ZUBR
538 subscribers
288 photos
25 videos
1 file
519 links
Анлайн-маніторынг падзей у Беларусі. Грамадзянскі кантроль органаў улады.

Бот для сувязі: @zubr_info_bot
Наш чат: @zubr_blr
Бот для назіральнікаў і ГК: @zubr_in_bot

Падтрымаць праект:
https://www.patreon.com/zubr_in

Email: [email protected]
Download Telegram
ZUBR У КР. ФРАКЦЫІ І ВЫБАРЫ

У Каардынацынай радзе новага складу завяршаецца фармаванне фракцый. Гэта аб’яднанні дэлегатаў з агульнымі палітычнымі ці ідэялагічнымі поглядамі. Удзельнік КР ад каманды ZUBR.in узначаліў фракцыю "Грамадзянская салідарнасць". У яе на сённяшні дзень ўваходзяць 19 арганізацый, якія цяпер распрацоўваюць агульную стратэгію фракцыі.

Між іншых асноўных падзей гэтага тыдня ў КР — перадвыбарныя дэбаты кандыдатаў на пасады спікера, віцэ-спікера ды галоўнага сакратара.

Каманда ZUBR.in выказвае падтрымку кандыдатуры Андрэя Ягорава, аднаго з удзельнікаў фракцыі "Грамадзянская салідарнасць". Падчас дэбатаў Ягораў адзначыў, што разглядае КР як платформу і інструмент для развіцця нацыянальна-вызваленчага руху: "КР — гэта рух да нацыянальнага дэмакратычнага руху. І калі мы зможам выйсці праз КР на стварэнне гэтага шырокага нацыянальнага руху, то ў нас з'явяцца магчымасці завяршэння галоўнай справы беларускага народу сёння. Гэта завяршэнне беларускай дэмакратычнай рэвалюцыі". Па нашых меркаваннях, на пасадзе спікера КР досвед Ягорава як метадолага і палітолага і такая яго вызначаная пазіцыя будуць спрыяць аб'яднанню праз КР палітычнага і радыкальнага крылаў беларусаў і высілкаў усёй дэмакратычнай супольнасці на завяршэнне рэвалюцыі ў Беларусі.

Выбары спікера, віцэ-спікера і сакратара КР будуць праходзіць згодна са Статутам Каардынацыйнай рады. Такую назву атрымаў Рэгламент пасля яго прыняцця новым складам КР на пачатку тыдня. Дэлегат ад ZUBR.in браў актыўны ўдзел у працоўнай групе па распрацоўцы Статута. Усе прынцыповыя прапановы нашай каманды былі ўключаныя ў канчатковы праект дакумента. Статут, па якім плануецца працаваць цягам бліжэйшага году, будзе апублікаваны ў самы бліжэйшы час.

Зваротная сувязь: @zubr_info_bot
КААРДЫНАЦЫЙНАЯ РАДА. З ЧАГО СКЛАДАЕЦЦА І ЯК ПРАЦУЕ

Другі склад Каардынацыйнай рады гэтымі днямі рыхтуецца да поўнага запуску. Завяршаецца канчатковае рэгуляванне правілаў, па якіх неўзабаве пачнуць працаваць сябры КР.

Прапануем кароткі агляд пра тое, з якіх органаў складаецца структура КР і як яны функцыянуюць.

Агульнае паседжанне. У Агульным паседжанні на бягучы момант — 115 дэлегатаў КР. Падчас правядзення Агульнага паседжання прымаюцца канчатковыя рашэнні ад імя КР па ўсіх пытаннях, якія знаходзяцца ў рамках кампетэнцый КР.

Праводзіць Агульнае паседжанне спікер КР Андрэй Ягораў. Апроч гэтага, у функцыі спікера ўваходзіць прадстаўленне Каардынацыйнай рады ва ўсіх адносінах з партнёрамі, контрагентамі і шырокай грамадскасцю. Калі спікер не можа выконваць свае абавязкі, гэта робіць віцэ-спікерка КР Алена Жываглод.

Для эфектыўнай працы сябры КР падзяляюцца па наступных накірунках:

Тэматычны. Гэта працоўныя групы і камісіі. У іх сябры КР працуюць над канкрэтнымі пытаннямі і па канкрэтных тэмах (дапамога палітзняволеным, узаемаадносіны з Украінай і г. д.). Розніца між працоўнымі групамі і камісіямі у тым, што пасля выканання ўсіх свах задач група спыняе дзейнасць, камісіі ж працуюць стала.

Палітычны. Гэта фракцыі. У іх сябры КР аб'ядноўваюцца па падабенству палітычных пазіцый, агульных прынцыпах і ідэялагічных поглядах. На сёння ў КР зарэгістраваныя 7 фракцый.

Аператыўнае кіраўніцтва Каардынацыйнай радай ажыццяўляе Нарада фракцый. Яна складаецца з аднаго з прадстаўнікоў кожнай фракцыі, спікера і кіраўніка Сакратарыята (адзначым, што апошні не мае права голасу). У гэтым органе вырашаюцца аператыўныя пытанні і прапрацоўваецца парадак дня агульных паседжанняў.

Яшчэ адзін орган КР – Сакратарыят. Ён адказвае за тэхнічнае забеспячэнне працы КР.

