De facto. Беларуская навука
1.42K subscribers
1.15K photos
1 video
3 files
720 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Ці могуць у Сусвеце скончыцца зоркі? Новыя нараджаюцца ўсё радзей

Астраномы ўсё часцей знаходзяць прыкметы таго, што космас, магчыма, ужо прайшоў пік свайго развіцця, паведамляе BBC. Зорак цяпер можа быць да аднаго септыльёна (адзінка з 24 нулямі). Аднак астраномы лічаць, што працэс стварэння новых зорак паступова запавольваецца.

Пік зоркаўтварэння, верагодна, прыпаў прыкладна на 10 мільярдаў гадоў таму — перыяд, вядомы як «касмічны поўдзень». Прафесар Дуглас Скот, касмолаг з Універсітэта Брытанскай Калумбіі ў Канадзе, кажа: смерць старых зорак можа прыводзіць да стварэння новых за кошт таго ж самага рэчыва, аднак усё не так проста. «У кожнага пакалення зорак усё менш паліва для гарэння, і ў канчатковым выніку яго стане недастаткова, каб зорка наогул магла сфармавацца», – кажа касмолаг.

Прафесар Скот лічыць, што новыя зоркі будуць працягваць з'яўляцца яшчэ на працягу 10-100 трыльёнаў гадоў – значна пасля таго, як наша Сонца, хутчэй за ўсё, спыніць сваё існаванне.
🤔1811😁3😱2❤‍🔥1💯1😨1
Пабачыла свет выданне «Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы»

Зборнік навуковых артыкулаў падрыхтаваны па матэрыялах II Міжнароднага кангрэса «Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы», прысвечанага 95-годдзю Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

У зборніку асвятляюцца праблемы сучаснага мовазнаўства, дыялекталогіі, анамастыкі, лексікалогіі і лексікаграфіі, марфемікі і словаўтварэння, камп’ютарнай лінгвістыкі, гісторыі мовы. Выданне мае 468 старонак.
37👍13❤‍🔥4🔥1👏1🙏1
Пра сімвалічныя функцыі беларускай дуды, якая адраджаецца з1970-х

Пра гэта піша Алена Ляшкевіч у часопісе Ethnologia Polona. Апошні задакументаваны публічны выступ сельскага дудара ў Беларусі адбыўся ў 1954-м. Адраджэнне беларускай дуды з 1970-х гадоў адбылося незалежна ад жывой вясковай культуры – як гарадская з'ява. За апошнія 50 год інструмент меў і мае розныя сімвалічныя функцыі для музыкаў (практычная функцыя зразумелая: граць музыку).

Некаторыя з сімвалічных функцый можна з пэўнай доляй умоўнасці назваць тэндэнцыямі: дуда як артэфакт – тэндэнцыя 1970-х, дуда як яшчэ адзін мастацкі праект – з 1980-х, дуда як аб'ект даследавання і інструмент для забавы – з 1990-х і г.д. Функцыі дуды як нацыянальнага сімвала і як аб'екта эмацыйнай прывязанасці не звязаныя строга з якім-небудзь канкрэтным перыядам часу.

Рух адраджэння дуды ў Беларусі стаў больш значным у 2000-х: з'явілася больш музыкаў і гуртоў, якія выкарыстоўвалі гэты інструмент. На здымку А. Ляшкевіч – Мікола Столяр з гуртом Trollwald у 2018 г.
31👍12🤔4🔥2❤‍🔥1👏1🙏1
З Беларусі – на новыя землі Трэцяга Рэйха: як перасялялі бужскіх галендраў

Пра гэта піша К. Гаўрыленка ў часопісе «Весці БДПУ». Пасля пачатку Другой сусветнай вайны бужскіх галендраў, якія паланізаваліся, але заставаліся лютэранамі (на здымку – кірха ў калоніі Нейдорф), аднеслі да этнічных немцаў і вырашылі выкарыстаць для каланізацыі новых тэрыторый Трэцяга рэйха: перасяліць у рэйхсгау Вартэгау (з цэнтрам у Познані).

