De facto. Беларуская навука
1.49K subscribers
1.19K photos
1 video
3 files
708 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
У ЗША выйшлі новыя кнігі пра беларускія мястэчкі

Арганізацыя JewishGen (ЗША) у 2025 годзе працягвала выдаваць кнігі пра гісторыю габрэйскіх абшчын у Беларусі. Рэч пра так званыя памятныя кнігі (Yizkor books) — выданні з гісторыяй горада, біяграфіямі мясцовых жыхароў, фатаграфіямі і іншымі матэрыяламі. Многія з іх былі напісаны на ідышы або іўрыце і цяпер перакладаюцца на англійскую мову. На працягу 2025-га пабачылі свет кнігі пра Слуцк, Давыд-Гарадок і Ленін (цяпер аграгарадок у Жыткавіцкім раёне).

Пра выданне пра Давыд-Гарадок паведамляецца: «У кнізе намаляваны горад з дамамі, пераважна пабудаванымі з дрэва, вокнамі без аканіц і дахамі, накрытымі сенам. Вуліцы былі без тратуараў, а вясной, калі раставаў снег, яны ператвараліся ў балоты… Ёсць аповеды пра гараджан, якія загінулі падчас Халакосту, а таксама пра тых, хто страціў жыццё ў Ізраілі падчас яго барацьбы за выжыванне як нацыі».

Раней у серыі выйшлі на англійскай мове кнігі пра Докшыцы, Дзятлава, Карэлічы і многія іншыя беларускія мястэчкі.
33👍15🔥4🤔3👏1🎉1
Аўтапрабегі і аўтагонкі ў беларускіх губернях напачатку XX ст.

Пра іх у апошнім зборніку навуковых артыкулаў «Доўгае ХІХ стагоддзе ў гісторыі Беларусі і Усходняй Еўропы» піша Сяргей Бусько. У 1910 г. галоўнай спартыўнай падзеяй у Расійскай імперыі стаў міжнародны аўтапрабег па маршруце Санкт-Пецярбург – Пскоў – Віцебск – Магілёў – Гомель – Кіеў – Гомель – Рослаў – Масква – – Санкт-Пецярбург. Часопіс «Аўтамабіліст» назваў яго першай гонкай у гісторыі імперыі. У беларускіх гарадах гоншчыкаў сустракалі натоўпы гледачоў з аркестрам і кветкамі.

Нягледзячы на ўдзел у гонцы аўтамабіляў «Руса-Балт», першыя 12 месцаў (з 19) былі занятыя на аўтамабілях нямецкай вытворчасці. Першыя тры месцы занялі гоншчыкі з Германскай імперыі (на аўтамабілях «Мерседэс» і «Бенц»).

Потым на беларускіх землях адбылося яшчэ некалькі аўтапрабегаў. У 1912 г. маршрут упершыню ахапіў усе пяць беларускіх губерняў (на здымку – стаянка ў г. Баранавічы). Аўтапрабегі садзейнічалі рамонту дарог.
🔥18👍11🏆53👏1
Усё больш партрэтаў з усмешлівымі памерлымі. Пра асаблівасці сучасных беларускіх могілак

Гісторык-некрапаліст Сяргей Грунтоў адзначае ў свежым нумары Ethnologia Polona: вялізныя новыя могілкі за межамі гарадоў заставаліся белай плямай для даследнікаў. Між тым сучасныя надмагіллі могуць шмат расказаць пра спосабы пераадолення гора і пра культуру памяці. Усё часцей сустракаюцца ўсмешлівыя твары памерлых на партрэтах: што сведчыць пра хуткую страту строгіх мемарыяльных умоўнасцей.

А частыя выявы памерлых у кантэксце іх прафесіі сведчаць пра нязменную важнасць працы для ідэнтычнасці беларусаў — многія хочуць, каб іх памяталі менавіта ў кантэксце працы. З'яўляюцца новыя формы памінання: адна з іх – прынясенне цацак на дзіцячыя пахаванні.

Замест «магілаў» як невялікіх курганаў усё часцей – пліты на ўсю паверхню. Неабходнасць догляду за імі мінімальная, таму практыка клопату, як адна з найважнейшых формаў памінання, паступова адыходзіць у мінулае. Расце папулярнасць крэмацыі.
🤔3012👍9🙏3🕊1🤡1
Міжземнаморская вялікая белая акула можа знікнуць

Некалькі відаў акул, якія жывуць у Міжземным моры, у тым ліку вялікая белая акула, магчыма, знаходзяцца на мяжы вымірання – да такой высновы прыйшла група навукоўцаў з ЗША і Вялікабрытаніі, паведамляе BBC.