Дэталёва са структурай і правіламі працы КР можна азнаёміцца ў апублікаваным Статуце КР.
ДВА НАРОДЫ. АДЗІН ВОРАГ

Беларусы і ўкраінцы заўсёды былі вельмі блізкія адзін аднаму. Разам з тым мы відавочна маем і пэўныя адрозненні ў светапоглядзе.

Сёння часта можна пачуць ад украінцаў поўныя эмоцый абвінавачванні беларусаў ў тым, што з тэрыторыі Беларусі на Украіну з падачы Лукашэнкі ідуць расейскія акупанты і ляцяць ракеты, а "вы не выходзіце на плошчу". І у тым, што ў 2020-м мы не ўзялі з рукі камяні, як гэта зрабілі ўкраінцы падчас Майдану 2014 году, заплаціўшы крывёю нябеснай сотні і ахвяраў іншых цяжкіх падзей.

Беларусы ж у адказ на гэтыя абвінавачванні нярэдка нагадваюць сваім паўдневым суседзям пра тое, што Лукашэнка быў ці не самым папулярным замежным палітыкам сярод украінцаў нават пасля падзей 20-га году, нягледзячы на крывавыя рэпрэсіі супраць свайго народу, якія па масштабах рызыкуюць пераважыць сталінскія.

Пра прычыны таго, чаму мы, беларусы, "маемо що маемо" як вынік падзей 20-га году, і пра тое, што было зроблена слушна ці не слушна, можна спрачацца без канца. Спрэчкі такія сэнсу і карысці не маюць. Так, трэба прызнаць, што калі ўкраінцы — людзі больш рашучыя і непасрэдныя, беларусы — больш памяркоўныя і разважлівыя. І тое, і другое мае права на існаванне.

Аднак і беларусам, і ўкраінцам варта не забывацца пра галоўнае — пуцінская імперская навала, што ўварвалася ў 2022 годзе на Украіну з усходу, двума гадамі раней, у 2020 годзе, зрабілася вызначальным пасобнікам рэжыму ў Беларусі.

Беларусь і Украіна патрэбныя адна адной для перамогі над Расіяй-імперыяй.

Ад самага пачатку вайны беларусы, шакаваныя нападам Расіі на Украіну не менш за саміх украінцаў, дапамагаюць украінскаму народу і змагаюцца за перамогу на фронце. На сённяшні дзень вядома пра больш за 20 ваяроў-беларусаў, што загінулі ў баях за вольную Украіну у шэрагах ВСУ.

Пра розніцу між беларускім рэжымам і беларускім народам і адносіны між украінцамі і беларусамі праз год пасля пачатку вайны – у сённяшнім артыкуле.

Зваротная сувязь: @zubr_info_bot
ДЗЕНЬ ВОЛІ

25 сакавіка — свята, што ў цяперашніх рэалях напаўняецца асаблівай сакральнасцю, Беларуская нацыя здолела пранесці гэтую дату праз стагоддзе і захаваць яе гістарычную каштоўнасць.

Сёння, у 105-я ўгодкі абвяшчэння першай беларускай дзяржавы пад гербам "Пагоня" і бел-чырвона-белым сцягам, гэтае свята яшчэ болей гартуе ў нас волю на здзяйсненне нашых мэтаў і мрояў.

Сёння мы змагаемся за незалежнасць ад усходняй імперыі, за якою цягнецца доўгі і крывавы след злачынстваў, і якой на Беларусі пакуль яшчэ спрыяе яе памагаты са Шклова. Нядоўга застаецца да таго моманту, калі яго, як і "калегу", "патурбуюць" весткамі з Міжнароднага крымінальнага суда за здзекі і гвалт над уласным народам.

Пакуль жа бязмежныя тэрор і пераслед знішчаюць волю палітвязняў і іх блізкіх у Беларусі. За іх волю і волю айчыны ідуць у бой ваяры-добраахвотнікі ў шэрагах сваіх пабрацімаў ва Украіне. За волю Беларусі дыяспары падтрымліваюць дыпламатычныя кантакты, выбудоўваюць палітычныя падмуркі для будучынi краiны, праходзяць тактычную вайсковую падрыхтоўку. Беларусы ўзмацняюцца да моманту Х, каб абараніць і адбудаваць вольную Беларусь.

Беларусь будзе вольнай! І Дзень Волі, што мы адзначаем сёння, у ёй зробіцца галоўным дзяржаўным святам.

Са святам, беларусы!
За партрэт аднаго з актыўных удзельнікаў антысавецкага ўзброенага руху ў Беларусі Яўгена Жыхара на беларускага мастака Алеся Пушкіна у 2021 годзе завялі крымінальную справу “за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызма”.

Паводле паведамлення пракуратуры, у ходзе выставы з партрэтам Жыхара, які трымае аўтамат на плячы, мастак “характарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым праслаўляў і ўхваляў ягоныя дзеянні”. 30 сакавіка 2022 году суд прызначыў Алесю Пушкіну 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.

Пра тое, хто такі Яўген Жыхар і чаму ўзгадванне гэтага імя сучаснікамі так палохае рэжым у Беларусі — у нашым чарговым артыкуле з серыі “Пантэон герояў”.