Перасяленне бужскіх галендраў з заходніх тэрыторый БССР і УССР праходзіла ў студзені-лютым 1940 г. у моцныя маразы. Пры гэтым, як адзначае аўтар, перасяленне шмат у чым было добраахвотным (трэба было падаць заяву, перасяленцам абяцалі хаты і зямлю высылаемых палякаў). Па прыбыцці некалькі месяцаў перасяленцы знаходзіліся ў лагерах, дзе праходзілі праверку і асвойвалі нямецкую мову.

Адказаць на пытанне, колькі галендраў перасяліліся ў 1940 г., можна пасля выяўлення эшалонных спісаў перасяленцаў. Паводле папярэдніх падлікаў, тэрыторыю БССР маглі пакінуць каля 1200 - 1500 бужскіх галендраў.
👀9👍8😨3❤‍🔥1🔥1
Як у 1864 - 1867 гг. малявалі сялян на тэрыторыях сучасных Беларусі і Літвы

Пра гэта піша Veronika Girininkaitė у апошнім нумары літоўскага часопіса Literatūra. У бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта захоўваецца цыкл этнаграфічных малюнкаў сярэдзіны XIX ст. Запісы ў інвентары дазволілі высветліць, што яны створаны падчас этнаграфічных экспедыцый, ініцыяваных папячыцелем Віленскай навучальнай акругі і кіраўніком Віленскай публічнай бібліятэкі Іванам Карнілавым.

У летнія канікулы 1864 - 1867 гг. у такія экспедыцыі накіроўвалі настаўнікаў малявання. Нягледзячы на ангажаванасць дзейнасці Карнілава і на тое, што галоўнай мэтай экспедыцый быў пошук і фіксацыя ўзораў «спрадвечнай рускасці», выявы маюць гістарычную і этнаграфічную каштоўнасць.

Большасць малюнкаў створаны з натуры і адлюстроўваюць сялян з розных раёнаў сучасных Літвы і Беларусі, іх традыцыйнае адзенне, будынкі і мясцовасці. Не ўсе малюнкі падпісаны. На ілюстрацыі – малюнак С. Кудраўцава «Селянін з Ваўкавыскага павета» (1866 г.)
24👍7🔥7👀2
Выйшла кніга «Владельцы Несвижа Радзивиллы»

Выданне аўтара Аляксандра Вялько прысвечана ўсім 17 прадстаўнікам шляхетнага роду Радзівілаў, якія паслядоўна валодалі і добраўпарадкоўвалі Нясвіж на працягу некалькіх стагоддзяў. Кніга створана ў энцыклапедычным фармаце. У яе аснове – галерэя партрэтаў: ад Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі да Лявона Уладзіслава Радзівіла.

Выданне багата ілюстравана – гравюрамі, карцінамі, дакументамі і фатаграфіямі з фондаў музеяў, архіваў, бібліятэк і прыватных калекцый Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Італіі і Францыі. Многія з іх упершыню прадстаўлены шырокаму колу чытачоў. У кнізе ад выдавецтва «Беларусь» 119 старонак. Здымак – akademkniga. minsk.

Нагадаем, што нядаўна паведамлялася: Ашмянка і Падзішах. Якія мянушкі Радзівілы давалі сваім коням.
👍27🤔10🔥4🤡21
Як паплечнік Пілсудскага глядзеў на вырашэнне «беларускага пытання»

Пра гэта піша Павел Паўлаў у расійскім часопісе «Славянскі альманах». Леан Васілеўскі быў паплечнікам Пілсудскага, у 1918 - 1919 — міністр замежных спраў, затым — прэзідэнт Інстытута вывучэння нацыянальных спраў. Васілеўскі, які добра ведаў беларускую мову, быў згодны з правам літоўцаў, украінцаў і беларусаў на незалежнае нацыянальнае існаванне, але ягоны погляд на вырашэнне гэтых пытанняў быў абсалютна розным.

Украінцы разглядаліся ім з большай сімпатыяй, як патэнцыйныя саюзнікі ў барацьбе з Расіяй. Беларусы, на думку Васілеўскага, былі занадта слабыя ў нацыянальным пытанні і няздольныя да самастойнага дзяржаўнага жыцця па-за пратэктаратам Расіі ці Польшчы. Да літоўцаў Васілеўскі ставіўся амаль варожа.

