НАВУМЧЫК
1.24K subscribers
137 photos
12 videos
168 links
Сяргей Навумчык
Download Telegram
Да пытаньня “Калі можна ЗША — значыць, можна і Расіі?”.

А калі Расіі было нельга? Прыгадайце апошні падзел Рэчы Паспалітай у 1795. Ці больш сьвежае — “крамлёўскі дэсант” і ўратаваньне Лукашэнкі ад імпічмэнту ў 1996.

І вяртаньне сьвету ў XIX стагодзьдзе (“права моцнага”) пачалося не з захопу нелегітымнана кіраўніка Венэсуэлы — а з анэксіі тэрыторый, прызных усім сьветам (у тым ліку і Крамлём) законнымі часткамі Украіны.
Падсумуем. Мадура ня быў легітымным, апэрацыя спецсілаў ЗША — бліскучая, народ Венэсуэлы мае права на лепшае жыцьцё (як і народ Беларусі, ды і кожны народ, які знаходзіцца пад тыраніяй).

Цяпер важна: ці паспрыяюць ЗША замене “чавэсаўскай” мадэлі на дэмакратычна абраную ўладу (а гэта няпросты працэс менавіта для Трампа) — альбо пакінуць гэтую мадэль, усяго толькі пераарыентаваўшы на інтарэсы энэргетычных карпарацый ЗША (вельмі просты працэс менавіта для Трампа).

Ад гэтага і будзе залежыць ацэнка, якую дасьць падзеі 3 студзеня Гісторыя.
Трэці дзень чытаю пра “парушэньне нормаў міжнароднага права”. І тры дзесяцігодзьдзі беларуская апазыцыя, у розных яе рэінкарнацыях, безвынікова спрабуе пазбавіца дыктатара, дзейніючы выключна ў межах “прававых нормаў” і “мірнага пратэсту” (якія, дадам, найстойліва навязвалі апазыцыі заходнія палітыкі ды “рэсурсныя цэнтры”, пэрыядычна заганяючы яе на “выбары”, хаця — якія выбары пра дыктатуры?).

Увогуле, я, на падставе і палітычнага, і жыцьцёвана досьведу — за эвалюцыйны, а не рэвалюцыйны шлях разьвіцьця. І дапускаю вымушаныя кампрамісы з аўтакратам, калі ён хоць у нейкай ступені рухае краіну да, умоўна кажучы, прагрэсу.

Але калі аўтакрат ператвараецца ў дыктатара і пачынае страляць у народ… У такіх умовах што народ мае права на паўстаньне, што зьнешнія сілы — на адэкватныя дзеяньні, каб паспрыяць вызваленьню гэтага народа.
Трамп мае рацыю, кажучы пра важнасьць Грэнляндыі для бясьпекі ЗША. І вакол яе сапраўды сканцэнтраваліся расейскія і кітайскія караблі (расшыфруем: ядзерныя падводныя лодкі).

Але Грэнляндыя - тэрыторыя Даніі. І ЗША, і Данія — члены NATO, і пытаньне бясьпекі трэба вырашаць у фармаце ўмацнаваньня саюзьніцтва, а не бяздумнага развалу альянсу, які, пры ўсіх сваіх недахопах, сёньня супрацьстаіць Маскве (у тым ліку - і дапамогай Украіне).

Вашынгтон няздольны ізалявана супрацьстаяць адначасна і Маскве, і Пекіну, гэта геапалітычная аксыёма.
Вы падтрымалі б дастаўку Лукашэнкі ў Гаагу з парушэньнем нормаў міжнароднага права?
Anonymous Poll
69%
Так
26%
Не
5%
Ня маю адказу
Пішуць, што ахову Мадура складалі кубінцы. Прыгадваецца, як адразу пасьля “выбараў” 1994 (а па сутнасьці — апэрацыі Лубянкі па прасоўваньню свайго чалавека на пасаду прэзыдэнта Беларусі) Лукашэнку ўзяло пад ахову ФСБ (тады - ФСК) РФ, і афіцэры ФСК (ясна, грамадзяне РФ) занялі ключавыя пасады ў КДБ РБ.

Дэпутаты Апазыцыі БНФ былі адзінымі ў парламэнце, хто летам 1994 выступіў супраць рэзкага ўзмацненьня экспансіі Масквы пры ўжо прэзыдэнцкай уладзе — астатніх гэта задавальняла. Альбо — не жадалі сварыцца з Лукашэнкам, бо ішла раздача пасадаў.