Зваротная сувязь: @zubr_info_bot
ZUBR У КР.
ФРАКЦЫЯ “ГРАМАДЗЯНСКАЯ САЛІДАРНАСЦЬ”

Фракцыя у Каардынацыйнай радзе — гэта палітычнае аб’яднанне на агульнай ідэалагічнай платформе ці на падзяляемых прынцыпах, мэтах, каштоўнасцях.

Найбуйнейшая фракцыя ў КР – “Грамадзянская салідарнасць”. Галоўная сумесная каштоўнасць у гэтай фракцыі — грамадзянскасць. Тут аб’ядналіся людзі, ўпэўненыя ў тым, што грамадзянін — гэта палітычны суб’ект, які мусіць займаць праактыўную пазіцыю па пытаннях існавання грамадства і краіны.

Фракцыя складаецца з прадстаўнікоў шэрагу самых розных грамадзянскіх ініцыятыў і аб’яднанняў. Гэта:

✔️грамадзянскі блок (ZUBR.in, Экадом, Eurabelarus ды інш.)
✔️прадстаўнічыя арганізацыі (Рабочы Рух, РАДА, Кааліцыя Пратэстных Двароў)
✔️праваабаронцы (Фонд Zyvi, BelarusFreeCenter)
✔️Cупраціў і іншыя падобныя арганізацыі
✔️самавылучэнцы (імёны не раскрываюцца ў мэтах бяспекі).

Колькасць удзельнікаў фракцый па стану на сённяшні дзень — 89 дэлегатаў. Усяго чальцоў КР — 107.

У Нарадзе фракцый КР “Грамадзянскую салідарнасць” прадстаўляе чалец каманды ZUBR.in у КР, спікер фракцыі Павел Патапаў, які адказвае за яе працу сумесна з прадпрымальнікам Аляксандрам Кныровічам, таксама спікерам фракцыі.

Удзельнікі выпрацавалі згоду па ідэялагічных і іншых прынцыповых пытаннях, дзейнічаюць салідарна і лічаць аднолькава істотнымі як агульную карысць для ўсёй фракцыі, так і дабро для кожнага ўдзельніка.

Пры гэтым чальцы фракцыі захоўваюць свае ўласныя пазіцыі і накірункі дзейнасці. Разнастайны досвед удзельнікаў дазваляе фракцыі выходзіць на новыя, не відавочныя раней рашэнні.

Пра ідэялагічны падмурак фракцыі, мэты яе працы і іншыя датычныя падрабязнасці распавядзем у наступных публікацыях.

Зваротная сувязь: @zubr_info_bot
БЕЛАРУСЫ І РАСІЯ.
МЫ — НЕ “ТУТЭЙШЫЯ”!

Русіфікацыя – з’ява, якая каласальна паўплывала на нацыянальную свядомасць беларусаў і стварыла нашу сённяшнюю рэальнасць.

Метады русіфікацыі на нашай зямлі былі розныя — ад фізічнага знішчэння цэлых гарадоў і рабавання беларускай спадчыны падчас войнаў і набегаў у часы ВКЛ да царскіх загадаў “все дела производить на русском языке”, насаджвання рускага праваслаўя замест традыцыйнага ўніяцтва, перабудовы архітэктурных помнікаў часоў ВКЛ на каланіяльны рускі лад, жорсткага падаўлення паўстанняў Касцюшкі і Каліноўскага, закрыцця навучальных устаноў і вывазу бібліятэк і гісторыка-культурных каштоўнасцяў у Расію і нарэшце ператварэння беларусаў у “савецкіх таварышаў” на працягу 20 стагоддзя. Усё гэта дзень за днём, стагоддзе за стагоддзем руйнавала ментальную адметнасць беларуса.

Як сведчаць дадзеныя апошняга даследвання аналітычнага центру Chatham House, на пачатку 2023 года дзве траціны грамадзянаў Беларусі лічылі, што краіне трэба мець добрыя стасункі і з Захадам, і з Расіяй.

Што да расіян, яны звычайна прыязна ставяцца да беларусаў, але ў гэтай добразычлівасці амаль заўсёды гучыць нотка снісходжання да “малодшага брата”. І сёння расіяне ў вайсковай форме з падачы рэжыму вельмі вальготна адчуваюць сябе на беларускай зямлі.

Калі ж беларусы ўсур’ёз заяўляюць пра сваё права на незалежнасць і свабоду, для Расіі гэта нагода імгненна ўглядзець “нацыстаў”, якімі кіруюць “лялькаводы з Захаду”. А цынічная і нахабная прапагандысцкая машына ў Расіі і Беларусі ва ўсю моц мэтанакіравана стварае максімальна крывое люстэрка для людзей у абедзьвух краінах.

Пра адносіны між Беларуссю і Расіяй і сённяшні стан рэчаў — у артыкуле.

Зваротная сувязь: @zubr_info_bot
Нацыя жыве, пакуль у яе свядомасці жывуць яе героі. Без іх яна памірае. Такія постаці, як Канстанцін Астрожскі, складаюць гонар кожнага народа. І яны мусяць вяртацца ў памяць нацыі нават пасля стагоддзяў забыцця.