Маніторынг рыбных партоў і рынкаў на афрыканскім узбярэжжы Міжземнага мора, які вялі амерыканскія навукоўцы ў супрацоўніцтве з брытанскай дабрачыннай арганізацыяй Blue Marine Foundation, паказаў, што ў 2025 годзе былі вылаўлены і прададзены як мінімум 40 вялікіх белых акул.

Дакладных дадзеных аб колькасці гэтага віду няма, але даследнікі мяркуюць, што іх засталося ўсяго некалькі сотняў ці нават некалькі дзясяткаў. Па міжнародных пагадненнях лоўля вялікай белай акулы забаронена, але абаронцы прыроды і навукоўцы выявілі ахоўныя віды акул на рыбных рынках Алжыра і Туніса. Калі ўсе краіны Міжземнага мора будуць выконваць правілы, тое гэта дасць надзею на захаванне рэдкага віду.
😢26🐳10😨8🤬2
Што здзівіла ў Беларусі ў гады Паўночнай вайны славацкага святара

Пра гэта піша славацкая філолаг Станіслава Мойшава ў часопісе «БДУ. Гісторыя». Напачатку XVIII ст. святар Даніэль Крман быў накіраваны да двара шведскага караля Карла XII у якасці пасла верхневенгерскіх пратэстанцкіх саслоўяў. Праз свае апісанні ў дзённіку святар падкрэсліваў спецыфіку Беларусі ў параўнанні з Польшчай: сельскі характар, больш шырокая этнічная разнастайнасць (габрэі, татары), пагорысты ландшафт.

Вялікую цікавасць пратэстант праяўляў да экзатычных для яго ўніяцкіх цэркваў і сінагог. Пра беларускае насельніцтва ў дзённіку гаворыцца мала, часта пазначаецца ягоная няшчасная сітуацыя: у горадзе Барысаве «жыхары, паводле цыганскіх звычаяў, сядзелі разам пад адкрытым небам і гатавалі ежу».

Там жа ў Барысаве святар упершыню схадзіў у лазню: яна яго не надта ўразіла. У Магілёве ў карчме пад назвай «Светлыя агні» венгерскія пасланцы заказалі піва, але «гэтыя цемрашалы» адмовіліся іх абслугоўваць. Што здарылася – невядома.
😁19👍12🤷‍♂22🔥2😢2❤‍🔥1🤔1
Выйшаў зборнік «Крэва і акруга» (прэзентацыя – 22 студзеня)

Пабачыў свет зборнік навуковых артыкулаў «Крэва і акруга: гісторыя, археалогія, культурная спадчына». У ім матэрыялы пра балта-славянскія кантакты, рэстаўрацыю Крэўскага замка, пра гісторыю мястэчка позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу, пра падзеі Першай сусветнай вайны ў Крэве. Асобнае месца прысвечана шматэтнічнай спадчыне Крэва і яго ваколіц.

22 студзеня Інстытут гісторыі сумесна з «Акадэмкнігай» правядзе прэзентацыю выдання ў мінскім кінатэатры «Піянер» Пачатак – 19.00. Удзельнікі: Віталь Гарматны (Інстытут гісторыі), Алена Карлянок (Белрэстаўрацыя), Андрэй Шулаеў (архітэктар праектаў), Уладзімір Багданаў (журналіст, калекцыянер). Мадэратар – Алег Дзярновіч (Інстытут гісторыі). Кошт квітка – 12 р.
👍29🔥82👏2🤡2❤‍🔥1🙏1
Паселішча на Менцы пачало развівацца ў першым дзесяцігоддзі X стагоддзя

Пра сваё адкрыццё група беларускіх навукоўцаў (Максім Ярмохін, Віталь Моцны, Віталь Лукін, Аляксандр Пугачэўскі, Андрэй Вайцеховіч) піша ў новым нумары часопіса Dendrochronologia. Дзякуючы дэндрахраналагічнаму аналізу раней стала вядома, што дубы для пабудовы гарадзішча на Менцы былі ссечаны паміж другой пал. 997 г. і ранняй вясной 998 г. Але навукоўцы пайшлі далей.

Яны пабудавалі храналогію гадавых кольцаў дуба MNK01, якая ахоплівае 170 гадоў – перыяд з 828 па 997 год. Дэндрахраналагічны аналіз выявіў «працяглы перыяд зніжэння сінхроннасці росту сярод дрэў, які доўжыўся прыблізна з 910 па 980-я гады».