У міжваенны перыяд Васілеўскі адстойваў пункт гледжання, што ўкраінцам і беларусам трэба стварыць лепшыя ўмовы для развіцця нацыянальнай культуры, чым яны іх маюць у СССР, каб садзейнічаць іх інтэграцыі ў польскую палітычную нацыю.
🤔19💩5👍4🤷‍♂1🤯1🎉1🥴1🤪1
Як у ХІХ ст. дэманстравалі лаяльнасць з дапамогай архітэктурнага стылю

Пра гэта піша М. Багушэвіч у апошнім зборніку навуковых артыкулаў «Доўгае ХІХ стагоддзе ў гісторыі Беларусі і Усходняй Еўропы». У другой палове XIX ст. асноўная маса грамадскіх будынкаў будавалася за кошт казны Расійскай імперыі ў стылі класіцызму. Адначасова значная частка шляхты на беларускіх землях старалася захаваць сувязь са спадчынай Рэчы Паспалітай, таму каталіцкія храмы будавалі амаль выключна ў рамантычным гатычным стылі.

Пры будаўніцтве сядзіб у Беларусі ў другой пал. XIX ст. пераважалі два архітэктурныя напрамкі – класіцызм і эклектыка (неагатычная і псеўдагатычная). Выбар апошняга напрамку можна было растлумачыць падтрымкай ідэі адраджэння Рэчы Паспалітай.

Аднак выбар класіцызму не заўсёды сведчыў аб абсалютнай лаяльнасці гаспадароў ураду. У выпадку з сядзібай Умястоўскіх у Жамыслаўі (на здымку) усё было наадварот, паколькі за яе ўзор быў узяты Лазянкоўскі палац у Варшаве.
🔥22👍85👏21🙏1
Рэкамендуем канал «Жывапіс»

@clipclubc — гэта канал пра сусветны і беларускі жывапіс, які даступнаю моваю расказвае цікавосткі пра творы з розных эпох. Вось некалькі прыкладаў.

Аўтар карціны «Мой горад старажытны, малады» (1972 г.) Май Данцыг пры небяспецы для жыцця лазіў на самы верх будоўлі будынка «Белпрампраекта», каб убачыць панараму Мінска.

Карціна «Дом ля чыгункі» (1925 г.) Эдварда Хопера паслужыла прататыпам для дома Бэйтса ў трылеры Хічкока «Psycho» і для дома ў серыяле «Сямейка Адамс».

Калі б не ліст Пабла Пікаса да сябра, то мы б не даведаліся, што на карціне «Спатканне» (1902 г.) – сапраўдныя сёстры: адна выйшла з турэмнай бальніцы з дзіцем на руках, другая – манашка.

Падпісвайцеся на канал Жывапіс.
18👍9🔥6👏1
Невялікая дзіцячая цацка з Гродна як сведчанне значных змен ва ўзбраенні ВКЛ

Пра гэта пішуць беларускія гісторыкі Мікалай Плавінскі і Вікторыя Макоўская ў апошнім нумары польскага часопіса Fasciculi Archaeologiae Historicae. У 1987-м падчас раскопак у Старым замку ў Гродне знайшлі загадкавы драўляны прадмет. Гісторыкі выявілі, што гэта цацачная арбалетная страла. Знаходка датуецца другой пал. або к. XIV ст.

Як мяркуецца, у той час арбалеты не толькі шырока выкарыстоўваліся, але і вырабляліся ў замку ў Гродна, адным з рэзідэнцыйных цэнтраў Гедзімінавічаў. Прыняцце арбалетаў на ўзбраенне сведчыць пра пэўную ступень вестэрнізацыі ваеннай традыцыі ВКЛ, што было лагічным з у лікам вайны з крыжакамі.