Ну, а насельніцтва… Ня будзем пра насельніцтва, бо і сёньня з Крымам для некаторых “неоднозначно”.
Людзі майго пакаленьня ведаюць гэтую лічбу не з падручнікаў гісторыі (там яе, калі не памыляюся, не было), а з першых фраз “Малай зямлі” Брэжнева. Я і цяпер магу працытаваць па памяці : “Дневников на войне я не вёл. Но 1418 дней и ночей — не забыты».

Сёньня працягласьць таго, што Крэмль называе “специальной военной операцией», зраўнялася з тым, што ў пуцінскіх і лукашэнкаўскіх падручніках завецца Вялікай Айчыннай вайной.

1418 дзён падзеньня ў бездань Расеі і, прама скажам, ганьбішча расейскай арміі, яе, як фармулюе вайсковы статут, “командиров и начальников». І найперш — самага галоўнага, крамлёўскага начальніка. Параўнайце “посьпехі” пуцінскай арміі з тым, колькі прайшла ў 1941-45 Чырвоная армія.

Кумір цяперашняга крамлёўскага кіраўніцтва (ды і большай часткі расейскага народа) таварыш Сталін за такія “посьпехі” сарваў бы пагоны з камандуючых франтамі і арміямі, а іх саміх ператварыў бы ў “лагерную пыль”.

Перамогі Масквы ня будзе. Дэградуючы ва ўсіх сфэрах — ад ваеннай да навуковай — расейскі імпэрскі праект павольна, але няўхільна набліжаецца да свайго фіналу.
ЦІ НЕ ЗАШМАТ «ЗАСТАЛІЧАНАЯ» БЕЛАРУСЬ?

Днямі «Наша Ніва» зьмясьціла меркаваньні пісьменьніка і мастака Адама Глобуса пра «сталічнасьць» і «правінцыйнасьць». Тэма ў нас практычна не закранаецца — і тым цікавей пачуць развагі ад аднаго з найбольш яскравых прадстаўнікоў «гарадзкой прозы» (магчыма, нават аднаго зь яе пачынальнікаў).

Але чытаць зь цікавасьцю — зусім не азначае згоду з усім, што прачытаў.

Вось Адам Глобус кажа, што Менск імгненна зрывае пыху з правінцыяла, як толькі той спускаецца ў мэтро, дзе ўсе роўныя. Назіраньне, магчыма, слушнае. Бяда толькі ў тым, што найбольш пыхлівыя правінцыялы ня езьдзяць у мэтро — як і найбольш пыхлівыя «сталічнікі».

Я шмат разоў чуў ад віцяблянаў ці гарадзенцаў пра пыхлівасьць мянчанаў — і вось цяпер чытаю ў Глобуса пра пыхлівасьць правінцыялаў. Перакананы, што чалавечыя якасьці не залежыць ад месца жыхарства. Роўна як і не залежыць яны ад роду заняткаў ці таго, што прынята называць сацыяльным статусам. У маім досьведзе якраз адваротныя прыклады — са студэнцкіх гадоў ніколі не адчуваў «сталічнай ганарлівасьці» у Вінцука Вячоркі, Сяргея Дубаўца ці Алеся Сушы, бацькі якіх займалі высокія пасады — і бачыў яе ў некаторых іншых мянчукоў, дзяцей «звычайных» бацькоў. Цяжка сказаць, што тут уплывае — характар, выхаваньне, інтэлект, ці нешта іншае, ці ўсё разам.

Адам Глёбус кажа пра неабходнасьць узмацненьня «сталічнасьці — а на маё перакананьне, праблема якраз адваротная. Мы бачым празьмерную «засталічанасьць», «заменчанінасьць» краіны.

Тэма гэта комплексная, пачатак, напэўна, ідзе з 1930-х, калі была выразаная пад корань ці ня ўся палітычная, творчая ды навуковая эліта. Варта ўзгадаць масавы пераезд з рэгіёнаў (пераважна зь вёсак) у Менск у 1950- 60-я гады на будаўніцтва прамысловых гігантаў, ды і новыя капіталістычныя адносіны (хай і ў варыянце «рынкавага сацыялізму» ) надала працэсу дынамізму.

Сёньня Менск сканцэнтраваў на сабе практычна 100% уплыву ва ўсіх сфэрах жыцьця.

