Беларускі піонэр
2.86K subscribers
6.89K photos
8 videos
24 files
680 links
БССР 1920-х, 1930-х. Кнігі, газеты, часопісы, фота, архітэктура.

Дапамога праекту: patreon.com/belaruskipioner

Другі канал пра крымінал у БССР 1920-х: @crime1920s

Сувязь: @pionerbel
Download Telegram
#архітэктурабсср #піонэрархнагляд
Міжваенны будынак канторы дзяржбанка ў Оршы:
1. фота 1930-х гадоў
2-3. фота часоў нямецкай акупацыі
4. цяперашні стан.
#архітэктурабсср #піонэрархнагляд
Заўважыў нядаўна, што рабочы пасёлак фабрыкі штучнага шоўка ў Магілёве быў забудаваны дамамі (3 штукі) аналагічнага праекту, што і жылы дом для чыгуначнікаў на вуліцы Маскоўскай у Мінску (1930-32 гг. архітэктары А. Воінаў, А. Крылоў, М. Гіляраў).
Да нашага часу гэты квартал у Магілёве не захаваўся, быў разбураны ў часы нямецкай акупацыі.
#архітэктурабсср #піонэрархнагляд
Было/стала.
Канструктывісцкая актавая зала былога галоўнага корпуса БДУ у Менску (арх.Запарожац, 1927-1930) пасля вайны ператварылася ў актавую залу ў стылі сталінскага ампіра і цяпер належыць Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту.
Цытата з даведкі ГКК: "На другім паверсе захоўвалася актавая зала ў існуючых габарытах на 600 месц з эстрадай і балконам, але цалкам рэканструяваная. Змяншаліся аконныя праёмы, часткова рабіўся вышэйшым узровень падлогі, існаваўшы збоку балкон замяняўся балконам на 200 месц у тарцы залы, а на месцы старога балкона прапаноўвалася зрабіць 3 паўкруглыя балконы на 5-7 месц. У зале была запраектавана кесонная столь і высокаякасная аддзелка сцен з ляпным дэкорам".
#піонэрархнагляд
Рэдкія кадры канструктывісцкіх будынкаў Мінска, зробленыя архітэктарам Сяргеем Багласавым ў красавіку 1992 года.
1. Дом Урада (1930-1933).
2. Фабрыка-кухня (1930-1934).
3. Паліклініка на Мяснікова (1930).
4. Жылы дом на Мяснікова 40 (1930, цяпер перабудаваны у офісны будынак).
5. Жылы дом на рагу Камсамольскай і Маркса (1929-1930).
6. Дом энергетыкаў на Кірава (1929-1930).
7. Жылы дом на Леніна 15 (1928, надбудаваны ў канцы 1930-х).
8-9. Дамы на Ленінградскай (1930-я).
10. Дом на Кірава 33 (канец 1930-х).
#архітэктурабсср #піонэрархнагляд
Будынак электрастанцыі Бабруйскага дрэваапрацоўчага камбіната (цяпер ААТ "ФанДОК") на фота 1930 года і цяпер (здымку з зямлі не знайшоў).
Як бачна, захаваўся будынак даволі добра і вялікіх зменаў у яго архітэктуры не назіраецца, адзінае што доступ да гэтага ўзору прамысловай архітэктуры канца 1920-х гадоў маюць толькі супрацоўнікі прадпрыемства.
#піонэрархнагляд #архітэктурабсср
Аказваецца, не толькі у першыя пасляваенныя гады знаходзіліся аматары памяняць скупы на архітэктурныя прыгажосці канструктывізм на нешта больш выразнае і яскравае (напрыклад, у Мінску некалькі канструктывісцкіх будынкаў напрыканцы 1940-х перабудавалі пад "сталінскі ампір", каб яны адпавядалі архітэктуры новага праспекту).
У Магілёве можна назіраць сучасны прыклад такой змены архітэктурнага стылю - даваенны корпус №3 Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта стаяў у амаль нязменным выглядзе да сярэдзіны 2000-х. Калі надышоў час ягонай рэканструкцыі, уладальнікі, напэўна, падумалі, што шэрая канструктывісцкая скрынка - гэта сумна, і вырашылі дадаць ёй рысы барока. Вынік можаце назіраць на шэрагу фота 1950-х, 2004 і 2016 гадоў.