Канстанцін Іванавіч Астрожскі — вялікалітоўскі ваенны і дзяржаўны дзеяч і мецэнат. Вялікі гетман літоўскі. Выдатны палкаводзец, пад камандаваннем якога войскі здабылі перамогу ў больш за 60-ці бітвах. Здабыў малыя і вялікія перамогі, перажыў паразу і палон.

У беларускую гісторыю славуты князь трывала ўвайшоў і паходжаннем, і справамі, і ўсім сваім жыццём. Ганаровае імя вялікага гетмана Астрожскага носяць асобныя вайсковыя часткі.

У новым артыкуле рубрыкі Пантэон герояў узгадаем яго жыццёвы шлях і тую безліч перамог, якіх ён дабіўся.

Зваротная сувязь: @zubr_info_bot
ZUBR У КР.
ФРАКЦЫЯ “ГРАМАДЗЯНСКАЯ САЛІДАРНАСЦЬ”.
ІДЭЯЛАГІЧНАЯ БАЗА І МЭТЫ ПРАЦЫ

У сваёй працы фракцыя "Грамадзянская салідарнасць" сыходзіць з агульных ідэйных палажэнняў фракцыі пра беларускую грамадзянскую нацыю.

Згодна з гэтымі палажэннямі, беларуская грамадзянская нацыя складаецца з усіх беларусаў незалежна ад іх этнічнай, моўнай, гендэрнай, сацыяльнай прыналежнасці і палітычных арыентацый. Грамадзянская нацыя Беларусі экстэрытарыяльная, беларусы замежжа з'яўляюцца яе неад'емнай часткай.

У фракцыі аб'ядналіся людзі, якія маюць намер абараняць і рэалізоўваць грамадзянскія правы беларусаў на нацыянальнае самавызначэнне і паўнату ўлады ва ўласнай краіне.

Фракцыя ставіць сваімі мэтамі на 2023 год:
✔️ зрабіць з КР эфектыўны, рэпрэзентатыўны і празрысты орган, які прымае палітычныя рашэнні, што прызнаюцца ўсемі акторамі беларускага дэмакратычнага руху;
✔️ стварыць прастору для публічнай палітыкі і крысталізацыі пазіцый беларускіх дэмакратычных сіл;
✔️ дабіцца вырашэння прынцыповых канфліктаў між рознымі структурамі, якія імкнуцца да пераменаў у Беларусі, выпрацаваць механізм сінхранізацыі палітычных сіл, якія маюць розныя падыходы;
✔️наладзіць і развіваць канструктыўнае ўзаемадзеянне з Украінай — як з урадам, так і з украінскай грамадзянскай супольнасцю; у прыватнасці, забяспечыць удзел беларусаў у перамовах пасля сканчэння вайны.

У больш шырокай перспектыве ўдзельнікі фракцыі на базе ўзгаданых вышэй ідэялагічных палажэнняў працуюць на стварэнне нацыянальна-вызваленчага руху, завяршэнне беларускай рэвалюцыі 2020 года і пераўсталяванне дзяржавы праз скліканне Устаноўчага Сходу.
Міхал Вітушка — беларускі палітычны дзеяч і кіраўнік беларускага антысавецкага руху. У гады Другой сусветнай вайны працаваў у нацыяналістычных арганізацыях Менску. Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі, якая стаяла як на антыбальшавіцкіх, так і на антыфашысцкіх прынцыпах.

Быў адным з камандзіраў антыбальшавіцкай Беларускай самааховы ў 1941 годзе. Падчас нямецкай акупацыі стварыў службу парадку і ўдзельнічаў ў стварэнні узброеных атрадаў на Магілёўшчыне, Смаленшчыне, Браншчыне для барацьбы з савецкімі партызанамі. За ўдзел у баях з аддзеламі НКУС у 1944 годзе атрымаў званне маёра Беларускай краёвай абароны, а у 1945 годзе — званне генерала, які абвясціў стварэнне Беларускага вызвольнага войска, што мелася аб’яднаць увесь антыбальшавіцкі ўзброены супраціў на Беларусі.

Пра тое, хто быў гэты чалавек, які меў пэўную славу “няўлоўнага мсціўцы” і вакол імя і дзейнасці якога хадзіла шмат чутак, распавядаем у артыкуле.

Зваротная сувязь: @zubr_info_bot
ZUBR.in сумесна з Фондам медыцынскай салідарнасці ByMedSol і "Белымі халатамі" абвяшчае запуск новага накiрунку грамадзянскага маніторынгу дзяржаўных органаў у Беларусі.

Мы будзем весці асобны збор дадзеных пра працу сістэмы аховы здароўя. Галоўная мэта — фіксаванне і адлюстраванне рэальнага стану рэчаў медыцынскай галіны ў Беларусі.

Як зрабілася асабліва відавочна з часы COVID-19, Мінаховы здароўя, як сапраўдны прадстаўнік агульнай ілжывай сістэмы дзяржулады, у большасці выпадкаў не выконвае сваіх функцый, займаючыся адпіскамі, прыпіскамі, замоўчваннем і ціскам. Клопату пра здароўе людзей, калі не лічыць "лечкамісій" для "абраных" і асобных выпадкаў, дзе лекары застаюцца людзьмі у звычайных медустановах, практычна няма. Чэргі ў лякарнях усё большыя, медыцынскія паслугі імкліва губляюць якасць, умовы працы медыкаў так і не паляпшаюцца. Статыстыка і абарона праў медыкаў і пацыентаў часцей за ўсё пусты гук, у адкрытым доступе — ўрыўкавая і часта недакладная інфармацыя. За рэальныя лічбы смяротнасці ці нізкай вакцынацыі лекара чакае звальненне.