Гэта — анамалія, якую заўважаў нават Лукашэнка (ці не адзінае, у чым я зь ім пагаджуся). Іншая справа, што яна якраз частка мадэлі ягонай пэрсаналісцкай улады, і ён не зацікаўлены ў пераменах.

У дэмакратычных краінах такой канцэнтрацыі няма.

Разумею, цяпер ЗША ў якасьці прыкладу дэмакратыі прыводзіць ня модна, але тым ня менш. Шмат якія агульнаамэрыканскія дзяржаўныя органы ЗША разьмешчаныя не ў Вашынгтоне, а ў іншых гарадах (гэта добра ведаюць эмігранты, якім даводзіцца зьвяртацца туды па розныя дакумэнты).

Штаб-кватэры большасьці вядучых амэрыканскіх СМІ — не ў Вашынгтоне. Рэдакцыя «Los Angeles Times», аўтарытэтнай ня менш за «The Washington Post», зусім не ў сталіцы, і не ў Лос-Анджэлесе нават, а ў гарадку Эль-Сэгунда, аж 17 тысяч насельніцтва (менш за Крычаў; журфакаўскі жарт «Мяне разьмеркуюць у «Крычэў Сайнс Манітор» — ад The Christian Science Monitor — не такі ўжо і жарт... Дарэчы, рэдакцыя CSM — у Бостане).

У Вашынгтоне няма кінастудый, роўных тым, што месьцяцца ў Каліфорніі, няма тэатра, роўнага Guthrie Theater у Мінеаполісе, а бостанскія ўнівэрсытэты перакрываюць нават не амэрыканскія, а сусьветныя рэйтынгі. Для параўнаньня: ведаю, што ў 1970-90 гады ў пяці абласных цэнтрах Беларусі пражывалі толькі некалькі акадэмікаў, ва ўсякім разе, у Віцебску дзесяцігодзьдзямі жыў толькі адзін, член-карэспандэнт — але потым і ён зьехаў у Менск.

І гэта я ня ўзгадваю тое, што ёсьць у Нью-Ёрку...

ПАЛІТЫЧНАЕ РАССТАЛІЧВАНЬНЕ

У Чэхіі Канстытуцыйны Суд месьціцца не ў сталіцы, а ў Брне — за 200 км ад Прагі. Ехаць са сталіцы на аўто — дзьве гадзіны (гэта па трасе, а яшчэ выбрацца з праскага трафіку!). (1/3)
(2/3) Наколькі разумнае такое рашэньне, сьведчыць якраз паралель зь Беларусьсю. Як распавядалі мне некаторыя былыя члены Канстытуцыйнага Суду, у 1996-м лёс звароту дэпутатаў аб імпічмэнце Лукашэнкі вырашыўся літаральна ці не за гадзіну — у межах якой пасланец Лукашэнкі прайшоў колькі сотняў мэтраў ад будынку адміністрацыі да будынку КС, пагутарыў зь яго старшынём Ціхінем, потым старшыня наведаў адміністрацыю, а вярнуўшыся ў свой кабінэт, абвясьціў пра скасаваньне разгляду пытаньня аб імпічмэнце. Месцазнаходжаньне КС у Віцебску, напрыклад, магло б сарваць падобную апэрацыю. Я, вядома, утрырую, але сэнс, мяркую, зразумелы.

Пэўнае «рассталічваньне», ва ўсякім разе ў палітычнай сфэры, у нас пачаліся ў пачатку 90-х гадоў. Калі раней у БССР палітыкам «рэспубліканскага» маштабу лічыліся тыя, хто ўзначальваў ЦК і Саўмін (і адпаведна, жыў у Менску), дык першыя адносна дэмакратычныя выбары літаральна цягам некалькіх месяцаў зрабілі Галіну Сямдзянаву з Наваградку, Лявона Баршчэўскага з Наваполацку, Алеся Шута з Лагойску, Мікалая Крыжаноўскага з Жодзіна палітыкамі агульнанацыянальнага маштабу (што праўда — і Аляксандра Лукашэнку са Шклову). Зьнішчэньне парлямэнтарызму ізноў «зацэнтралізавала» палітычнае жыцьцё, і ў гэтым сэнсе вылучэньне Аляксандра Мілінкевіча з Горадні было спробай зламаць «засталічваньне».

БЯЗ «РУССКОГО МИРА»

Калі ж глядзець глыбей, праблема ня ў плоскасьці супрацьпастаўленьня «сталіца — правінцыя», а супрацьстаяньня «беларускасьць — русский мир».

