Дзікая прырода побач
2.89K subscribers
2.6K photos
202 videos
2 files
1.29K links
ТАА "Дзікая прырода" 🌳🐺🐤

🌿 Навіны дзікай прыроды і птушкавання
🦡 Барсук Ясь запрашае цябе ў "Дзікі клуб"
🤲 Наш прыбытак ідзе на ахову дзікай прыроды Беларусі

Людзі - для дзікай прыроды, дзікая прырода - для людзей!
Download Telegram
​​Чаму сініцы стукаюць у акно?

🐦 Вялікая і сіняя сініцы – надзвычай разумныя птушкі. Іх здольнасці да вырашэння праблем і навучання сталі легендарнымі. Дастаткова прыгадаць, як на Брытанскіх астравах яны адкрываюць алюмініевыя накрыўкі малочных бутэлек, каб выпіць пажыўныя вяршкі, што ўтварыліся зверху. Вялікія сініцы таксама з'яўляюцца першымі птушкамі, якіх даследчыкі навучылі новаму навыку – двума спосабамі адкрываць спецыяльна пабудаваныя кармушкі (Оксфардскі ўніверсітэт).

З іншага боку, у чалавечай культуры распаўсюджана меркаванне, што калі сініцы стукаюць у вокны, – гэта нейкі магічны знак. Адныя кажуць, што гэта знак няшчасця і што хто-небудзь з сям'і хутка памрэ. Другія – што гэта прадвесце шчасця і дабрабыту ў сям'і.

Але аказваецца, што такія паводзіны не рэдкасць, і ў інтэрнэце можна знайсці шмат анекдатычных гісторый на гэтую тэму. У чым жа тут можа быць справа? 🤔

Па-першае, птушкі могуць змагацца з “парушальнікам”, адлюстраванне якога бачаць у шыбе. Аднак зімой, перад сезонам размнажэння (лістапад-студзень), калі барацьба за тэрыторыю яшчэ не набрала абароты, такой з'явы не павінна быць. Але калі казаць пра вялікую ці сінюю сініцу, то ў іх бываюць такія розныя тэмпераменты, што і гэтага нельга выключыць.

Другім магчымым тлумачэннем можа быць тое, што сініцы такім чынам “гавораць” людзям, што ў кармушцы няма ежы. Не наўпрост, вядома, а пры дапамозе асацыяцый. Разумным птушкам не так складана зразумець, дзе жыве чалавек, які рэгулярна папаўняе іх запасы. Таму, калі корм заканчваецца, справа зусім простая: трэба ляцець туды, адкуль з’яўляецца ежа.

Калі сініцы з'яўляюцца на падаконні, то чалавек можа падумаць, што гэта мае канкрэтнае значэнне – трэба пакарміць птушак. Нават магло здарыцца так, што сініца насамрэч пастукала ў акно, а чалавек успрыняў гэта як просьбу і выйшаў насыпаць семак у кармушку. Сініцы маглі звязаць такія паводзіны са з’яўленнем ежы і пачалі паўтараць гэтыя паводзіны. А чалавек стаў сабакам Паўлава "ў руках" сініц. Толькі замест таго, каб пускаць сліну, убачыўшы сініцу, ён выходзіць з дому са жменяй семак.

Пасля гэты навык мог хутка распаўсюдзіцца на мясцовую папуляцыю як імітацыя або сацыяльнае навучанне. Так адбылося на Брытанскіх астравах у выпадку ўзгаданых вышэй алюмініевых накрывак на малочных бутэльках. Сеткі знаёмстваў у сініц велізарныя, і абмен інфармацыяй паміж імі адбываецца надзіва хутка і дакладна. Чарговым птушкам не даводзілася б стукаць у шкло і самастойна аналізаваць факты. Яны пачалі гэта рабіць, таму што іншыя перадалі ім, што гэта працуе. Можна нават не разумець паслядоўнасці падзей. Важны канчатковы эфект. Стукаеш у шыбу – у кармушцы з’яўляецца корм. Вось так паўстае культура!

