De facto. Беларуская навука
1.43K subscribers
1.15K photos
1 video
3 files
720 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Як у 1864 - 1867 гг. малявалі сялян на тэрыторыях сучасных Беларусі і Літвы

Пра гэта піша Veronika Girininkaitė у апошнім нумары літоўскага часопіса Literatūra. У бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта захоўваецца цыкл этнаграфічных малюнкаў сярэдзіны XIX ст. Запісы ў інвентары дазволілі высветліць, што яны створаны падчас этнаграфічных экспедыцый, ініцыяваных папячыцелем Віленскай навучальнай акругі і кіраўніком Віленскай публічнай бібліятэкі Іванам Карнілавым.

У летнія канікулы 1864 - 1867 гг. у такія экспедыцыі накіроўвалі настаўнікаў малявання. Нягледзячы на ангажаванасць дзейнасці Карнілава і на тое, што галоўнай мэтай экспедыцый быў пошук і фіксацыя ўзораў «спрадвечнай рускасці», выявы маюць гістарычную і этнаграфічную каштоўнасць.

Большасць малюнкаў створаны з натуры і адлюстроўваюць сялян з розных раёнаў сучасных Літвы і Беларусі, іх традыцыйнае адзенне, будынкі і мясцовасці. Не ўсе малюнкі падпісаны. На ілюстрацыі – малюнак С. Кудраўцава «Селянін з Ваўкавыскага павета» (1866 г.)
24👍7🔥7👀2
Выйшла кніга «Владельцы Несвижа Радзивиллы»

Выданне аўтара Аляксандра Вялько прысвечана ўсім 17 прадстаўнікам шляхетнага роду Радзівілаў, якія паслядоўна валодалі і добраўпарадкоўвалі Нясвіж на працягу некалькіх стагоддзяў. Кніга створана ў энцыклапедычным фармаце. У яе аснове – галерэя партрэтаў: ад Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі да Лявона Уладзіслава Радзівіла.

Выданне багата ілюстравана – гравюрамі, карцінамі, дакументамі і фатаграфіямі з фондаў музеяў, архіваў, бібліятэк і прыватных калекцый Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Італіі і Францыі. Многія з іх упершыню прадстаўлены шырокаму колу чытачоў. У кнізе ад выдавецтва «Беларусь» 119 старонак. Здымак – akademkniga. minsk.

Нагадаем, што нядаўна паведамлялася: Ашмянка і Падзішах. Якія мянушкі Радзівілы давалі сваім коням.
👍27🤔10🔥4🤡21
Як паплечнік Пілсудскага глядзеў на вырашэнне «беларускага пытання»

Пра гэта піша Павел Паўлаў у расійскім часопісе «Славянскі альманах». Леан Васілеўскі быў паплечнікам Пілсудскага, у 1918 - 1919 — міністр замежных спраў, затым — прэзідэнт Інстытута вывучэння нацыянальных спраў. Васілеўскі, які добра ведаў беларускую мову, быў згодны з правам літоўцаў, украінцаў і беларусаў на незалежнае нацыянальнае існаванне, але ягоны погляд на вырашэнне гэтых пытанняў быў абсалютна розным.

Украінцы разглядаліся ім з большай сімпатыяй, як патэнцыйныя саюзнікі ў барацьбе з Расіяй. Беларусы, на думку Васілеўскага, былі занадта слабыя ў нацыянальным пытанні і няздольныя да самастойнага дзяржаўнага жыцця па-за пратэктаратам Расіі ці Польшчы. Да літоўцаў Васілеўскі ставіўся амаль варожа.

У міжваенны перыяд Васілеўскі адстойваў пункт гледжання, што ўкраінцам і беларусам трэба стварыць лепшыя ўмовы для развіцця нацыянальнай культуры, чым яны іх маюць у СССР, каб садзейнічаць іх інтэграцыі ў польскую палітычную нацыю.
🤔19💩5👍4🤷‍♂1🤯1🎉1🥴1🤪1
Як у ХІХ ст. дэманстравалі лаяльнасць з дапамогай архітэктурнага стылю

Пра гэта піша М. Багушэвіч у апошнім зборніку навуковых артыкулаў «Доўгае ХІХ стагоддзе ў гісторыі Беларусі і Усходняй Еўропы». У другой палове XIX ст. асноўная маса грамадскіх будынкаў будавалася за кошт казны Расійскай імперыі ў стылі класіцызму. Адначасова значная частка шляхты на беларускіх землях старалася захаваць сувязь са спадчынай Рэчы Паспалітай, таму каталіцкія храмы будавалі амаль выключна ў рамантычным гатычным стылі.

Пры будаўніцтве сядзіб у Беларусі ў другой пал. XIX ст. пераважалі два архітэктурныя напрамкі – класіцызм і эклектыка (неагатычная і псеўдагатычная). Выбар апошняга напрамку можна было растлумачыць падтрымкай ідэі адраджэння Рэчы Паспалітай.