Сітуацыя ўскладняецца паўсюднымі рэпрэсіямі супраць медыкаў і прыватных медцэнтраў.

Асобнай і тэрміновай увагі патрабуе крытычная сітуацыя ў пеніцытарнай сістэме, дзе медперсанал адкрыта працуе на рэжым, не аказваючы вязням жыццёва неабходнай дапамогі і даводзячы людзей да смерці.

Мы заклікаем медработнікаў дзяліцца інфармацыяй пра праблемы вашай медустановы — недахоп лекаў і расходнікаў, стан абсталявання, парушэнні вашых працоўных правоў. Мы таксама просім пацыентаў дасылаць фатаграфіі выпісных эпікрызаў са стацыянараў, схаваўшы асабістыя дадзеныя.

Збор звестак вядзецца праз @Monitoring_Bymedsol з максімальным захаваннем ананімнасці і бяспекі. Кантактам трэба карыстацца толькі праз функцыю "сакрэтны чат". Пасля адпраўкі дадзеных чат трэба выдаліць са свайго боку.

Атрыманыя звесткі будуць абязлічаныя і сістэматызаваныя. На іх падставе будзе праведзены аналіз і зробленая незалежная ацэнка стану сістэмы аховы здароўя Беларусі.

Гэта дазволіць выкрыць тых, хто замест клятвы Гіпакрата служыць злачыннай уладзе, даць ім усведаміць, што іх учынкі не застануцца без увагі, і забяспечыць справядлівы суд, калі на тое прыйдзе час. Акрамя таго, своечасовая інфармацыя можа дапамагчы паўплываць на пэўныя сітуацыі і нават уратаваць жыцці.

Зваротная сувязь: @zubr_info_bot
УКРАІНА І БЕЛАРУСЬ._КРОКІ НАСУСТРАЧ

Украінцы і беларусы — нацыі, якім трэба ўбачыць адна адну, усведаміць і прыняць за непахісную ісціну, што без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі, гэтаксама як не будзе вольнай Украіны без незалежнай Беларусі.

Толькі супольна нашы народы могуць забяспечыць сабе бяспеку ад імперскага расійскага ціску, а нашы краіны — дэмакратызаваць грамадствы, пазбавіўшыся ад наступстваў і перажыткаў савецкага мінулага ў рэчаіснасці і свядомасці людзей.

Беларусы і ўкраінцы маюць і цяпер, і наперадзе шмат агульных кропак для ўзаемадзеяння, якія адзін з украінскіх палітолагаў, Яўген Магда, прапануе звесці ў так званы шлях з 1000 крокаў. Безумоўна, вольная Беларусь мае ўсе перадпасылкі і мусіць зрабіцца для Украіны саюзнікам, геапалітычным, гандлёвым, культурным, тэхналагічна і прамыслова моцным партнёрам. Украіна ж, як лідэр у рэгіёне з моцнай пазіцыяй, можа і мусіць ўзяць на сябе ролю эксперта і пляцоўкі для аб’яднання, саюзніка беларусаў (не Лукашэнкі!) на міжнародным узроўні, а таксама крыніцай экспертных ведаў па дэмакратызацыі і дэсаветызацыі.

Рэжымы ў Беларусі і Расіі добра разумеюць, якую пагрозу ім нясе адзінства нашых нацый, таму ўжываюць усе чорныя метады прапагандысцкай інфармацыйнай вайны на тое, каб раз'яднаць нас, пасварыць людзей між сабою.

Статус Беларусі, якая намаганнямі самапрызначанага "прэзідэнта" зрабілася краінай-суагрэсарам, і адсутнасць шырокага інфармавання ўкраінцаў пра высілкі вольных беларусаў на дапамогу Украіне і вызваленне Беларусі — галоўныя камяні, аб якія мы пакуль спатыкаемся.

Часу ў нас няма. Трэба вызначыць перашкоды для супрацы і разам іх ліквідаваць, вылучыць актораў-прадстаўнікоў ад Украіны і Беларусі, залучаць партнёраў з іншых краін, ствараць працоўную панэль і стратэгію стасункаў між вольнымі ўкраінцамі і вольнымі беларусамі. Патрэбная супраца па канкрэтных напрамках — супраціў імперыі, паліталогія, сацыялогія, грамадзянская супольнасць, культура, адукацыя, медыя, развіццё ўзаемадзеяння і праектаў з поглядам на будучыню — стан адносін і пытанне рэпарацый пасля перамогі Украіны, прамысловасць, гандаль, тэхналогіі, палітычныя і дзяржаўныя рэформы.

У артыкуле разважаем пра тое, як наладжваць масты і аб'ядноўваць высілкі, і пра тое, што ўжо робіцца па гэтай позве.
НАЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ. ГРАМАДЗЯНСКАЯ ВАЙНА ЦІ ЯДНАННЕ?