І ўрэшце, мабыць, найменш верагодная тэорыя, але і яе нельга назваць немагчымай. Сініцы выкарыстоўваць пастукванне па шкле для наўмыснага прыцягнення ўвагі. Тэорыя розуму ім не чужая, дык чаму б і не? 🐈 Коткі могуць падысці да гаспадара, мяўкаць, церціся аб яго ногі і накіроўваць яго да месца, дзе стаяць іх міскі, час ад часу спыняючыся і паварочваючыся, каб убачыць, ці гаспадар разумее іх жаданне і ці ідзе за імі, каб накарміць. Сабакі з той жа мэтай спачатку глядзяць нам у вочы, а потым на тое, што хочуць атрымаць. Чаму б гэтак сама не магла рабіць сініца? Нельга сцвярджаць, што гэта немагчыма.

Тэкст: Adam Zbyryt.
Пераклад: Алеся Птушка.
Фота: Іна Шкурко. #птушыныяцікавосткі
​​🦢Тое, што некаторыя лебедзі застаюцца на зімоўку, – нармальна. Для птушак не гэтак страшны холад, як голад.

З пачатку 21 стагоддзя зімы ў Беларусі галоўным чынам мяккія і маласнежныя. Але ў любую зіму птушкі лёгка могуць знайсці вадаём з адкрытай вадой ці пакарміцца ў палях. Пры патрэбе лебедзі могуць пералятаць за дзень нават на сотні кіламетраў! ☝🏻

Падобныя выпадкі вядомы беларускім арнітолагам, якія займаюцца кальцаваннем птушак. Кольцы могуць шмат чаго расказаць не толькі пра паходжанне, але і пра паводзіны птушак.

"У мяне былі акальцаваныя лебедзі ў Брэсце, – расказвае навуковы супрацоўнік НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах Іван Багдановіч. – У 2005 годзе была экстрэмальна халодная зіма, цягам тыдня начная тэмпература апускалася ніжэй за 35 градусаў. Аднойчы раніцай лебедзі зляцелі, а менш чым праз суткі іх бачылі ў Кракаве, у 300 км ад Брэста.

А на Крыніцы каля Мінскага мора кожны год зімавала пара лебедзяў з вывадкам, у студзені самка з птушанятамі прапала, а потым вярнулася да самца адна. Аднойчы яе з птушанятамі назіралі з вывадкам недалёка ад Гданьска, а праз два дні я бачыў яе з самцом на Крыніцы ўжо без вывадка. То бок яна адвяла птушанят у вырай на традыцыйныя месцы зімоўкі, а сама вярнулася да самца".
#птушыныяцікавосткі

Да 6 лютага праводзім зімовыя ўлікі вадаплаўных – далучайся і заахвочвай сяброў 👉🏻 ptushki.org/news/710600.html! 🤗

📷 Фота: Віталь Некрашевіч.
Сярод відаў фаўны Палесся, што знаходзяцца пад аховай, – беласпінны дзяцел. Ён любіць жыць у старых забалочаных лясах у поймах рэк.🌳

Аснова рацыёну беласпіннага дзятла – насякомыя, якіх ён здабывае з-пад кары засохлых дрэў. Паглядзі, як выглядае камель, на якім дзяцел шукаў ежу! 😮 У мёртвых падгнілых дрэвах гэтыя птушкі будуюць сабе жытло. Таму там, дзе жыве беласпінны дзяцел, забаронена высякаць любыя дрэвы.

🙅‍♂️ Каб забяспечыць птушкам спакой падчас гнездавання, з 1 сакавіка па 1 ліпеня побач з месцамі іх пражывання забаронена паляваць, збіраць дзікарослыя расліны, сокі дрэў, жывіцу. Нельга нават проста там хадзіць – выключэнне зроблена толькі для спецыялістаў, якія выконваюць службовыя абавязкі, вядуць навуковыя даследаванні ці працу па захаванні відаў.

☝🏻 У рамках праекта АПБ “Палессе – дзікая прырода без межаў” сёлета перададзена пад ахову тры месцы пражывання беласпіннага дзятла ў Лельчыцкім раёне. #wildpolesia #птушыныяцікавосткі

📷 Фота Даніэля Розэнгрэна (ФЗТ), Ігара Бышнёва (студыя AVES).
Вялікія коўры (большие поганки) ўжо катаюць сваіх малянят. 🐥🐣

🥚Звычайна ў кладцы 4-5 яек, радзей 3 ці 7. Птушаняты вылупляюцца на 27-28-ы дзень, яны ўжо апушаныя і могуць плаваць.

