Культура Гродненщины
1.93K subscribers
63.1K photos
2.76K videos
16 files
5.3K links
Информация о мероприятиях, творческих проектах, людях искусства, а также о самых важных культурных событиях Гродненщины.
Креативно обо всем и обо всех!
Download Telegram
Forwarded from ОМЦНТ
"НАРОДНЫХ ТРАДЫЦЫЙ ВЫТОК".
Абласная выстаўка творчасці народных майстроў
Гродзеншчыны сёння адкрылася ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

Наш час адзначаны ўздымам цікавасці да набыткаў і дасягненняў традыцыйнай мастацкай культуры, якая вылучаецца нацыянальнай самабытнасцю і з’яўляецца найбольш яскравым спосабам самавыяўлення народа. Гэта культурна-гістарычная спадчына прадаўжае сваё жыццё, актыўна ўключаецца ў сучасныя культурныя працэсы.
Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, традыцыйныя мастацкія рамёствы і промыслы – паўнавартасны від сучаснай мастацкай творчасці. У 2003 годзе пры Міністэрстве культуры была створана экспертная камісія па народнаму мастацтву, народных промыслах і рамёствах і зацверджана “Палажэнне аб народным майстры”. Статус “народны майстар” надаецца носьбітам этнічных традыцый, захавальнікам, пераемнікам і прадаўжальнікам набыткаў беларускай культуры, якія набылі майстэрства традыцыйным спосабам ці ў працэсе самастойнай творчай працы, абапіраюцца на мясцовыя, рэгіянальныя, нацыянальныя традыцыі, творча іх развіваюць, перадаюць сваё майстэрства маладому пакаленню. У першую дзесятку афіцыйна прызнаных народных майстроў увайшоў і наш зямляк, майстар мастацкай апрацоўкі дрэва Міхаіл Антонавіч Рышкевіч (1924-2007 гг.) з в. Бешанкі Лідскага раёна.
На выстаўцы прадстаўлена творчасць 22 сапраўдных майстроў Гродзеншчыны, якім дзяржавай прысвоены ганаровы статус “народны майстар”. Гэта сведчанне афіцыйнага прызнання іх заслуг на ніве нацыянальнай культуры. Тут прадстаўлены творы “залатога фонду” майстроў-носьбітаў, захавальнікаў даўніх традыцый, і тых, хто здолеў глыбока асэнсаваць і асвоіць народныя рамесніцкія традыцыі.
У 2022 годзе статус “народны майстар” атрымалі вядучыя майстры Гродзеншчыны: майстар выцінанкі Муліца Станіслаў Вітольдавіч, г. Гродна; ткачыха Сільвановіч Валянціна Генрыкаўна, г. Ліда; Старасціна Юзэфа Эдвардаўна, аг. Геранёны Іўеўскага раёна.
І гэта лепшы доказ таго, што нашы традыцыі будуць жыць і развівацца!
Forwarded from ОМЦНТ
“І што ў душы аддаць паспею людзям – яно і ёсць быцця адвечны рух”

З заміраннем сэрца заўсёды слухаю, як Мар’ ян Антонавіч апавядае пра жалейкі, паляўнічыя рогі, дудачкі, трашчоткі. Колькі любові і пяшчоты ў яго словах! Сёння, падчас адкрыцця выставы ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці стаяла асаблівая атмасфера незвычайнай цеплыні. І кожны раз музыка бярэ ў рукі інструмент, быццам маленькае дзіцятка, расказвае, як ствараў яго, і неўзабаве зала напаўняецца чароўнымі гукамі.
Поўніцца сэрца радасцю і гонарам за сваіх землякоў-прадзедаў, якія пакінулі для нас скарб, народны, музычны, гуллівы, а сённяшнія музыкі, такія як спадар Скрамблевіч, зберагаюць гэты скарб і перадаюць наступнаму пакаленню.
Мар'ян Антонавіч Скрамблевіч – прыклад сумленнага служэння майстра, музыкі, гуманіста, патрыёта! Яго народныя інструменты - гэта голас самой Беларусі. Не, цэлы хор. Нават калі граюць адна дудка ці жалейка, то ёсць адчуванне напоўненасці, шматгалосся. А сёння іх было шмат — і вір гукаў, глыбіня думак, спеў стагоддзяў злучаліся з голасам сучаснасці.
Народная ж памяць — рэч тонкая. І ўдзячная. У маленькіх вёсачках, у вялікіх гарадах ёсць старажылы, якія яшчэ могуць узгадаць для нас лепшыя народныя традыцыі, а мы павінны захаваць іх, каб перадаць сваім дзецям і ўнукам, ад пакалення да пакалення, з рук у рукі, з вуснаў у вусны, ад сэрца да сэрца, праз час і прастору... скрозь вякі як каштоўныя знакі памяці.