На думку вядомага філосафа Уладзіміра Мацкевіча, беларускага вязня сумлення, грамадзянская вайна ў нашай краіне адбываецца як мінімум з часоў Плошчы-2010, калі рэжым вылучыў для сябе дзве часткі грамадства.

Тады, пасля падаўлення масавага выступу людзей супраць фальсіфікацый на выбарах 19 снежня, дзяржаўныя ўлады заняліся мэтанакіраваным – хоць і для прыліку прыхаваным у параўнанні з перыядам 2020 году і пасля – вынішчэннем, пераследам, выцісненнем з краіны тых грамадзян, якія ім не пасавалі, і даволі паспяховым ўсыпленнем астатніх “чаркай, шкваркай і іншамаркай”.

І хоць пра тое, што ў Беларусі “лепей лішняга не казаць і быць хітрэйшым”, не ведаў толькі гультай, вайна, якую грамадзяне ва ўладзе гадамі вялі супраць грамадзян у апазіцыі, праходзіла неяк непрыкметна для большасці. Пакуль не надыйшлі часы каронавіруса і прэзідэнцкіх выбараў-2020, можна было адсядзецца ў хаце з краю. Ці з’ехаць, што шмат хто і зрабіў – вымушана з-за пераследу ці ў пошуку лепшае долі на чужыне. А масштабы вайны нарасталі, гайкі закручваліся, турэмныя муры шырыліся і ўзмацняліся.

Падзеі 2020 году зрабілі раскол у грамадстве на два лагеры настолькі відавочным, што кожнаму давялося прымаць нейкі бок у гэтай вайне. І з таго часу напружанне супрацьстаяння між прыхільнікамі рэжыму і дэмакратычна арыентаванай большасцю толькі павялічваецца.

Вайна ва Украіне паказала масштабы агрэсіі, на якую здольныя пайсці ісці дыктатуры з паліцэйскімі дзяржавамі, і неабходнасць мець у арсенале дзейсныя спосабы з ёй змагацца.

Ці дойдзе сітуацыя ў Беларусі да крайняй кропкі, калі людзі возьмуць у рукі зброю супраць захапіўшых уладу сілавікоў, і якім можа быць выйсце для раз’яднанай на сёння беларускай нацыі, што стаіць на парозе страты незалежнасці краіны, разважаем у артыкуле.
ZUBR у КР. АСНОЎНЫЯ НАВІНЫ

🔺 Адбываецца падрыхтоўка механізма прамых выбараў у КР у 2024 годзе. Прадстаўнік ад ZUBR.in узначальвае працоўную группу КР па гэтым пытанні. Наладжаны кантакт з платформай “Новая Беларусь”, абмяркоўваецца магчымасць яе выкарыстання для галасавання беларусаў.

🔺 Распрацоўваецца агульная пазіцыя КР наконт абвешчаных рэжымам “выбараў"-2024 ў Беларусі.

🔺 Нарада фракцый КР накіравала ў Аб’яднаны Пераходны Кабінет афіцыйны зварот з прапановай правесці слуханні справаздач прадстаўнікоў Кабінета ў ліпені і выніковай гадавой справаздачы Кабінета ў жніўні. Слуханні будуць адкрытымі, каб беларусы маглі сачыць за іх зместам. Дэлегаты КР рыхтуюць пытанні да кожнага прадстаўніка Кабінета. Па выніках слуханняў будзе вызначацца, ці застануцца яны на сваіх пасадах на далейшы тэрмін.

🔺 Адбыўся шэраг адкрытых онлайн-слуханняў па пытанню палітычных вязняў:
▫️ Вязні рэжыму: колькі ў Беларусі палітычных зняволеных і чаму не ўсім даюць статус палітычных?
▫️ Ініцыятывы дапамогі палітвязням: падтрымка людзей у краіне і на адлегласці
▫️ Ці можна прымяніць досвед вызвалення палітвязняў іншых краін да беларускага кантэксту?
▫️ Ці магчыма вызваліць палітвязняў, калі рэпрэсіі працягваюцца? Дыскусія: Усаў, Кавалеўскі, Мацкевіч
▫️ Вызваленне палітвязняў у РБ — хто гэтаму перашкаджае? / Вячорка VS Кабаноў VS Гарбунова VS Лойка
Неўзабаве пройдуць офлайн-слуханні. Па выніках працы будзе прынятая рэзалюцыя КР з планам дзеянняў па дапамозе вязням сумлення, іх вызваленні і рэабілітацыі.

🔺Адбыліся дыскусіі (першая, другая) па еўрапейскай перспектыве для Беларусі.

🔺Рыхтуюцца дэбаты на тэму “Актыўны супраціў і негвалтоўны пратэст”.

Усе навіны пра дзейнасць КР і абвесткі пра трансляцыі сэсій, дыскусій і іншых мерапрыемстваў — на канале Каардынацыйнай Рады.
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ. БЕЛАРУСЬ ПЕРАД УСІМ

У лукашэнкаўскі перыяд беларускае грамадства збольшага спрабавала жыць неяк павольна, без курсу, з мінімумам кантактаў з дзяржавай, бо яны часцей за ўсё прыносілі непрыемнасці.

