі вырашалі пытанне пра жыццё ці смерць зняволеных. Частка зняволеных здолела збегчы ці была адпушчана. На жаль, няма дакладнай інфармацыі пра лёсы вязняў усіх турмаў, але вядомыя прыклады прадстаўляюць трагедыю.

Адбываюцца расстрэлы ў турмах НКВД у былым Беразвецкім кляштары, непадалёк Глыбокага, Вялейцы, Ашмянах... Кагосьці забілі па дарозе, калі калоны гналі на ўсход. Так стала сумна вядомым урочышча Цагельня Чэрвеньскага раёну, вёска Касута Вялейскага раёну, Малы Трасцянец Менскага раёну.

Сярод забітых былі і тыя, адносна каго не былі праведзены следства і суд, застрэлілі проста за тое, што былі ў кепскім стане здароўя і не маглі ісці. Некаторыя даследчыкі ацэньваюць агулам колькасць забітых зняволеных больш як у 10 тысяч чалавек. У тым ліку частка загінула праз нямецкія бамбардзіроўкі, пад якія маглі трапляць калоны. Афіцыйна яны сталі зніклымі бяз вестак.

За падзеямі са спачуваннем назіралі мясцовыя жыхары, у некаторых з іх блізкія былі ў гэтых турмах. Зафіксаваны выпадак у Ашмянах, дзе ахоўнікаў напужалі наступленнем немцаў і дзякуючы іх уцёкам атрымалася вызваліць большую частку вязняў жывымі. Аднак усё ж некаторых знайшлі забітымі ў падвале турмы і пахавалі на мясцовых могілках.

На здымках: брацкая магіла ахвяр НКВД і мемарыял ахвярам "маршу смерці"
😢26🔥3🤬3
23 чэрвеня 1994 года адбыўся першы тур выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У барацьбе за прэзідэнцкі мандат удзельнічалі шэсць кандыдатаў: Вячаслаў Кебіч, Аляксандр Лукашэнка, Станіслаў Шушкевіч, Зянон Пазняк, Аляксанр Дубко і Васіль Новікаў.

У другі тур трапілі двое: Лукашэнка і Кебіч. На тагачасных улётках Лукашэнкі было напісана: "Молодое поколение выбирает Александра Лукашенко. Сегодня молодые ученые, рабочие, учителя, инженеры, офицеры - НИКТО. Их талант, энергия, ум не нужны правительству и стране. И в этом одна из причин нашей бедности, хаоса и бездарного хозяйствования". У цэнтры ўлёткі цытага самаго Лукашэнкі: "Эра семидесятилетних правителей закончилась. Беларусь нуждается в новых лидерах и новой политике".
🤡18🤮14🤣7👎3💩2😭1
Якім чынам творчасць Васіля Быкава выпрабоўвала межы дазволеннага у савецкай культуры, што важнага сказаў Васіль Уладзіміравіч на V-м з'ездзе Саюзу пісьменнікаў БССР у 1966 годзе, чаму яго не залічылі ў "савецкія дысідэнты" , і дзе мяжа паміж літаратурай і палітыкай. Аб гэтым размаўляем з гісторыкам, навуковай супрацоўніцай Інстытуту гістарычных даследаванняў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы ў Марбургу Таццянай Астроўскай.
👍205🔥3🤪1
Робім Вікіпедыю найлепшай крыніцай ведаў разам з экспертам Аляксеем Ластоўскім, сацыёлагам і гісторыкам, знаўцам мастацтва, вандроўнікам, які пастанавіў адведаць увесь спіс культурнай спадчыны UNESCO і паспяхова набліжаецца да мэты, аўтарам шматлікіх артыкулаў у Вікіпедыі

📍Якія крыніцы надзейныя для будучага артыкула і якія - не?
📍На якія крыніцы варта спасылацца пры напісанні артыкула ў беларускай Вікіпедыі і на якія - пры напісанні артыкулаў у англамоўнай?
Пачуем адказы на гэтыя пытанні і шмат цікавых гісторый правак і ўдакладненняў у Вікіпедыю

Сустрэча адбудзецца:
🌐анлайн 27 чэрвеня ў 18:30 (па Мінску і Вільні), 17:30 (па Варшаве) і 19:30 (па Тбілісі)
🎉афлайн 27 чэрвеня ў 18:30 ў Create Culture Space (Вільня)

💻 Бярыце з сабой лэптопы і добры настрой. Каб мы маглі зразумець колькасць удзельнікаў, зарэгіструйцеся, калі ласка, тут

🇪🇺Сустрэча адбудзецца ў межах праекта Social Camp, які рэалізуецца Гётэ-Інстытутам у Варшаве пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза
🔥20👍73👎1😁1