#архітэктурабсср #піонэрархнагляд
Адзін з самых распаўсюджаных даваенных тыповых праектаў у Беларусі - 24-кватэрны жылы дом з магазінам, распрацаваны арх.Налляй Макляцовай ў 1936 годзе. Яго версіі захаваліся ў Мінску (фота 2-5), Гомелі (фота 6) і Магілёве (фота 7-9) - усяго 8 дамоў.
#архітэктурабсср #піонэрархнагляд
Яшчэ адзін малавядомы аб'ект міжваеннай прамысловай архітэктуры Беларусі - корпус былой акулярнай фабрыкі ў Віцебску (цяпер "Віцебскі завод электравымяральных прыбораў"), пабудаваны ў сярэдзіне 1930-х гадоў. Захаваўся у змененым выглядзе, схаваны ў двары прадпрыемства за пасляваеннымі карпусамі.
#піонэрархнагляд #архітэктурабсср
Тэлеграм-канал ДВА "Мінскбуд" паведаміў пра хуткі пачатак работ па рэканструкцыі будынка па адрасе вул. П. Броўкі д.1 у Мінску - былога адміністрацыйнага корпуса Клінічнага гарадка, пабудаванага паводле праекта архітэктара Георгія Лаўрова (аўтар часткі будынкаў студгарадка БДУ і былой Ленінскай бібліятэкі) на пачатку 1930-х гадоў.
Аўтары рэканструкцыі (генпраектыроўшчык - Мінскграмадзянпраект, архітэктурна-рэстаўрацыйныя рашэнні - "Навукова-праектны цэнтр "РЭСТАБІЛІС") кіраваліся праектнымі матэр'яламі Лаўрова з архіваў і імкнуліся вярнуць будынку арыгінальны канструктывісцкі выгляд. Згодна з праектам рэканструкцыі будынку будуць вернуты:
- пляцоўка на даху, з магчымасцю яе эксплуатацыі;
- першапачатковы каларыт фасадаў;
- аконная і дзвярная сталярка, якая адпавядае гістарычнаму характару;
- аб'ёмна-прасторавае рашэнне паводле першапачатковага аўтарскага праекта.
Беларускі піонэр
Корпус туберкулезной больницы на 90 мест в Новобелице, Гомель, построенный в 1932 году. Автор проекта Александр Воинов, возможно в соавторстве с Николаем Гиляровым и Андреем Крыловым, они тогда работали как трио. Скорее всего сохранился до наших дней, сейчас…
#архітэктурабсср #піонэрархнагляд
З нагоды публікацыі новага здымка міжваеннага корпуса гомельскай туберкулёзнай бальніцы на канале "Батискаф историка", канал "Беларускі піонэр" правёў краязнаўчае даследванне і высветліў, што з вялікай верагоднасцю даваенны корпус бальніцы захаваўся да нашых дзён, праўда ў вельмі-вельмі-вельмі перабудаваным выглядзе.
Пры параўнанні амерыканскага спадарожнікавага здымка 1964 года і сучасных выяў тэрыторыі бальніцы выявілася, што структурна стары будынак і цяперашні галоўны корпус вельмі падобныя (контур будынка, размяшчэнне лесвічных клетак). Выходзіць, што за гады, арыгінальны канструктывісцкі будынак павялічыўся на паверх, аброс прыбудовамі, а таксама да яго фасадаў былі дабудаваны ячэйкі з балконамі, якія вельмі моцна змянілі знешні выгляд.
#архітэктурабсср #піонэрархнагляд
У міжваеннай архітэктуры Гомельшчыны і часткова Магілёўшчыны ёсць адзін патэрн, які паўтараецца на многіх аб'ектах - афармленне ўваходнай групы ў будынак у выглядзе блока дзвярэй, аточанага рызалітамі з вертыкальным шкленнем, і прыкрытага зверху навесам-балконам з калонамі ці без. Такія патэрны заўважныя на наступных аб'ектах:
1. Гомельская паліклініка (зараз закінута).
2. Гомельскі педкаледж (былая школа).
3. Адміністрацыйны будынак (былая сталоўка) Гомсельмаша.
4-5. Клуб чыгуначнікаў у Гомелі (зараз перабудаваны пад класіцызм).
6. Малая зала таго ж клубу, якую пакінулі ў арыгінальным выглядзе.
7-8. Клуб папернікаў у Добрушы.
9. Сталоўка ў Рэчыцы (не захавалася).
10. Гімназія ў Бабруйску (былы армейскі клуб).
Існуе тэорыя, што дадзены патэрн - гэта мастацкі прыём знакамітага гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага, але ж не для ўсіх пералічаных аб'ектаў пацвярджаецца ягонае аўтарства.