«Наяўнасць асінхронных рэзкіх змен росту і пашкоджанняў, якія ўзнікаюць на розных дрэвах у розны час на працягу гэтага інтэрвалу, сведчыць пра ўплыў дзейнасці чалавека на лес. Гэтыя заканамернасці могуць сведчыць аб тым, што паселішча на рацэ Менка пачало развівацца ў першым дзесяцігоддзі X стагоддзя», – прыйшлі да высновы навукоўцы.
❤‍🔥33👍19👏5🤡1
Чаму сярод кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў БССР беларусаў была толькі палова

Пра гэта піша Ігар Пушкін у зборніку «Этнос и общество в контесте межнациональных отношений», які выйшаў месяц таму па выніках навуковай канферэнцыі ў Кубанскім дзяржуніверсітэце РФ. Ён канстатуе, што доля нацыянальных меншасцей сярод кіраўніцтва эканомікі БССР перавышала іх долю ў агульнай колькасці насельніцтва (згодна перапісу 1989-га беларусы складалі 77,9%).

Сярод кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў і аб’яднанняў беларусаў было: 1984 г. — 48,2%, 1985 г. — 51,2%, 1986 г. — 54,5%, 1987 г. — 56,4%. Многія кіруючыя кадры накіроўваліся з РСФСР, а таксама з УССР. «Палітычны недавер і падвышаная падазронасць» мела месца быць у дачыненні да выхадцаў з Цэнтральнай і Заходняй Беларусі. Прысутнічалі адміністрацыйныя перашкоды для габрэяў і палякаў.

Прыезджыя спецыялісты паступова замяшчаліся беларусамі. Аднак у 1985-м сярод кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў БССР рускіх было 32,7%, украінцаў — 11,7%.
🤔20🤬14👀8👍2😁2🤷‍♂1👎1😨1
У Беларусі знайшлі новы від жукоў

Пра гэта беларускія навукоўцы (Прышчэпчык, Александровіч, Сінчук) паведамілі ў расійскім часопісе Far Eastern Entomologist. Новы для фаўны Беларусі від Troglops albicans знайшлі падчас даследавання ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі» ў 2025 годзе – ён знаходзіўся пад карой сухога паваленага дуба. Самец жука мае даўжыню цела 3 міліметры (на здымку).

Troglops albicans распаўсюджаны ў асноўным у Цэнтральнай Еўропе, але таксама сустракаецца ў Паўднёвай і Усходняй, на Каўказе і Блізкім Усходзе. Такім чынам Беларусь можа ўяўляць сабой бягучую паўночную мяжу распаўсюджвання віду.
🎉18👍15🤔8👾54🔥1
Падзел на «заходнікаў» і «ўсходнікаў»: чаму пасля вайны замацаваўся стэрэатып

Пра гэта ў апошнім нумары Ethnologia Polona піша Уладзімір Лобач, які ў 2000 - 2020 гг. правёў палявыя даследаванні ў Віцебскай вобласці. Падчас савецка-польскай мяжы ў 1921 - 1939 гг. узаемныя ўяўленні пра «заходнікаў» і «ўсходнікаў» мелі расплывісты характар.

Падрабязнае напаўненне вобразаў «заходнікаў» і «ўсходнікаў» характарыстыкамі адбылося пасля фізічнай (1939 г.) і фактычнай (1944 г.) ліквідацыі савецка-польскай мяжы. У пасляваенныя гады камунікацыя паміж жыхарамі Заходняй і Усходняй Беларусі стала інтэнсіўнай. Сказалася і масавая працоўная міграцыя, а таксама патокі жабракоў з разбураных раёнаў у адносна квітнеючы заходні рэгіён.

Асновай ідэй стала супрацьпастаўленне «дабрабыт — беднасць», а таксама набор звязаных з ім канатацый: «аднаасобнік — калгаснік», «працавіты — гультай», «вернік — атэіст», «паліцэйскі — партызан», «скрытны — камунікатыўны». Гэтыя стэрэатыпы характэрныя для старэйшага пакалення.
👍22🔥8👀6🤷‍♂33💩1
Злачынствы супраць жанчын у ВКЛ: якімі былі пакаранні

Пра гэта піша П. Сянько ў зборніку «Пічэтаўскія чытанні – 2025». Асноўная частка законаў (Статуты ВКЛ 1566 і 1588 гг.) распаўсюджвалася на падданых незалежна ад гендару: больш істотную ролю гралі саслоўны і рэлігійны фактары. Як рэгламентавалася пакаранне за забойства?