Скажам, звычайна для актора ці сьпявака лічыцца пажаданым перабрацца ў сталіцу (бо ў ёй лепшыя тэатры, найбольшыя канцэртныя пляцоўкі звычайна ў сталіцы, плюс кінастудыі, і г.д.). І Менск, і Талін, і Масква — сталіцы. Але для эстонскага сьпявака пераезд у Маскву — нонсэнс, гэтак пытаньне нават ня ставіцца. Для значнай жа колькасьці менскіх актораў, асабліва маладога пакаленьня, «пакарыць Маскву» — мара. Тут шмат прычынаў, але ўсе ўрэшце рэшт завязваецца на ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці. Талінец набудзе найперш кніжку на эстонскай мове, пойдзе на канцэрт эстонскага сьпявака.

Пачалося гэта, зноў жа, ня сёньня, фармавалася дзесяцігодзьдзямі, і спалучалася з тым жа самым высмоктваньнем у Менск. Вёска як носьбіт беларускай мовы зьнікала, а галоўнай умовай адаптацыі новых сталічных жыхароў была абавязковая адмова ад роднай мовы. Калі не яны самі, дык іх дзеці цалкам пераходзілі на «правильный язык». Тычылася тое ўсіх без выключэньня сфэраў, у тым ліку і творцаў, і нават пісьменьнікаў (у гэтым сэнсе сам Адам Глёбус — шчасьлівае выключэньне з прыкрай традыцыі).

На вялікі жаль, на 35-м годзе незалежнасьці Менск усё яшчэ для значнай часткі яго жыхароў застаецца шмат у чым правінцыйным горадам, на пэрыфэрыі расейскага культурнага, адукацыйнага, навуковага поля (пра палітычны, эканамічны і ваенны аспэкт ужо і ня ўзгадваю). Сытуацыю істотна пагоршыла вымушаная эміграцыя вялікай колькасьці творчай (і ня толькі творчай) інтэлігенцыі.

НОВЫЯ «АРЫСТАКРАТЫ»

Адам Глобус кажа пра «арыстакратычнасьць», прывязваючы яе да «сталічнасьці» (ва ўсякім разе, я зразумеў гэтак). Ня ведаю, што ён укладае ў паняцьце арыстакратызму — у клясычным разуменьні, арыстакратыя ў Беларусі была зьнішчаная шмат дзесяцігодзьдзяў таму, саслоўнага дзяленьня няма.

Але калі б яно цяпер зьявілася... «Герцагіня Качанава», «барон Гігін», «граф дэ Карпянкоў» — як вам? -

Насамрэч, не да сьмеху. Новая арыстакратыя (зразумела, з папраўкай на сучасныя рэаліі) ужо практычна сфармаваная, і гэта зусім ня тыя, каго прынята далучаць да нацыянальнай эліты. Дзясяткі і дзясяткі набліжаных да Лукашэнкі сем’яў маюць актывы на дзясяткі, а то і сотні мільёнаў даляраў кожны. Большасьць зь іх, вядома, канцэнтруецца ў Менску. Іх нашчадкі ў пакаленьнях, пры жаданьні, могуць ужо не працаваць і ўсё роўна заставацца ў вышэйшым слоі грамадзтва (што, уласна, і адбываецца з арыстакратыяй у яе традыцыйным клясычным разуменьні).

І давайце ня цешыць сябе ілюзіямі: нават пры зьмене ўлады на дэмакратычную, асноўная частка гэтай «новай сталічнай арыстакратыі» свае капіталы і сваю маёмасьць захавае. Ня ўсе, канешне, але — большасьць зь іх.
(3/3) А гэта — у тым ліку і палітычны ўплыў праз валоданьне СМІ, лабіраваньне ды іншыя мэханізмы, якія цалкам сабе легальна дзейнічаюць і ў краінах з устойлівай дэмакратыяй і вяршэнствам права.

І праблема ня ў тым, што гэта будуць былыя паплечнікі Лукашэнкі ці, калі хочаце, калябаранты з рэжымам. Яны ўжо цяпер апалягеты «русского мира», і ў лепшым выпадку трансфармуюцца ў «Без России нам не выжить!» ды «У нас два государственных языка!». Іх фінансавыя магчымасьці доўгі час будзе несувымерна большыя, чым актывы нацыянальна арыентаванага бізнэсу (якому яшчэ давядзецца стаць на ногі).

Уплыў гэтай «арыстакратыі» выразна прарасейскага накірунку будзе адчувацца дзесяцігодзьдзямі. Прычым, паўтаруся, праз дэмакратычныя мэханізмы.

