Дзікая прырода побач
2.89K subscribers
2.6K photos
202 videos
2 files
1.29K links
ТАА "Дзікая прырода" 🌳🐺🐤

🌿 Навіны дзікай прыроды і птушкавання
🦡 Барсук Ясь запрашае цябе ў "Дзікі клуб"
🤲 Наш прыбытак ідзе на ахову дзікай прыроды Беларусі

Людзі - для дзікай прыроды, дзікая прырода - для людзей!
Download Telegram
🌱💧Сёння Сусветны дзень водна-балотных угоддзяў. Іх дэградацыя і страта – глабальная праблема, а захаванне і аднаўленне – задача для ўсяго чалавецтва.

Мы сабралі для цябе самыя важныя факты пра водна-балотныя ўгоддзі! Якія з іх былі табе невядомы або здзівілі найбольш? Пішы ў каментары.🤗👇🏻

🌎 Дзяліся публікацыяй з сябрамі – няхай больш людзей даведаецца пра прыродныя каштоўнасці Беларусі і свету! #wildpolesia
Яшчэ адзін рэдкі і незвычайны від з Палесся – жук-рагач. 😍

Гэта самы вялікі жук у Беларусі – даўжыня цела можа дасягаць 8 сантыметраў! Рагача лёгка пазнаць па вялікіх разгалінаваных “рагах” (насамрэч гэта не што іншае як яго сківіцы!)

Лічынкі насякомага развіваюцца вельмі доўга – некалькі гадоў. У гэты час яны харчуюцца спарахнелай драўнінай.

☝️ Жук-рагач уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі. Адна з асноўных пагроз для яго – вырубка старых шыракалісцевых лясоў, асабліва дуброў, выдаленне сухастойных дрэў і ветравалаў.

🙌 У 2021 годзе ў рамках праекта АПБ “Палессе – дзікая прырода без межаў” #wildpolesia перададзена пад ахову 15 месцаў пражывання жука-рагача.

🌳 Цяпер там прадпісана захоўваць старыя і засохлыя дрэвы, заселеныя жукамі і іх лічынкамі, забаронена прымяняць хімікаты, паліць сухую расліннасць і адходы лесанарыхтоўкі.
Існуе міф, што дзякуючы E40 Беларусь магла атрымаць выйсце адразу да двух мораў (Балтыйскага і Чорнага) за мінімальную цану, што гэта эканамічна выгадны праект. 🤔

❗️Але новае эканамічнае даследаванне зноў паказвае, што нават аптымістычныя сцэнары не могуць выратаваць запланаваны водны шлях E40 ад банкруцтва.

У справаздачы Langhout Ecologisch Advies апісваюцца доўгатэрміновыя страты ў мільярды еўра, якія могуць узнікнуць у выніку будавання ключавой часткі прапанаванага воднага шляху, што ідзе з польскага Гданьска ў беларускі Брэст 👉🏻 ptushki.org/news/711787.html.

📷 Фота: Віктар Малышчыц. #savepolesia #wildpolesia #stop_e40
Сярод відаў фаўны Палесся, што знаходзяцца пад аховай, – беласпінны дзяцел. Ён любіць жыць у старых забалочаных лясах у поймах рэк.🌳

Аснова рацыёну беласпіннага дзятла – насякомыя, якіх ён здабывае з-пад кары засохлых дрэў. Паглядзі, як выглядае камель, на якім дзяцел шукаў ежу! 😮 У мёртвых падгнілых дрэвах гэтыя птушкі будуюць сабе жытло. Таму там, дзе жыве беласпінны дзяцел, забаронена высякаць любыя дрэвы.

🙅‍♂️ Каб забяспечыць птушкам спакой падчас гнездавання, з 1 сакавіка па 1 ліпеня побач з месцамі іх пражывання забаронена паляваць, збіраць дзікарослыя расліны, сокі дрэў, жывіцу. Нельга нават проста там хадзіць – выключэнне зроблена толькі для спецыялістаў, якія выконваюць службовыя абавязкі, вядуць навуковыя даследаванні ці працу па захаванні відаў.

☝🏻 У рамках праекта АПБ “Палессе – дзікая прырода без межаў” сёлета перададзена пад ахову тры месцы пражывання беласпіннага дзятла ў Лельчыцкім раёне. #wildpolesia #птушыныяцікавосткі

📷 Фота Даніэля Розэнгрэна (ФЗТ), Ігара Бышнёва (студыя AVES).
​​❄️ Ясным марозным днём захавальнікі дзікай прыроды Палесся адправіліся да Прыпяці, каб падлічыць вадаплаўных птушак. Іх чакала цікавая знаходка: вялікае гняздо на дрэве.