Падчас парламенцкіх "выбараў" і інтэграцыйных гульняў Лукашэнкі з Расіяй у 19-м, а потым прышэсця каронавірусу ў 20-м грамадства зусім выразна заўважыла, што дзяржава – самыя ні на ёсць сапраўдныя путы, муры, клетка, хлеўчык, у які беларусаў запіхваюць і патрабуюць, каб не вякалі, а дзячылі за дрэнненькі сілас і парады пра трактар і водку як найлепшыя лекі.

У адказ на спробу сказаць дзяржаве “гэй, нам ужо астачарцела” у 20-м годзе беларусы атрымалі і дагэтуль атрымліваюць ад “улады”, што згубіла берагі, вельмі жорсткіх і балючых, і тым болей адчувальных, што несправядлівых і бесчалавечных, кухталёў.

Аднак менавіта аб’яднаўшыся вакол гэтага вялізнага болю, мы ўсе ўсвядомілі сябе нацыяй. Менавіта тады загучала: “мы – не быдло, стадо и трусы, мы живой народ, мы – беларусы” і “беларус беларусу беларус”. Як трапна сфармуляваў Павел Данэйка, адбылося пераўтварэнне нацыі “тутэйшых” у нацыю беларусаў.

Мы дакладна самавызначыліся. Аднак што ж мы лічым сваёй нацыянальнай ідэяй? Ці ёсць яна ў нас, у чым яна ўвасабляецца, як рэалізуецца? Разважаем пра гэта ў артыкуле.
🌿«Нам не ўсё адно!» Далучайцеся да анлайн-марафона салідарнасці з палітвязнямі 29 ліпеня

У суботу 29 ліпеня незалежныя беларускія медыі аб’яднаюцца ў 12-гадзінным усебеларускім анлайн-марафоне салідарнасці «Нам не ўсё адно!», каб сабраць грошы для палітычных зняволеных і іх сем'яў. Да эфіру далучацца блогеркі і блогеры, палітыкесы і палітыкі, дзеячкі і дзеячы культуры і спорта, грамадскія актывісткі і актывісты.

Трансляцыя, падчас якой будзе магчымасць зрабіць ахвяраванні, будзе весціся адначасова на шматлікіх незалежных YouTube-пляцоўках з 10-й ранку да 10-й вечара па мінскім часе.

Усе данаты будуць збірацца на адзіны рахунак, адкуль сабраныя грошы размяркуюцца паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітзняволеным і іх родным.

Чытаць па спасылцы 👉 spring96.org/be/news/112294

💵Свае данаты палітвязням можна даслаць праз сайт
salidarnasc.com альбо праз сэрвіс donate.stripe
БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ

“Савецкае мяняецца і знікае, але што прыходзіць на яго месца? На гэтае месца могуць прыходзіць ці змененыя формы таго ж самага савецкага ладу, ці нерэфлексіўныя бяздумныя запазычанні з глабалізаванай культуры. У той жа час, асэнсаванае стаўленне да трансфармацый мае на ўвазе, што працэсы зменаў мусяць адбывацца пад кантролем нашай волі і розуму. Кіраванае, разумнае стаўленне да зменаў патрабуе, каб на месца састарэлых рэгулятываў і стандартаў прыходзілі сучасныя па форме і беларускія па зместу нормы арганізацыі жыцця і дзейнасці”.

Такія развагі і высновы былі агучаныя па выніках міжнароднай канферэнцыі “Беларусізацыя. Ці можна завяршыць працэс інстытуцыйнага будаўніцтва незалежнай дзяржавы?”, праведзенай у Менску яшчэ ў 2013 годзе Цэнтрам еўрапейскай трансфармацыі (Беларусь) пры падтрымцы кансорцыума “ЕўраБеларусь” (Беларусь, Літва) і Фонда Генрыха Бёлля (Нямеччына).

Сацыёлагі і метадолагі ўжо шмат часу працуюць над спосабамі пазбавіць Беларусь ад цвілой саўковай спадчыны, вядомымі пад назвамі "беларусізацыя", "дэсаветызацыя" і "еўрапеізацыя". Пра тое, што гэта за працэсы, да чаго іх прыкладаць і як іх накіроўваць, разважаем у новай серыі артыкулаў.

Сёння — пра беларусізацыю.
ZUBR.in. СПРАВАЗДАЧЫ І ПАДТРЫМКА

У адказ на запыты ў чаце адносна сродкаў на дзейнасць каманды ZUBR.in, у прыватнасці, падчас правядзення кампаніі па грамадзянскім кантролі так званага "рэферэндуму"-2022, мы пацвярждаем наяўнасць у нашай арганізацыі дэталёвых і празрыстых справаздачаў. Аднак з кансультацый з праваабаронцамі і іншымі экспертамі высветлілася: выкладаць гэтыя звесткі ў публічны доступ на сённяшні дзень немэтазгодна з меркаванняў бяспекі чальцоў каманды і ўсіх, хто быў задзейнічаны ў кампаніі. Таму ўсе дэталі для ўсіх цікаўных — пасля перамогі.

Агулам жа большую частку перыяду свайго існавання з 2020 году каманда ZUBR.in працуе пераважна на грамадскіх пачатках, у тым ліку дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon. Как было зусім зразумела, пытанне аплаты хостынгу сайтаў і офісу апошнім часам плануецца вырашаць асабістымі сродкамі чальцоў нашай каманды, якія мы зарабляем на сваіх звычайных месцах працы.