Галаўшчызна (грашовы штраф) за забойства шляхціца складала 100 коп літоўскіх грошай. Галаўшчызна за забойства шляхцянкі выплочвалася ў падвойным памеры — у 200 коп. За забойства цяглага селяніна прысуджалася 25 коп грошай. Забойства цяглай сялянкі, жонкі селяніна, каралася штрафам у 50 коп. Традыцыйна жанчына ўспрымалася фізічна слабейшай за мужчыну, да таго ж агрэсія супраць жанчыны ўспрымалася як агрэсія супраць яе мужа, замах на яго сферу адказнасці і інтарэсаў.

Пры гэтым галаўшчызна за забойства непрывілеяванай жанчыны, якая ніколі не знаходзілася ў шлюбе, складала толькі 20 коп грошай – такі памер штрафу ўсталёўваўся, напрыклад, за забойства нявольнага чалядніка або палоннага.
👀24👍17🤔10🙈8🤷‍♂2❤‍🔥1
Выйшла кніга «Насельніцтва Беларусі. Альбом у тварах – погляд у мінулае»

Калектыўная манаграфія падрыхтавана навукоўцамі беларускага Інстытута гісторыі і расійскага Інстытута этналогіі і антрапалогіі ім. Міклуха-Маклая. У фокусе ўвагі – насельніцтва гарадоў і сельскіх паселішчаў Беларусі Сярэдніх стагоддзяў і Новага часу.

Археолагі вывучылі некропалі ў населеных пунктах, антраполагі дэталёва даследавалі касцяныя астанкі і ў шэрагу выпадкаў генетыкі змаглі ўстанавіць фенатыпічныя прыкметы (колер вачэй, валасоў і інш.) для асобнага індывіда. Значнае месца ў кнізе займаюць антрапалагічныя рэканструкцыі асобы па чэрапе, якія дэманструюць прыжыццёвую знешнасць чалавека з некропаля.

Сучасныя метады фізічнай антрапалогіі, генетыкі, археалогіі і сумежных дысцыплін дазваляюць атрымаць больш дадзеных аб ладзе жыцця, дэмаграфічнай сітуацыі, палеадыеце, хваробах і паталогіях людзей, якія жылі некалькі стагоддзяў таму.
👍29🤔12👏54🥴2😁1🎉1🙏1
У Інданезіі знайшлі найстаражытнейшы наскальны малюнак

Намаляваны контур чалавечай рукі, знойдзены ў пячоры на невялікай інданезійскай выспе Муна, хутчэй за ўсё, з'яўляецца самай старажытнай наскальнай выявай у свеце, лічаць навукоўцы, піша BBC. Яна была створана як мінімум 67 800 гадоў таму ў вапняковай пячоры.

Малюнак з часам выцвіў і сёння ледзь адрозны на сцяне пячоры (на ілюстрацыі – апрацаваны здымак). Выява, як і іншыя падобныя малюнкі, была створана шляхам распылення пігменту над рукою, прыціснутай да сцяны.

67 800 гадоў – гэта прыкладна на 1 100 гадоў старэй за іншы малюнак рукі, знойдзены ў Іспаніі, які да гэтага часу лічыўся самым старажытным і які прыпісваюць неандэртальцам. Людзі, якія стварылі малюнак у скале ў Інданезіі, належалі да папуляцыі, якая прасоўвалася з мацерыковай Азіі на інданезійскія выспы, а пазней, магчыма, працягнула шлях у Аўстралію.
👍229🔥7❤‍🔥1🤔1💩1
Дзве праграмы стыпендый для даследнікаў

Louvre Abu Dhabi прапануе стыпендыі для даследнікаў і музейных прафесіяналаў, якія працуюць з гісторыяй мастацтва, музеямі, калекцыямі і матэрыяльнымі даследаваннямі. Падтрымка разлічана на розныя перыяды: 3 і 9 месяцаў. Дэдлайн падачы заявак – 7 лютага. Усе падрабязнасці тут.