Аднак выбар класіцызму не заўсёды сведчыў аб абсалютнай лаяльнасці гаспадароў ураду. У выпадку з сядзібай Умястоўскіх у Жамыслаўі (на здымку) усё было наадварот, паколькі за яе ўзор быў узяты Лазянкоўскі палац у Варшаве.
🔥22👍85👏21🙏1
Рэкамендуем канал «Жывапіс»

@clipclubc — гэта канал пра сусветны і беларускі жывапіс, які даступнаю моваю расказвае цікавосткі пра творы з розных эпох. Вось некалькі прыкладаў.

Аўтар карціны «Мой горад старажытны, малады» (1972 г.) Май Данцыг пры небяспецы для жыцця лазіў на самы верх будоўлі будынка «Белпрампраекта», каб убачыць панараму Мінска.

Карціна «Дом ля чыгункі» (1925 г.) Эдварда Хопера паслужыла прататыпам для дома Бэйтса ў трылеры Хічкока «Psycho» і для дома ў серыяле «Сямейка Адамс».

Калі б не ліст Пабла Пікаса да сябра, то мы б не даведаліся, што на карціне «Спатканне» (1902 г.) – сапраўдныя сёстры: адна выйшла з турэмнай бальніцы з дзіцем на руках, другая – манашка.

Падпісвайцеся на канал Жывапіс.
18👍9🔥6👏1
Невялікая дзіцячая цацка з Гродна як сведчанне значных змен ва ўзбраенні ВКЛ

Пра гэта пішуць беларускія гісторыкі Мікалай Плавінскі і Вікторыя Макоўская ў апошнім нумары польскага часопіса Fasciculi Archaeologiae Historicae. У 1987-м падчас раскопак у Старым замку ў Гродне знайшлі загадкавы драўляны прадмет. Гісторыкі выявілі, што гэта цацачная арбалетная страла. Знаходка датуецца другой пал. або к. XIV ст.

Як мяркуецца, у той час арбалеты не толькі шырока выкарыстоўваліся, але і вырабляліся ў замку ў Гродна, адным з рэзідэнцыйных цэнтраў Гедзімінавічаў. Прыняцце арбалетаў на ўзбраенне сведчыць пра пэўную ступень вестэрнізацыі ваеннай традыцыі ВКЛ, што было лагічным з у лікам вайны з крыжакамі.

Датаванне драўлянай цацачнай стрэлы з Старога замка ў Гродне (на здымку – злева) цалкам супадае з датаваннем цацачнага арбалета з Ніжняга замка ў Вільні (на здымку – справа). Знаходка з Гродна сведчыць пра дзіцячыя гульні ў Сярэднявеччы і шырокае распаўсюджванне арбалетаў у замках ВКЛ у другой палове XIV ст.
👍24❤‍🔥125🔥3💯3👏1🎉1
У ЗША выйшлі новыя кнігі пра беларускія мястэчкі

Арганізацыя JewishGen (ЗША) у 2025 годзе працягвала выдаваць кнігі пра гісторыю габрэйскіх абшчын у Беларусі. Рэч пра так званыя памятныя кнігі (Yizkor books) — выданні з гісторыяй горада, біяграфіямі мясцовых жыхароў, фатаграфіямі і іншымі матэрыяламі. Многія з іх былі напісаны на ідышы або іўрыце і цяпер перакладаюцца на англійскую мову. На працягу 2025-га пабачылі свет кнігі пра Слуцк, Давыд-Гарадок і Ленін (цяпер аграгарадок у Жыткавіцкім раёне).

Пра выданне пра Давыд-Гарадок паведамляецца: «У кнізе намаляваны горад з дамамі, пераважна пабудаванымі з дрэва, вокнамі без аканіц і дахамі, накрытымі сенам. Вуліцы былі без тратуараў, а вясной, калі раставаў снег, яны ператвараліся ў балоты… Ёсць аповеды пра гараджан, якія загінулі падчас Халакосту, а таксама пра тых, хто страціў жыццё ў Ізраілі падчас яго барацьбы за выжыванне як нацыі».

Раней у серыі выйшлі на англійскай мове кнігі пра Докшыцы, Дзятлава, Карэлічы і многія іншыя беларускія мястэчкі.
31👍14🔥4🤔3👏1🎉1
Аўтапрабегі і аўтагонкі ў беларускіх губернях напачатку XX ст.

Пра іх у апошнім зборніку навуковых артыкулаў «Доўгае ХІХ стагоддзе ў гісторыі Беларусі і Усходняй Еўропы» піша Сяргей Бусько. У 1910 г. галоўнай спартыўнай падзеяй у Расійскай імперыі стаў міжнародны аўтапрабег па маршруце Санкт-Пецярбург – Пскоў – Віцебск – Магілёў – Гомель – Кіеў – Гомель – Рослаў – Масква – – Санкт-Пецярбург. Часопіс «Аўтамабіліст» назваў яго першай гонкай у гісторыі імперыі. У беларускіх гарадах гоншчыкаў сустракалі натоўпы гледачоў з аркестрам і кветкамі.