ПРА «ПАЛЕСКУЮ АЎТАНОМІЮ»

«Наша Ніва» надрукавала таксама і выказваньні Адама Глобуса пра ідэю т.зв. палескай аўтаноміі, папулярную ў канцы 80-х гадоў.

Тэма вымагае сур’ёзнага аналізу, але абмяжуюся кароткай рэтраспэкцыяй.

Ідэя «палескай адметнасьці», якая ўзьнікла ў канцы 80-х у межах беларускага дэмакратычнага руху (некаторыя яе прыхільнікі спрычыніліся да ўтварэньня «Мартыралёгу» і БНФ), даволі хутка трансфармавалася ў варожую для беларускай незалежнасьці плынь.

Больш дакладна — ёй актыўна дапамаглі трансфармавацца. Была ўтвораная структура, якая ўвайшла ў створанае ў альтэрнатыву БНФ «Народное движение Беларуси» (НДБ) на чале з супрацоўнікам Саўміну Сяргеем Гайдукевічам (тым самым, які потым узначаліць мясцовых «жырыноўцаў», а потым будзе спойлерам Лукашэнкі на «выбарах»).

НДБ ставіла сваёй мэтай інкарпарацыю Беларусі ў склад Расеі, у 1993 годзе стварала ілюзію «народнай падтрымкі» ідэі далучэньня Беларусі да сыстэмы АДКБ, кантраляванай расейскім Генштабам. Нагадаю, што ўвесну 93-га менавіта дэпутат Лукашэнка «прабіваў» пытаньне аб АДКБ у парадак дня сэсіі ВС, чым, перакананы, і зьвярнуў увагу пэўных структураў у Маскве (а магчыма — зацікавіў яшчэ раней, а на сэсіі ўжо адпрацоўваў тую ўвагу).

Як заявіў мне тады адзін з лідэраў ідэі «палескай аўтаноміі», які адмовіўся са мной размаўляць па-беларуску (хаця мову ведаў добра), «Мы вам устроим события почище Карабаха».

Вось жа, не атрымалася.
Сёньня Ірыне Міхайлаўне Быкавай — 99! Яна па-ранейшаму ў бальніцы. Молімся за яе здароўе.
Сёньня 100 гадоў з дня народзінаў Янкі Філістовіча, актывіста Беларускай Незалежніцкай Арганізацыі Моладзі ў Францыі, сябры Рады БНР. У 1951 у ліку іншых беларускіх патрыётаў ён быў закінуты дэсантам у Беларусь для арганізацыі антысавецкага змаганьня (мэта — выхад Беларусі са складу СССР). У вёсцы Вязынь Вілейскага раёну Філістовіча здаў мясцовы жыхар, за што і атрымаў ад МГБ (КГБ) узнагароду — матацыкл. Філістовіча расстралялі.

У 1992 годзе разам зь іншымі дэпутатамі БНФ я зьвяраўся да старшыні КДБ РБ Шыркоўскага з запытам аб рэабілітацыі Філістовіча — безвынікова. Ня ведаю, ці пры маім жыцьці, але ў дэмакратычнай незалежнай Беларусі будуць і помнік Філістовічу, і вуліца ягонага імя — калі толькі беларусы не захочуць паўтору дыктатуры і панаваньня Масквы. Фота — з фондаў Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва (Нью-Ёрк).
Трамп спыніў іміграцыйнвя праграмы для грамадзянаў у тым ліку і Беларусі. Да прыкладу, працэдуру ўзьяднаеьня сем’яў. Гэта цалкам легальныя віды эміграцыі, якія на ўсіх этапах кантралююцца дзяржорганамі ЗША і цалкам аплочваюцца самімі заяўнікамі. Прычым у абсалютнай большасьці выпадкаў дзяржава не нясе выдаткаў на ўтрыманьне ўжо “новых амэрыканцаў” пасьля іх прыбыцьця (скажам, калі такі чалавек трапляе ў шпіталь і ня мае страхоўкі, паслугі медыкаў аплочвае той, хто яго запрасіў у ЗША).

Адзін са складнікаў магутнасьці Амэрыкі — тое, што гэта краіна эмігрантаў, яна не хварэла на ізаляцыянізм. Паглядзіце на сьпісы амэрыканскіх нобэліянтаў у фізыцы, хіміі, мэдыцыне, эканоміцы: добрая частка ляўрэатаў - эмігранты ў трэцім-другім, а часам і ў першым пакаленьні.