NIAS (Нідэрланды) прапануе стыпендыі навукоўцам, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі. Рэзідэнцыі прапануюцца на пяць месяцаў. Дэдлайн падачы заявак – 31 сакавіка. Усе падрабязнасці тут.
👍152👎1🤔1
Пра мікратапанімію вёсак, якія былі створаны ў выніку каланізацыі з прускай зямлі

Польскае даследніца Jadwiga Kozłowska-Doda піша ў свежым выпуску Acta Baltico-Slavica пра мікратапанімію вёсак Вайкунцы і Складанцы ў Воранаўскім р-не Беларусі – матэрыялы былі сабраныя на мяжы XXI ст. Вёскі ўтварыліся ў выніку каланізацыі заходнебалцкім насельніцтвам у XIV ст. з прускай зямлі Барця, іх жыхароў раней называлі барцякамі.

Да сёння спіс мікратапонімаў уключае шматлікія літуізмы. Напрыклад: Гі́ра і Гуéль (назвы лясоў), Кýдра (назва забалочанага месца), Зýсаль (назва поля). Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што мясцовыя назвы ландшафту перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Мужчына 1955 года нараджэння адзначыў: «Ліха іх ведае. Гэта ўсё па-просту, ані па-польску, ані па-літоўску. Які ест, ту ўсё па-просту. Бацькі таксама так гаварылі, як і мы гаворым, якія кусты, якія лясы... Як Солы, то Солы і бацькі казалі. Ажарэйці, ту Ажарэйці і бацькі... Скрэндзішкі, і бацькі Скрэндзішкі... Этак. І бацькі, па бацькох і мы сталі».
40👍10👏1🙏1
Выйшла манаграфія з лінгвістычным аналізам легенды пра Мухамада, запісанай для беларускіх татар

Летась пабачыла свет манаграфія мовазнаўцы Віктара Несцяровіча «”Мірадж-намэ” з Кітаба Абрагіма Хасяневіча (1832)». Кіта́бы — кнігі, напісаныя арабскім пісьмом на мове, падобнай да беларускай. Легенда аб начным узнясенні прарока Мухамада («Мірадж») уключана ў кітаб, які стварыў перапісчык Абрагім Хасяневіч у 1832 г. у мястэчку Смілавічы.

У манаграфіі прыводзіцца транслітарацыя тэксту з арабскага алфавіту на кірыліцу, пераклад на сучасную беларускую мову, а таксама найпадрабязнейшы лінгвістычны каментар.

Аўтар надаў адмысловую ўвагу такім тэмам, як сувязь мовы помніка з беларускімі народнымі гаворкамі, графічныя і арфаграфічныя асаблівасці тэксту, асаблівасці фанетыкі, марфалогіі, лексікі, фразеалогіі, сінтаксісу.
👍41🔥138🤔3🎉1🕊1
Як у 1928-м у Беларусі стварылі кітайскі калгас – адзіны ў гісторыі

Пра гэта піша М. Дзмітрук у зборніку «Пічэтаўскія чытанні - 2025». У 1928-м тры кітайскія сям'і на чале з Джан Ванфу, эміграваўшы з Кітая, арганізавалі калгас каля вёсак Маркавічы і Баранава Віцебскага раёна. Першапачаткова ў склад калгаса з ухілам на агародніцтва ўвайшло 17 га землі. Гаспадарку назвалі «Кантонская камуна» – у гонар камуністычнага Кантонскага паўстання 1927 г. супраць Гаміньдана (яно пацярпела паразу).

Калгас рос і атрымаў інтэрнацыянальны статус: у яго ішлі беларусы, латышы, габрэі. У 1931 г. агракамбінат быў падзелены на два калгасы: кітайскі («Перамога») і беларускі («Маркавічы»).

Да сярэдзіны 1930-х гг. кітайскі калгас стаў адной з перадавых гаспадарак Віцебскага раёна, ён перайшоў на вырошчванне лёну. Падчас вайны без вестак зніклі Джан Ванфу, Сін Дзудзі і Сю Даболь, а ацалелыя сваякі і астатнія калгаснікі або загінулі, або былі вымушаны эміграваць. Адзіны ў беларускай гісторыі кітайскі калгас перастаў існаваць.
🔥19👀186👍6🤷‍♂1😐1🤝1
Пра ўдзел грамадзян ВКЛ у акупацыі Масквы

Віктар Якубаў піша ў Studia Interkulturowe Europy Środkowo-Wschodniej (том 18) пра найбольшыя поспехі Рэчы Паспалітай у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы ў 1609 - 1613 гг.: (захоп Смаленска, бітва пад Клушынам, утрыманне Масквы).