Нягледзячы на ўдзел у гонцы аўтамабіляў «Руса-Балт», першыя 12 месцаў (з 19) былі занятыя на аўтамабілях нямецкай вытворчасці. Першыя тры месцы занялі гоншчыкі з Германскай імперыі (на аўтамабілях «Мерседэс» і «Бенц»).

Потым на беларускіх землях адбылося яшчэ некалькі аўтапрабегаў. У 1912 г. маршрут упершыню ахапіў усе пяць беларускіх губерняў (на здымку – стаянка ў г. Баранавічы). Аўтапрабегі садзейнічалі рамонту дарог.
🔥14👍9🏆52👏1
Усё больш партрэтаў з усмешлівымі памерлымі. Пра асаблівасці сучасных беларускіх могілак

Гісторык-некрапаліст Сяргей Грунтоў адзначае ў свежым нумары Ethnologia Polona: вялізныя новыя могілкі за межамі гарадоў заставаліся белай плямай для даследнікаў. Між тым сучасныя надмагіллі могуць шмат расказаць пра спосабы пераадолення гора і пра культуру памяці. Усё часцей сустракаюцца ўсмешлівыя твары памерлых на партрэтах: што сведчыць пра хуткую страту строгіх мемарыяльных умоўнасцей.

А частыя выявы памерлых у кантэксце іх прафесіі сведчаць пра нязменную важнасць працы для ідэнтычнасці беларусаў — многія хочуць, каб іх памяталі менавіта ў кантэксце працы. З'яўляюцца новыя формы памінання: адна з іх – прынясенне цацак на дзіцячыя пахаванні.

Замест «магілаў» як невялікіх курганаў усё часцей – пліты на ўсю паверхню. Неабходнасць догляду за імі мінімальная, таму практыка клопату, як адна з найважнейшых формаў памінання, паступова адыходзіць у мінулае. Расце папулярнасць крэмацыі.
🤔2512👍9🙏2🕊1🤡1
Міжземнаморская вялікая белая акула можа знікнуць

Некалькі відаў акул, якія жывуць у Міжземным моры, у тым ліку вялікая белая акула, магчыма, знаходзяцца на мяжы вымірання – да такой высновы прыйшла група навукоўцаў з ЗША і Вялікабрытаніі, паведамляе BBC.

Маніторынг рыбных партоў і рынкаў на афрыканскім узбярэжжы Міжземнага мора, які вялі амерыканскія навукоўцы ў супрацоўніцтве з брытанскай дабрачыннай арганізацыяй Blue Marine Foundation, паказаў, што ў 2025 годзе былі вылаўлены і прададзены як мінімум 40 вялікіх белых акул.

Дакладных дадзеных аб колькасці гэтага віду няма, але даследнікі мяркуюць, што іх засталося ўсяго некалькі сотняў ці нават некалькі дзясяткаў. Па міжнародных пагадненнях лоўля вялікай белай акулы забаронена, але абаронцы прыроды і навукоўцы выявілі ахоўныя віды акул на рыбных рынках Алжыра і Туніса. Калі ўсе краіны Міжземнага мора будуць выконваць правілы, тое гэта дасць надзею на захаванне рэдкага віду.
😢20🐳8😨6🤬2
Што здзівіла ў Беларусі ў гады Паўночнай вайны славацкага святара

Пра гэта піша славацкая філолаг Станіслава Мойшава ў часопісе «БДУ. Гісторыя». Напачатку XVIII ст. святар Даніэль Крман быў накіраваны да двара шведскага караля Карла XII у якасці пасла верхневенгерскіх пратэстанцкіх саслоўяў. Праз свае апісанні ў дзённіку святар падкрэсліваў спецыфіку Беларусі ў параўнанні з Польшчай: сельскі характар, больш шырокая этнічная разнастайнасць (габрэі, татары), пагорысты ландшафт.

Вялікую цікавасць пратэстант праяўляў да экзатычных для яго ўніяцкіх цэркваў і сінагог. Пра беларускае насельніцтва ў дзённіку гаворыцца мала, часта пазначаецца ягоная няшчасная сітуацыя: у горадзе Барысаве «жыхары, паводле цыганскіх звычаяў, сядзелі разам пад адкрытым небам і гатавалі ежу».

Там жа ў Барысаве святар упершыню схадзіў у лазню: яна яго не надта ўразіла. У Магілёве ў карчме пад назвай «Светлыя агні» венгерскія пасланцы заказалі піва, але «гэтыя цемрашалы» адмовіліся іх абслугоўваць. Што здарылася – невядома.
😁11👍9🔥2🤷‍♂11🤔1😢1