Што да цяперашніх напрамкаў дзейнасці ZUBR.in, то вось чым мы цяпер займаемся.

🔺 Падтрымліваем ў працаздольным стане праекты па збору і сістэматызацыі дадзеных у базы па электаральнай і судовай сістэмах, у тым ліку працягваем тэхнічнае абслугоўванне і забеспячэнне бяспекі сваіх платформ

https://zubr.in — назіранне і інфармацыя пра выбарчыя працэсы ў Беларусі (выбарчыя камісіі і іх члены, паведамленні аб парушэннях, справаздачы)

https://zubr.cc — грамадзянскі маніторынг судовай сістэмы (база дадзеных судаў, суддзяў і судовых рашэнняў).

🔺 Развіваем далей праект па грамадзянскім маніторынгу сістэмы аховы здароўя сумесна з Фондам медыцынскай салідарнасці. Збор звестак вядзем у @Monitoring_Bymedsol з максімальным захаваннем ананімнасці і бяспекі, працуем толькі праз функцыю “сакрэтны чат”.

🔺 Праз прадстаўніка ZUBR.in бярэм удзел у дзейнасці Каардынацыйнай рады і фракцыі "Грамадзянская салідарнасць", адсочваем працу чальцоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Апошнім часам ідзе шчыльная праца па выбарах у КР-2024 і распрацоўкі пазіцыі адносна так званых “выбараў”-2024 у Беларусі.

🔺 Рыхтуем, публікуем і распаўсюджваем матэрыялы для інфармацыйнай і ідэялагічнай падтрымкі і грамадзянскай адукацыі беларусаў.

Будзем шчыра ўдзячныя кожнаму, хто падзяляе нашы погляды і імкненні, давярае нам і гатовы падтрымаць працу ZUBR.in праз Patreon.
ДЭСАВЕТЫЗАЦЫЯ

"...Калі вы хочаце пабудаваць тую краіну, куды будуць вяртацца яе сыны і дочкі, адкуль з'язджаць будуць толькі ў сезон адпачынкаў, у якой не будзе пачуцця страху за будучыню, то зрабіце усяго толькі два крокі: 1) Прыраўнуйце карупцыю да здрады радзіме, а карупцыянераў — да здраднікаў аж да сёмага калена… 2) Зрабіце тры прафесіі самымі высокааплатнымі і паважанымі. Гэта — вайскоўцы, настаўнікі і лекары… І самае галоўнае працуйце, працуйце, і працуйце, таму што ніхто акрамя вас не абароніць вас, ніхто не накорміць вас, акрамя вас саміх, і ваша краіна патрэбная толькі вам і больш нікому. Калі гэта зробіцца не проста словамі і простым лозунгам, а ладам вашага жыцця, значыць, вы дабіліся свайго..."
Голда Мэір, 5-ы прэм'ер міністр Ізраіля

Азначаныя прынцыпы пафасна дэкларуюцца ў лукашэнкаўскай Беларусі. Аднак рэалізацыя іх адбываецца нібы ў крывым люстры дагары нагамі. Калі казаць пра заробкі, то так, сілавікам ды вайскоўцам выдзеленыя больш буйныя кавалкі за тыя, што ўлада кідае простым беларусам. Аднак гэта такія косткі для старажавых псоў рэжыму.

А “павага” да настаўнікаў ды лекараў на сёння засталася хіба што ў ідэялагічных дырэктывах і папулісцкіх выступленнях самі ведаеце каго. Дваццаты год добра даў адчуць лекарам падчас каронавірусу, а настаўнікам падчас выбараў, што іх трымаюць за маўклівых рабоў, якіх дастаткова проста карміць ідэялагічнымі забабонамі і трымаць у разнарадках.

І вядома, яны мусяць працаваць, працаваць, працаваць, аднак не сябе і на сваю краіну, а на злачынную сістэму, пабудаваную арганізаванай групіроўкай пад кіраўніцтвам Лукашэнкі па самым галоўным разбуральным прынцыпе з савецкіх часоў – чалавек для дзяржавы, а не дзяржава для чалавека.

Яшчэ ў 2012 годзе Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі правёў даследванне, прысвечанае стану працэсаў дэсаветызацыі ў Беларусі ў розных галінах. Яго вынікі сведчылі, што савецкае мінулае ў самых розных формах і праявах мела заўважны ўплыў на самыя розныя сферы жыцця і дзейнасці беларусаў: працы і занятасці, навукі, прадпрымальніцтва, святочнай культуры і інш. Наступствы “марынавання” беларусаў у савецкім росчыне сёння відавочныя па маскі-шоу, якое адбываецца ў краіне і якое магло б падавацца проста недарэчным, калі б не было настолькі трагічным.

Таму поруч з беларусізацыяй будаваць сваю новую дзяржаву для чалавека нам давядзецца і праз мэтанакіраваную дэсаветызацыю дзяржавы і мыслення яе грамадзян. Пра яе істотнасць і асаблівасці пагутарым у артыкуле.

Зваротная сувязь: @zubr_info_bot
Праца сайтаў zubr.in і zubr.cc будзе адноўленая з 19 лістапада.

Выбачэнні за нязручнасці.