… Ня ведаю, ці пачала б Расея вайну супраць Украіны, калі б у той час прэзыдэнтам быў Трамп, на чым ён настойвае. Але ведаю дакладна, што калі б у канцы XIX стагодзьдзя Трамп быў у Белым доме, — Амэрыка ня мела б свайго т.зв. неафіцыйнага гімну God Bless America, бо аўтар яго, Ірвінг Бэрлін з Магілёўшчыны, ня здолеў бы эміграваць у ЗША.
Днямі адзін вядомы чалавек напісаў, што Беларусь у 1991 годзе стала незалежнай «за кампанию». Падобнае, у розных варыяцыях («независимость свалилась на белорусов неожиданно, как гром с ясного неба») вы маглі чуць неаднаразова, у тым ліку і ад людзей з сусьветнай вядомасьцю, але, на жаль, з мінімальным разуменьнем нацыянальнай гісторыі.

За тры дзясяткі гадоў рэжым суцэльна выпаліў праўду з сыстэмы адукацыі ад школьнай да ўнівэрсытэцкай, дзяржаўная прапаганда не спыняла енк па «развале великой страны», які шызафрэнічным чынам спалучаўся з прыпісваньнем утварэньня дзяржаўнасьці Лукашэнку (стэнаграмы сэсіяў ВС, на якіх дэпутат Лукашэнка пасьлядоўна выступаў супраць гэтай дзяржаўнасьці, схаваныя ў «спэцхран»). У выніку ў сьвядомасьці абсалютнай большасьці насельніцтва адсутнічае разуменьне гістарычнай праўды — і пра эўрапейскае мінулае беларусаў, і пра змаганьне беларусаў за ўласную сувэрэннасьць.

Гістарычная ж праўда палягае ў тым, што абвяшчэньню Незалежнасьці 25 жніўня 1991 папярэднічалі намаганьні тысяч і тысяч беларусаў, якія на мяжы 1980-90 гадоў скарысталі тое, што цяпер прынята называць «акном магчымасьцяў». Як скарысталі ў пачатку ХХ стагодзьдзя ўсходнеэўрапейскія народы аслабленьне Аўстра-Угорскай імпэрыі — і паспрабуйце сказаць чэхам, што ў 1918-м яны атрымалі незалежнасьць «за кампанію».

І калі мы ўжо прыгадалі чэхаў... Кажуць, што колькасьць прыхільнікаў БНФ, увогуле тых, хто ў 91-м выходзіў на плошчы з патрабаваньнем Незалежнасьці, складала добра калі 1,5-2% насельніцтва БССР. У адказ на гэта не стамляюся нагадваць, што і ў дні «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 году на Вацлаўскай плошчы ў Празе зьбіралася столькі ж (калі ня меней) ад агульнай колькасьці жыхароў тагачаснай ЧССР. Але ў крытычныя моманты гісторыі лёс народа вырашае ягоны авангард, які заўсёды і ва ўсе часы складае меншасьць, і ў гэтым сэнсе тое быў сапраўды народны прарыў да дэмакратыі і свабоды.

Але ёсьць і ня менш важнае. Гэта тое, што гісторыя змаганьня беларусаў за Незалежнасьць вымяраецца не адным толькі 91-м годам, і нават не адным стагодзьдзем.

Пакаленьні і пакаленьні заплацілі за нашую дзяржаўнасьць жыцьцямі і кроўю, турмамі і высылкамі лепшых сваіх сыноў і дачок.

І ня варта абясцэньваць іх змаганьне і іх памяць.
Не лічу сябе дастаткова кампэтэнтным для ўдзелу ў дыскусіі вакол публікацыі Зянона Пазьняка адносна стаўленьня ЭЗ і канкрэтна Германіі да тэмы незалежнасьці Беларусі. Проста не сачу за палітыкай Бэрліну ў належнай для гэтага ступені. Але магу даць для ўдзельнікаў дыскусіі – цалкам кампэтэнтна – гістарычную даведку.

У часе дзейнасьці дэпутацкай Апазыцыі БНФ у ВС-12 мы мелі шмат (фактычна, што тыдзень) сустрэчаў з амбасадарамі Італіі, Францыі, ЗША, Вялікабрытаніі, Польшчы, Турэччыны, іншых краінаў – і ў будынку Вярхоўнага Савета, і ў амбасадах, і ў рэзыдэнцыях амбасадараў, і на дыплямаьычных прыёмах. Як правіла, гутаркі адбываліся зь ініцыятывы дыпляматаў, іх цікавіў лёс Беларусі, лёс яе Незалежнасьці і лёс дэмакратыі.