Як толькі вылупіліся, абсохшы, залазяць на спіну да аднаго з бацькоў, які наседжвае кладку, і закопваюцца ў пёры. Такім жа чынам маленькія птушаняты падарожнічаюць і па вадаёме. Робяць гэта яны нават тады, калі дасягаюць паловы росту дарослай птушкі. 😉

Першыя дзесяць тыдняў яны самі не могуць здабываць корм. Іх кормяць бацькі спачатку казуркамі, а потым рыбай. 🐟 У гэты час на вадаёме пастаянна чуваць піск птушанят, якія выпрошваюць ежу ў дарослых птушак.

Птушаняты добра плаваюць, але растуць павольна і доўга трымаюцца пры бацьках. Калі ў вывадку адно птушаня, то з ім застаецца толькі адзін з бацькоў. Калі птушанят больш, то праз 1-1,5 месяца вывадак падзяляецца, і кожны з бацькоў водзіць уласную групу. #птушыныяцікавосткі

📷 Дзякуй за фота @ptu6ki.
Цікавостка з сэксуальнага жыцця белых буслоў! 🥰

Буслы яднаюцца ў пары прыблізна за 30 дзён да адкладкі яек. За гэты час партнёры капулююць у сярэднім каля 160 разоў! 😯 Хоць самкі часта застаюцца ў гняздзе адны, асабліва непасрэдна перад адкладкай яек, пазапартнёрская капуляцыя (ці, іншымі словамі, здрада) адбываецца вельмі рэдка і толькі ў выпадку маладых сямейных пар.

Адкуль жа такая высокая сэксуальная актыўнасць у буслоў?
Не да канца вядома, але ёсць здагадка, што самцы такім чынам дэманструюць сваю фізічную форму. Пэўным пацверджаннем гэтай гіпотэзы можа быць той факт, што бацькі, якія часцей капулявалі са сваімі партнёркамі, потым больш актыўна кармілі сваіх птушанят.🐣 #птушыныяцікавосткі

Тэкст: Adam Zbyryt, https://www.facebook.com/Adam-Zbyryt-Cz%C5%82owiek-z-Puszczy-109952661725081.
Пеўчая і драпежная птушкі – здаецца, што гэта розныя полюсы свету птушак. Уявіць сабе шуляка (ястреба), які выводзіць трэлі, гэтак жа цяжка, як салаўя, які раздзірае цела ахвяры.😧

Але вялікі грычун (серый сорокопут) – пацверджанне, што ў прыродзе магчыма ўсё. Ён належыць да атраду вераб’інападобных, то бок пеўчых птушак. Але пры гэтым вядзе драпежніцкі лад жыцця – асноўную частку яго здабычы складаюць дробныя пазваночныя: жабы, яшчаркі, грызуны і птушкі, хоць буйнымі казуркамі ён таксама не грэбуе.

Дзюба ў яго магутная, кручкаватая, падобная да шуляковай, якая красамоўна сведчыць пра "прафесію" гэтай птушкі. #птушыныяцікавосткі

📷 Фота: Іна Шкурко, Вольга Жмура, t.iss.one/ptushkafota.
Здаецца, мы ведаем, кім хоча стаць гэта птушаня вялікай сініцы, калі вырасце – оперным спеваком! 🎶🥰

А каб усё атрымалася, трэба добра харчавацца, таму пакуль яно актыўна просіць ежу ў бацькоў.😅

Цікавы факт!
🐦 Вялікія сініцы – пладавітыя птушкі, звычайна адна пара за год робіць 2 вывадкі. У сярэднім самка адкладвае ў сваё гняздзечка да 12 яек! 🥚

🐣 Каб пракарміць столькі птушанят, "працоўны" дзень бацькі пачынаюць каля 04:00 і заканчваюць у 22:00. За дзень птушаняты атрымліваюць прыкладна 280 порцый корму (ад 4 да 20 порцый за гадзіну, у сярэднім 16)!

Дачнікам вельмі шанцуе, калі побач пасяляюцца вялікія сініцы. Яны знішчаюць шмат шкодных для гаспадаркі насякомых і вусеняў. 🐛 Калі ў цябе на ўчастку яшчэ няма сінічніка, ты можаш яго зрабіць сам_а. У каментарах пакінем схему. #птушыныяцікавосткі

📷 Фота: Іна Шкурко.
💧Думаем, ты заўважаў_ла, што большасць птушак для таго, каб напіцца, павінны акунаць дзюбу ў ваду і закідваць галаву, каб ваду праглынуць. А вось галубы, напрыклад, здольныя піць бесперапынку, апусціўшы дзюбу ў ваду.