Восенню 1610 г. Семібаяршчына ўпусціла ў Маскву войскі Рэчы Паспалітай (у аснове – Польскай Кароны): сын Жыгімонта Вазы быў абвешчаны царом. Але затым улада і адказнасць за гарнізон у Крамлі ляглі на плечы прадстаўнікоў ВКЛ (А. Гасеўскі, Я. П. Сапега, Я. К. Хадкевіч, А. Лісоўскі і інш.). У кастрычніку 1612 сітуацыя абложаных стала катастрафічнай: іх даканаў голад, а апалчэнцы Мініна і Пажарскага падвязлі артылерыю. Абаронцы адбілі шэраг штурмаў, але былі вымушаны капітуляваць (кароль з войскам не паспелі на дапамогу). З 1500 ваяроў гарнізона апошняй ратацыі дадому вярнулася 286 чалавек.

Смаленскае ваяводства стала часткай ВКЛ, аднак Княства вымушана было ўвесці надзвычай высокія падаткі для аплаты велізарных рахункаў уласнай арміі.
25👍8🤷‍♂5🔥5🙏1😭1🫡1
Белыя мядзведзі на Шпіцбергене сталі таўсцейшымі і здаравейшымі, нягледзячы на знікненне лёду

Насуперак чаканням навукоўцаў і нягледзячы на тое, што плошча ледзянога покрыва ў Арктыцы стабільна скарачаецца з-за змены клімату, белыя мядзведзі на нарвежскім архіпелагу Шпіцберген сталі таўсцейшымі і здаравейшымі, чым былі ў пачатку 1990-х гадоў. Пра гэта паведамляе BBC.

У перыяд з 1992 па 2019 год навукоўцы ўзважылі і вымералі 770 дарослых мядзведзяў на Шпіцбергене (на здымку) і выявілі, што яны сталі значна таўсцейшымі. Як мяркуецца, мядзведзі прыстасаваліся да новых умоў, пачаўшы больш паляваць на сухапутных жывёл, напрыклад, аленяў, а таксама на маржоў. Асноўнай крыніцай тлустай ежы застаюцца цюлені.

Праўда, стан арганізма – толькі частка карціны. Іншае нядаўняе даследаванне паказала, што павелічэнне колькасці дзён без лёду скараціла працэнт выжывальнасці сярод медзведзянят, мядзведзяў-падлеткаў і старых самак.
1111😱6😭6🐳3🤔2
Пра смерць вялікага князя Канстанціна Паўлавіча ў Віцебску падчас эпідэміі халеры

Пра гэта піша Iwona Janicka у новым XIII томе навуковага выдання «Życie prywatne Polaków w XIX wieku». Брат расійскага імператара Аляксандра I быў намеснікам Царства Польскага. Пасля пачатку Лістападаўскага паўстання вялікі князь Канстанцін Паўлавіч з жонкай вымушаныя былі пакінуць Варшаву і накіраваліся ў Віцебск, дзе з 5 чэрвеня 1831 года лютавала эпідэмія халеры.

Вялікі князь прабыў у горадзе ўсяго дванаццаць дзён (з 15 чэрвеня), і менавіта тут, хутчэй за ўсё, заразіўся хваробай. Яго раптоўная смерць выклікала чуткі пра нібыта атручэнне графам Аляксеем Фёдаравічам Арловым і нават сумневы ў тым, ці сапраўды ён памёр.

З вялікім князем развітваліся двойчы — у чэрвені ў Віцебску, а потым у жніўні ў Пецярбургу. У Віцебску ў пахавальнай працэсіі ўдзельнічалі прадстаўнікі княжацкага двара, вайскоўцы, духавенства розных канфесій (забаранілі толькі габрэям), а таксама прадстаўнікі гарадскіх улад, школ і іншых устаноў.
👍23👏9🤔5🤷‍♂31👌1
Выйшла кніга пра беларускія народныя каляндарныя песні

«Ой, пушчу стралу па ўсяму сялу: беларускія народныя каляндарныя песні з пераказам на рускую і англійскую мовы» – гэта зборнік яркіх узораў каляндарна-абрадавай паэзіі, якая адлюстроўвае светапогляд беларусаў і вылучаецца глыбокім гуманізмам і мастацкай дасканаласцю.

Аўдыядадатак будзе падарункам для аматараў народных спеваў. Тэксты ілюстраваныя здымкамі і адметным відам беларускага народнага мастацтва – выцінанкамі, створанымі Наталляй Бярнадскай і Вольгай Налівайка. У выданні 231 старонка. Укладальнік – Сяргей Лісіца, прадмова – Таццяны Валодзінай.
36👍17🔥4🙏2👏1