Не заўсёды нашыя пазыцыі супадалі. Але зацікаўленасьць была сапраўды шчырая, мы гэта адчувалі.

І сярод дзясяткаў амбасадараў былі толькі два, якія НІКОЛІ (за ўсе гады) не сустрэліся з лідэрам парлямэнцкай Апазыцыі БНФ, якая з моманту свайго ўтварэньня дамагалася Незалежнасьці, стварыла пад яе заканадаўчую базу і (адрозна ад парлямэнцкай большасьці) пасьлядоўна адстойвала прыярытэт сувэрэннасьці. Беларусі ва ўсіх ез выключэньня сфэрах.

Гэта – амбасадар Расейскай Фэдэрацыі і амбасадар ФРГ.
Надзвычай цяжка выказвацца пра мэтазгоднасьць (альбо непажаданасьць) перамоваў з Лукашэнкам з той прычыны, што менавіта жыцьцё палітвязьняў з’яўляецца адной зь іх мэтаў. Для тысяч родных і блізкіх зьняволеных якія заўгодна перамовы і якія заўгодна кампрамісы могуць быць апраўданыя выхадам на волю дарагіх ім людзей. І папракнуць іх у гэтым ня мае права ніхто.

Калі ж аналізаваць пытаньне праз гістарычную рэтраспэкцыю, з аднаго боку, а з другога — з улікам сучаснага кантэксту, нязьменна прыходзіш да наступных высноваў.

Усякую «водцепель» (апошнюю па часе — «макееўскую лібэралізацыю) Лукашэнка спыняў, як толькі ўзьнікала рэальная пагроза ягонай асабістай уладзе. Адзінай дапушчальнай формай існаваньня апанэнтаў было — гета, насельнікі якога мусілі сядзець ціха, як мышы. Такі варыянт можа існаваць, мае ён і гістарычныя прыклады — некаторыя акупаваныя Трэцім Рэйхам, а затым камуністычным рэжымам краіны. Але яны сьведчаць, чым завяршаўся супраціў, пакуль панавалі нацызм і камунізм. У Чэхаславаччыне забойства Гейдрыха ў 1942 скончылася зьнішчэньнем Лідзіцэ і масавым тэрорам, «праская вясна» 1968 была раздаўленая савецкімі танкамі.

У Беларусі рэпрэсіі пасьля чарговай «водцепелі» мелі значна больш жорсткі характар, чым папярэднія. Маштаб і працягласьць рэпрэсій цяперашніх супастаўляльны з 1930-мі гадамі.

І той, хто разьлічвае, што Лукашэнка спыніць рэпрэсіі і дазволіць вярнуцца вымушаным эмігрантам, апрыёры мусіць разумець, што ніякай, абсалютна ніякай ня тое што палітычнай апазыцыйнасьці — а проста мінімальнай грамадзкай актыўнасьці Лукашэнка больш не дапусьціць. Тое ж тычыцца і нацыянальных беларускіх ініцыятываў. Бо ўрокі з мінулага Лукашэнка рабіць здольны.

Дапускаю, шмат каго такі варыянт задаволіць — але для яго рэалізацыі не патрэбныя ніякія перамовы: існуе створаная рэжымам «камісія па вяртаньні».

Мы мусім разумець і тое, што пасьля 24 лютага 2022, калі Пуцін напаў на Ўкраіну, сьвет уступіў у іншую эпоху. А Беларусь, тэрыторыя якой была скарыстаная для агрэсіі і эканоміка якой фактычна зрабілася часткай ваенна-прамысловага комплексу Расеі, успрымаецца Захадам як фарпост Масквы для агрэсіі супраць краінаў NATO. Як у такіх умовах здымаць санкцыі з прадпрыемстваў, што робяць элемэнты ваеннай тэхнікі, якая сёньня забівае ўкраінцаў, а заўтра, ня выключана, пачне забіваць літоўцаў, палякаў, чэхаў?

І, бадай, самае галоўнае, што на першы погляд можа здацца суб’ектыўным у кантэксьце тэмы «адарваць Лукашэнку ад Крамля».