Але на фота відовішча, якое сапраўды ўражвае! 😍
Ластаўкі і свіргулі, якія большасць часу праводзяць у паветры і кормяцца ў палёце, здольныя спікіраваць і набраць поўную дзюбу вады ў палёце. 💦😯
#птушыныяцікавосткі

📷 Гарадская ластаўка, аўтар – Мікалай Варабей.
Якое неверагоднае фота свіргуля! 😍

Вялікі шар у яго горле называецца болюсам, то бок харчовым шарыкам, поўным да 1000 казурак, якіх ён збірае, каб накарміць сваіх птушанят у гняздзе! 🐣

Свіргулі харчуюцца так званым "паветраным планктонам": лятучымі казуркамі, галоўным чынам двухкрылымі, якія ўзносяцца на значную вышыню ўзыходнымі плынямі паветра, а таксама аднадзёнкамі, жукамі, матылькамі. #птушыныяцікавосткі

📷 Фота: ©Jon Hawkins.
Таму адразу пасля таго як самкі сядаюць наседжваць яйкі, самцы збіваюцца ў чародкі і "залягаюць на ліньку" – перабіраюцца ў глухія, маладасяжныя месцы (трысняговыя зарасці, вербалозы). Там яны і хаваюцца большую частку лінькі, а на адкрытую ваду выплываюць толькі прыцемкам.

Толькі калі хоць трохі адрастуць махавыя пёры – працэс займае каля месяца – качары могуць дазволіць сабе выйсці ў свет. Паралельна з гэтым кароткія пёры, якія хутка растуць, фармуюць часовую ахоўную афарбоўку, характэрную самкам. Але ў "жаночай сукенцы" качары ходзяць нядоўга: літаральна праз месяц пачынаецца другая лінька, няпоўная. Усе патрэбныя для палёту доўгія пёры застаюцца на месцы, і змяняюцца толькі покрыўныя. Гэта займае менш часу і мала ўплывае на ўразлівасць птушкі, так што восеньскую частку шлюбнага сезона самцы-крыжанкі сустракаюць ужо пры поўным парадзе.☺️❤️

Самкі таксама ліняюць, але ў розны час. Тыя, хто застаўся ў гэтым сезоне без пары, ліняюць у той жа час, што і самцы. Іншыя робяць гэта пазней, толькі пасля таго, як іх качаняты крыху падрастуць. #птушыныяцікавосткі

Паводле elementy.ru.
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Чайка-рыбачка танцуе чачотку? Старанна мые лапкі? 😁

Не, яна проста каламуціць ваду, каб з'есці больш смачных насякомых.😋

Цікава, што калі чайка вось так тупае нагамі па зямлі, яна імітуе падзенне кропель дажджу, гэта дапамагае выманіць земляных чарвякоў і насякомых! Такой жа хітрасцю карыстаюцца і кулікі. 👏🏻 #птушыныяцікавосткі

📷 Відэа: Павел Сацута. Калі ты таксама хочаш дзяліцца з намі сваімі птушынымі фота і відэа – далучайся да чату @ptushkafota.
🐦 На фатаграфіях сойка хавае жалуды ў надзейную хованку – у шчыліны ў сцяне. 🤫

Менавіта таму соек увосень можна ўбачыць значна часцей, яны не марнуюць часу, а рыхтуюцца да зімы і збіраюць да 5000 жалудоў, каб назапасіць іх на чорны дзень! 😮

Сойкі хаваюць жалуды на зямлі каля каранёў дрэваў, пад карой, пад ламаччам, у пнях ці пад мохам, радзей — у дуплах ці трэшчынах. Але часта яны забываюць, дзе схавалі смакоцце. 😅 Так яны дапамагаюць распаўсюджвацца дубам. 🌳

Жалудамі сойкі харчуюцца большую частку года, з восені па вясну, пакуль не з'явяцца насякомыя і не паспеюць ягады. #птушыныяцікавосткі

А ты бачыў_ла, як сойкі цяпер актыўна цягаюць жалуды?