🦅 Непадалёк назіралі арлана-белахвоста – самую буйную драпежную птушку Беларусі з размахам крылаў да 2,5 метра! Арлан-белахвост уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Цалкам магчыма, знойдзенае гняздо – менавіта яго жытло. Ці так гэта, трэба ўдакладніць. Але знаходка ў любым выпадку важная: вялікія гнёзды ў лесе часта належаць “чырванакніжным” птушкам. У такім выпадку ахове падлягае не толькі дрэва з гняздом, але і значны ўчастак лесу вакол яго! 🌳

Што рабіць, калі знойдзеш вялікае гняздо, якое можа належаць рэдкай птушцы?

Максімальна дакладна вызначы месцазнаходжанне: каардынаты альбо напрамак і адлегласць ад вядомых аб’ектаў (населеных пунктаў, вадаёмаў і інш.).

Зрабі фота, па магчымасці падрабязна апішы дрэва, гняздо і тое, што знаходзіцца навокал. Калі пад гняздом ёсць пер’е, рэшткі здабычы, таксама зафіксуй гэта.

Звярні ўвагу на гаспадарчую дзейнасць, якая вядзецца паблізу (нарыхтоўка лесу і інш.). Паглядзі, ці няма на дрэвах побач пазнак – гэта можа сведчыць, што іх збіраюцца высякаць.

Сабраныя матэрыялы перадай у Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах (калі гаворка пра від жывёл) альбо ў Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі (калі гаворка пра расліну). #wildpolesia

📷 Фота Юліі Ляшкевіч.
🌱 Казлабарод беларускі і шальнік вясновы – новыя для навукі віды, якія сфармаваліся на Палессі, дзякуючы ўнікальным прыродным умовам гэтай тэрыторыі.

Чаму Палессе клічуць ключавой тэрыторыяй у біяразнастайнасці краіны? І ці можна сказаць, што Палессе багацейшае за іншыя раёны Беларусі па колькасці відаў раслін? Якія рэдкасці расліннага свету можна ўбачыць на Палессі?

На гэтыя пытанні адказвае Аркадзь Скуратовіч, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі 👉🏻 ptushki.org/news/711946.html.
#savepolesia #wildpolesia #stop_e40

📷 Фота: Віктар Малышчыц, Аркадзь Скуратовіч, Stefan.lefnaer, Tanel Teemusk, Le.Loup.Gris, Chrumps – Wikimedia Commons.
🌱 Расіца прамежкавая (росянка промежуточная) – рэдкая расліна, што сустракаецца на верхавых балотах. Там, дзе яна расце, глебы вельмі бедныя на мінералы, да таго ж карані ў расіцы развітыя слаба, таму яна амаль не здабывае пажыўных рэчываў звычайным для раслін спосабам. Затое атрымлівае іх па-іншаму – ловячы насякомых. 😮

Расіца выдзяляе кропелькі цягучай клейкай вадкасці, якія блішчаць на сонцы і вабяць здабычу. Сеўшы на расліну, яна апынаецца ў пастцы: сок паралізуе яе. “Злавіўшы” насякомае, ліст расіцы згортваецца і выдзяляе рэчывы, падобныя да стрававальных ферментаў. Ператраўліванне доўжыцца некалькі дзён.

💧Расіца моцна залежыць ад воднага рэжыму. Там, дзе яна расце, забаронены асушальная меліярацыя і здабыча торфу. Два месцы ўзрастання расіцы прамежкавай перададзены пад ахову летась у рамках праекта “Палессе – дзікая прырода без межаў”. #wildpolesia

📷 Фота Аляксандра Казуліна.
Глядзі, якія мілыя звяры сустракаюцца ў палескіх лясах! Гэта – соня-палчок. ☺️

Від нездарма так завецца – соня праводзіць у спячцы больш за паўгода. 💤 У астатні час звярок вельмі актыўны, спрытна сноўдае па галінах і можа рабіць вялікія – да 10 метраў – скачкі паміж дрэвамі!

Доўгі хвост дапамагае соні ў руху, бо “працуе” як процівага і руль. Аднак у выпадку атакі драпежніка соня, схопленая за хвост, можа пакінуць у зубах нападніка толькі пухнатую скурку, якая лёгка здымаецца з хваста, як панчоха. 😯

Соня-палчок уладкоўвае гнёзды ў дуплах, радзей – пад паваленымі камлямі ці сярод каранёў дрэў. Вялікую долю рацыёну соні складаюць садавіна, ягады, арэхі. 🌰🍇

У 2021 годзе 6 месцаў пражывання соні-палчка на Палессі перададзена пад ахову ў рамках праекта АПБ “Палессе – дзікая прырода без межаў”. Там, дзе жывуць гэтыя “чырванакніжныя” грызуны, забаронена высякаць пладова-ягадныя і арэхаплодныя кусты і дуплістыя дрэвы, апрацоўваць расліны хімікатамі. #wildpolesia

📷 Фота Ігара Бышнёва.