Адрозна ад лідэраў 2020 году і, бадай, ужо большасьці апазыцыйных палітыкаў, я асабіста ведаю Лукашэнку вось ужо 35 гадоў. Канешне, за такі час (фактычна, палова чалавечага жыцьця) людзі мяняюцца. Зьмяніўся і Лукашэнка. Але адно засталося ў ім стабільным: поўнае, на нейкім псыхалягічным узроўні непрыманьне ўсяго беларускага, таго, што складае нацыянальную ідэнтычнасьць. А таксама — адданасьць Расеі. Толькі што гэтую адданасьць ён сам пацьвердзіў: "Нас ужо цяжка падзяліць. У абаронным плане мы з Расіяй тут як адзінае цэлае, і на нас глядзець асобна — на Беларусь, асобна на Расію — няма ніякага сэнсу».

Не магу знайсьці лепшай для гэтага ілюстрацыі, чым выступ пісьменьніка Міхаіла Шолахава (ляўрэата Нобэлеўскай прэміі, не пры Трампе будзь сказана) на адным з крамлёўскіх форумаў: "О нас, советских писателях, злобствующие враги за рубежом говорят, будто бы пишем мы по указке партии. Дело обстоит несколько иначе: каждый из нас пишет по указке своего сердца, а сердца наши принадлежат партии".

Сэрца Лукашэнкі належыць Расеі, і бʼецца яно не за Беларусь.
Мінае год прэзыдэнцтва Трампа. Устойлівае адчуваньне дзежавю — гэтак, праз год пасьля абраньня Лукашэнкі, у Беларусі было зьнішчана практычна ўсё, чаго нацыянальная дэмакратыя дамаглася за першыя нады Незалежнасьці, а сама краіна ашаламіла сьвет камуністычнай сімволікай.

Можа падацца, што вынік дзеяньняў Трампа — хаос. Нібыта апынуўся ў прасторы, дзе зьнікла сыстэма арыентацыі, на кожным месцы падсьцерагае пастка, а сябар паводзіць сябе як вораг.

Але гэта не хаос. Гэта прадуманая сыстэма ўльтраправай, ультракансэрватыўнай рэвалюцыі, і пэрыяд хаосу — усяго толькі яе элемэнт, як у кожнай рэвалюцыі. Парадак будзе ўсталяваны, і парадак жорсткі. Вынікам, калі казаць пра новае сусьветнае ўладкаваньне, зробіцца падзел на зоны ўплыву з поўным ігнараваньнем міжнароднага права (якое ўвогуле зьнікне з рэальнасьці) і з абсалютызацыяй права моцнага.

Права забраць сабе ўсё, што гэты моцны пажадае. Без усялякай неабходнасьці тлумачыць тое «патрэбамі нацыянальнай бясьпекі», «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці», ці нейкімі іншымі словамі.

Для Беларусі гэта азначае толькі адно: замацаваньне на доўгія гады ў зоне ўплыву Масквы з усталяваньнем «русского мира» у якасьці дзяржаўнай ідэалёгіі і з пэрманэнтнай рызыкай у кожны момант зрабіцца суб’ектам Расейскай Фэдэрацыі.
Вынікі першага году прэзыдэнцтва Трампа Вы ацэньваеце:
Anonymous Poll
12%
Станоўча
68%
Адмоўна
13%
Яшчэ рана ацэньваць
7%
Ня маю адказу
Дзіўнаватая гісторыя з разваротам над Атлантыкай Air Force One Трампа выклікае асацыяцыю з разваротам самалёта крамлёўскага міністра замежных спраў Прымакова ў 1999-м, ізноў жа над Атлантыкай - які фактычна абазначыў адмову Масквы ад рыторыкі “приверженности общечеловеческим ценностям” і вяртаньне Расеі ў “родную гавань”, дзе яна і была з часоў Івана Жахлівага.

Некаторыя сустрэчы Трампа з эўрапейскімі лідарамі скасаваныя — ён, як выглядае, рве з Эўропай.

Ня менш істотна, што і эўрапейскія лідары, падобна, адмаўляюцца ад тактыкі патураньня прымітыўнаму да карыкатурнасьці эгаізму Трампа, якая ў выніку абарочваецца правалам (і нічым іншым скончыцца ня можа).

Пуцін сваёй агрэсіяй аб’яднаў украінцаў — пабачым, ці Трамп аб’яднае Эўропу.
Дзейнасьць Машэрава як кіраўніка БССР (1965-1980) Вы ацэньваеце:
Anonymous Poll
23%
Станоўча
43%
Адмоўна
33%
Ня маю адказу