📷 Фота: Donatas Vidutis, @ptushkafota.
Некалькі фенаменальных фактаў пра нашых неверагодных кулікоў! ❤️

1️⃣ У кулікоў ёсць цікавая здольнасць, якая называецца рынхакінезам, яна дазваляе ім рухаць не толькі ніжняй сківіцай, як усе птушкі, але і верхняй часткай дзюбы, каб схапіць смачняшку, якую знайшлі пад зямлёй.😮

2️⃣ Некаторыя кулікі ляцяць на зімоўку адным пералётам і пры гэтым, напрыклад, дубальты, могуць пралятаць 6800 км усяго за 3,5 дні! Каб пераадолець такі марафон, кулікі непасрэдна перад міграцыяй ядуць так шмат, што амаль падвойваюць сваю вагу!

3️⃣ Кулікі арыентуюцца па магнітным полі Зямлі і па зорках. #птушыныяцікавосткі

📷 На фота кулік-гразевік (грязовик), чырвонаваллёвік (краснозобик). Аўтар – Іна Шкурко.
У верасні і да сярэдзіны кастрычніка ў розных кутках Беларусі можна ўбачыць сотні і тысячы жураўлёў на міграцыі. ❤️

Відовішча мноства грацыёзных птушак і іх тужлівыя крыкі ў палёце заварожваюць! 😍

Пералётныя жураўлі спыняюцца на нейкі час, кормяцца на палях і лятуць далей на поўдзень. Начуюць жураўлі пасярод адкрытых балотаў ці на палях, прытым адна-дзве вартаўнічыя птушкі зазвычай не спяць і зорка глядзяць па баках.

Адпачываюць жураўлі, бывае, літаральна некалькі гадзін, часам некалькі сутак, а некаторыя затрымліваюцца і на пару тыдняў.
#птушыныяцікавосткі

📷 Фота: Аксана Суботка, Таццяна Алешка, t.iss.one/ptushkafota.
Але навошта шпакам выконваць такія складаныя паветраныя трукі?

Згодна з найбольш распаўсюджаным пунктам гледжання, мурмурацыя – гэта ахоўны механізм, які ратуе птушак ад драпежнікаў. З'яўленне гіганцкай фігуры можа збіць драпежную птушку з панталыку і прымусіць адмовіцца ад атакі. Аднак нават калі яна нападзе, выхапіць аднаго шпака з мноства суродзічаў, якія сінхронна перамяшчаюцца, будзе няпроста.

Часцей за ўсё паветранымі піруэтамі займаюцца шпакі, але таксама былі заўважаныя за гэтым заняткам верабʼі, ластаўкі, каўкі (галки), вароны і іншыя птушкі. #птушыныяцікавосткі

📷 Фота: © Daniel Biber.
🎶 Так, як нашыя дзеткі вучаць родную мову, птушаняты пеўчых птушак вучаць свае будучыя песні, слухаючы сваіх бацькоў і іншых дарослых навокал. Дзякуючы нязначным адрозненням у песнях паміж птушкамі з розных мясцовасцяў, якія могуць перадавацца з пакалення ў пакаленне, утвараюцца мясцовыя дыялекты, заўважныя паміж птушкамі таго самага віду з розных папуляцый.

Каманда даследчыкаў з універсітэтаў Стакгольма і Упсалы (Швецыя) правялі серыю эксперыментаў на птушанятах пярэстай валасяніцы (мухоловки-пеструшки) з розных еўрапейскіх папуляцый.

🐣 Амаль 2 тысячам птушанят прайгравалі папярэдне запісаныя песні прадстаўнікоў папуляцый гэтага віду. Найбольш актыўна птушаняты рэагавалі, выпрошваючы ежу, менавіта на песні з лакальным дыялектам.

🐦 А ўжо ў дарослым жыцці птушак распазнаванне свайго (і чужога) лакальнага дыялекту дапамагае прыцягваць і выбіраць адпаведнага партнёра.

Крыніца: birdwatch.by/news/17196.
📷 Фота: Віталь Некрашэвіч, @ptushkafota.
#птушыныяцікавосткі
Беласпінны дзяцел – “чырванакніжны” від, які жыве ў забалочаных лісцёвых лясах. 🌳

🐦 Для гэтага дзятла вельмі важныя мёртвыя дрэвы. Бо 90% яго рацыёну – гэта насякомыя, якіх ён здабывае з-пад кары ці ў драўніне. У сухіх дрэвах гэтыя птушкі найчасцей таксама робяць дуплы.