#піонэрархнагляд
Невялікі тэматычны офтопік - мая нядаўняя кразнаўчая знаходка, звязаная з родным горадам Маладзечна.
У Цэнтральным архіве Літвы (LCVA) знайшоўся ўнікальны фотаздымак таго, як выглядаў маладзечанскі рэктыфікацыйны завод да яго перабудовы ў староства ў 1927 годзе.
Сам завод быў пабудаваны ў 1897 годзе і да Першай сусветнай належыў панам Іпаліту Гечэвічу (1854-1935) і Аляксандру Любанскаму (?). Пасля Савецка-Польскай вайны 1919-21 гг Маладзечна аказалася ў складзе Польскай Рэспублікі і ў 1925 годзе польскія ўлады вырашылі выкарыстаць закінуты і разбураны войнамі завод пад перабудову ў адміністрацыйны будынак Маладзечанскага староства, выкупіўшы руіны ў Гечэвіча.
Праект перабудовы завода ў адміністрацыю быў зроблены ў 1925 годзе. Аўтар - варшаўскі архітэктар Конрад Клос, брат знакамітага прафесара Віленскага ўніверсітэта і гісторыка архітэктуры Юльюша Клоса, аднаго з тэарэтыкаў нацыянальнага польскага стылю ў архітэктуры 1920-х.
Сёння ў будынку былога староства месціцца падатковая інспекцыя.
#архітэктурабсср #піонэрархнагляд
Працягваю даследаваць беларускую міжваенную прамысловую архітэктуру. Не так даўно натыкнуўся на выяву будынка хлебазавода ў Бабруйску пасля вызвалення горада ў 1944 годзе (фота 1, дарэчы, на сценах можна бачыць нямецкі камуфляж). Затым згадаў, што ўжо бачыў ягоную фотку пасля аднаўлення у 1949 годзе (фота 2) у буклеце да 30-годдзя БССР.
Пагугліў - аказалася, што хлебазавод быў пабудаваны ў 1931 годзе, як адзін з аб'ектаў 1-й пяцігодкі. Сам будынак захаваўся, але з шматлікімі прыбудовамі (што добра бачна на сучасным аэрафотаздымку). Будынак знаходзіцца ў глыбіні прамзоны, так што сучасных яго здымкаў з зямлі я не знайшоў.
#піонэрархнагляд #архітэктурабсср
Працягваюцца працы па рэканструкцыі даваеннага адміністрацыйнага корпуса клінічанага гарадка (цяпер 1-я клінічная бальніца) у Мінску на вул.Броўкі 1.
Аб'ёмы лесвічных клетак прыведзены да габарытаў першапачатковага праекту, распрацаванага архітэктарам Георгіем Лаўровым у 1930 годзе. Таксама ў левай частцы будынка плануецца зрабіць пляцоўку на даху, як тое было запраектавана першапачаткова .
#архітэктурабсср #піонэрархнагляд
Міжваенны будынак паліклінікі ў залінейным раёне Гомеля (вул.Катоўскага, 56) на фотаздымках 1930 і 2010 гадоў.
Будынак у стылі канструктывізма пабудаваны напрыканцы 1920-х гадоў, імя архітэктара невядомае.
Нядаўна з'явілася інфармацыя, што старую паліклініку, якая ўжо больш за 15 гадоў стаіць закінутай, збіраюцца ў хуткім часе знесці. Статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці будынак не мае.
#архітэктурабсср #піонэрархнагляд
Праект рабочай сталоўкі ў Рэчыцы канца 1920-х гадоў (фота 1). Лічыцца, што аўтарам праекта быў гомельскі архітэктар Станіслаў Шабунеўску, да таго ж паводле гэтага ж праекта (толькі адлюстраванага па восі) у той жа час была пабудавана сталоўка Сельмаша ў Гомелі (фота 2). У наш час той будынак захаваўся ў моцна перабудаваным выглядзе.
У Рэчыцы ж сталоўка таксама была пабудавана, але да нашага часу ад яе не засталося і следу. На касмічных здымках "Гугла" за 2010 год (фота 3) яшчэ можна пабачыць скрынку былой сталоўкі на вуліцы 10 гадоў Кастрычніка (тапаніміка, дарэчы, таксама з эпохі 1920-х), на здымку ж 2012 года (фота 4) на яе месцы ужо акуратная пустка.
На жаль, здымкаў з зямлі той рэчыцкай сталоўкі знайсці не ўдалося.