Беласпінны дзяцел знаходзіцца пад аховай: у радыусе 100 м ад месцаў, дзе ён пастаянна гняздуе, забаронена высякаць любыя дрэвы. 🙅‍♂️ Каб забяспечыць птушкам спакой падчас гнездавання, з 1 сакавіка па 1 ліпеня побач з месцамі іх пражывання забаронена паляваць, збіраць дзікарослыя расліны, сокі дрэў, жывіцу. #птушыныяцікавосткі

📷 Фота: Аляксей Вайцянкоў, @ptushkafota.
Кажаш, лета? А ў кагосьці працягваецца вясновая міграцыя! 🙂

Пакуль у Мінску па газонах скачуць подлеткі, а птушаняты кнігавак трэніруюць крылы, кулікі з Афрыкі і Заходняй Еўропы спяшаюцца на радзіму, у арктычную тундру. Там яшчэ снег і лёд, але пакуль яны даляцяць, павінны з’явіцца праталіны, дзе можна зрабіць гняздо.

🐦 Шыкоўныя чорна-белыя сяўцы (тулесы), “мікраскапічныя” малыя кіркуны (кулики-воробьи), белахвостыя пясочнікі, кулікі-гразевікі, чырвонаваллёвікі (краснозобики) і вялікія кіркуны (чернозобики).

🔍 Большасць з іх заўважыць і пазнае толькі арнітолаг або спрактыкаваны птушкар.

Людзям не падабаюцца гразевыя водмелі і глеістыя адкладанні, але большасць гэтых відаў на міграцыі залежыць менавіта ад іх. Любяць гразь, як дзеці! 😅

А плывунчыкі могуць плаваць кругамі ў вадаёме, ствараючы на плыткаводдзі маленькія віры, якія падымаюць да паверхні ласункі.

#дзікіфакт: У гэтых унікальных птушак самкі прыгажэйшыя і большыя за самцоў. Самкі прывабліваюць самцоў, б’юцца за тэрыторыю, абараняюць гняздо і партнёра. Адклаўшы яйкі, яны вяртаюцца ў вырай, пакінуўшы шчаслівых таткаў выседжваць яйкі.

Хочаш лепш адрозніваць кулікоў і іншых птушак? Раім  круты вызначальнік: https://birdingbelarus.by/products/pocket-bird-guide/

📷 На фота: кругланосы плывунчык, аўтар - Andrew C, Wikimedia Commons, CC BY 2.0.

#птушыныяцікавосткі
Кулікі-дзівакі! На дварэ лета, але ў адных кулікоў яшчэ ідзе вясновая міграцыя – яны ляцяць на гнездаванне ў тундру, а ў куліка-случка ўжо восеньская. 😯

🐦 Кулік-случок (травник) выпраўляецца на месцы зімоўкі ўжо ў канцы траўня. Спачатку пакідаюць Беларусь самкі, пасля вылуплення птушанят.

Фактычна яны прылятаюць да нас на месцы гнездавання толькі на два месяцы, а большую частку года праводзяць у Грэцыі і Ізраілі.

😍 Адметная рыса куліка-случка – чырвона-аранжавыя доўгія лапкі, таму яго другая назва "чырвананожка".
Дзюба ў гэтай стройнай птушачкі таксама аранжавая, сярэдняй велічыні і на кончыку чорная.

У Беларусі гняздуецца каля 50.000 пар гэтага віду. Для гнездавання яны абіраюць адкрытыя балоты, тарфянікі, лугі і пашы.

Давай пазычым кулікам добрага палёту! І да сустрэчы наступным летам! 🤗

📷 Фота: Дзмітрый Іваноў, @ptushkafota.

#міграцыяптушак #EastAtlanticFlyway #EAF #flyways #птушыныяцікавосткі
Запаслівая сойка!

Соек увосень можна ўбачыць значна часцей: яны не марнуюць часу, а рыхтуюцца да зімы і збіраюць да 5000 жалудоў, каб назапасіць іх на чорны дзень! 😮

#дзікіфакт Сойкі хаваюць жалуды на зямлі каля каранёў дрэваў, пад карой, пад ламаччам, у пнях ці пад мохам, радзей — у дуплах ці трэшчынах. Але часта яны забываюць, дзе схавалі смакоцце. 😅 Так яны дапамагаюць распаўсюджвацца дубам. 🌳

Жалудамі сойкі харчуюцца большую частку года, з восені па вясну, пакуль не з'явяцца насякомыя і не паспеюць ягады. #птушыныяцікавосткі

А ты бачыў_ла, як сойкі цяпер актыўна цягаюць жалуды?

📷Фота @wildlife_bel