Датаванне драўлянай цацачнай стрэлы з Старога замка ў Гродне (на здымку – злева) цалкам супадае з датаваннем цацачнага арбалета з Ніжняга замка ў Вільні (на здымку – справа). Знаходка з Гродна сведчыць пра дзіцячыя гульні ў Сярэднявеччы і шырокае распаўсюджванне арбалетаў у замках ВКЛ у другой палове XIV ст.
👍23❤‍🔥125🔥3💯2👏1🎉1
У ЗША выйшлі новыя кнігі пра беларускія мястэчкі

Арганізацыя JewishGen (ЗША) у 2025 годзе працягвала выдаваць кнігі пра гісторыю габрэйскіх абшчын у Беларусі. Рэч пра так званыя памятныя кнігі (Yizkor books) — выданні з гісторыяй горада, біяграфіямі мясцовых жыхароў, фатаграфіямі і іншымі матэрыяламі. Многія з іх былі напісаны на ідышы або іўрыце і цяпер перакладаюцца на англійскую мову. На працягу 2025-га пабачылі свет кнігі пра Слуцк, Давыд-Гарадок і Ленін (цяпер аграгарадок у Жыткавіцкім раёне).

Пра выданне пра Давыд-Гарадок паведамляецца: «У кнізе намаляваны горад з дамамі, пераважна пабудаванымі з дрэва, вокнамі без аканіц і дахамі, накрытымі сенам. Вуліцы былі без тратуараў, а вясной, калі раставаў снег, яны ператвараліся ў балоты… Ёсць аповеды пра гараджан, якія загінулі падчас Халакосту, а таксама пра тых, хто страціў жыццё ў Ізраілі падчас яго барацьбы за выжыванне як нацыі».

Раней у серыі выйшлі на англійскай мове кнігі пра Докшыцы, Дзятлава, Карэлічы і многія іншыя беларускія мястэчкі.
30👍13🔥4🤔3👏1🎉1
Аўтапрабегі і аўтагонкі ў беларускіх губернях напачатку XX ст.

Пра іх у апошнім зборніку навуковых артыкулаў «Доўгае ХІХ стагоддзе ў гісторыі Беларусі і Усходняй Еўропы» піша Сяргей Бусько. У 1910 г. галоўнай спартыўнай падзеяй у Расійскай імперыі стаў міжнародны аўтапрабег па маршруце Санкт-Пецярбург – Пскоў – Віцебск – Магілёў – Гомель – Кіеў – Гомель – Рослаў – Масква – – Санкт-Пецярбург. Часопіс «Аўтамабіліст» назваў яго першай гонкай у гісторыі імперыі. У беларускіх гарадах гоншчыкаў сустракалі натоўпы гледачоў з аркестрам і кветкамі.

Нягледзячы на ўдзел у гонцы аўтамабіляў «Руса-Балт», першыя 12 месцаў (з 19) былі занятыя на аўтамабілях нямецкай вытворчасці. Першыя тры месцы занялі гоншчыкі з Германскай імперыі (на аўтамабілях «Мерседэс» і «Бенц»).

Потым на беларускіх землях адбылося яшчэ некалькі аўтапрабегаў. У 1912 г. маршрут упершыню ахапіў усе пяць беларускіх губерняў (на здымку – стаянка ў г. Баранавічы). Аўтапрабегі садзейнічалі рамонту дарог.
🔥13👍9🏆52👏1
Усё больш партрэтаў з усмешлівымі памерлымі. Пра асаблівасці сучасных беларускіх могілак

Гісторык-некрапаліст Сяргей Грунтоў адзначае ў свежым нумары Ethnologia Polona: вялізныя новыя могілкі за межамі гарадоў заставаліся белай плямай для даследнікаў. Між тым сучасныя надмагіллі могуць шмат расказаць пра спосабы пераадолення гора і пра культуру памяці. Усё часцей сустракаюцца ўсмешлівыя твары памерлых на партрэтах: што сведчыць пра хуткую страту строгіх мемарыяльных умоўнасцей.

А частыя выявы памерлых у кантэксце іх прафесіі сведчаць пра нязменную важнасць працы для ідэнтычнасці беларусаў — многія хочуць, каб іх памяталі менавіта ў кантэксце працы. З'яўляюцца новыя формы памінання: адна з іх – прынясенне цацак на дзіцячыя пахаванні.

Замест «магілаў» як невялікіх курганаў усё часцей – пліты на ўсю паверхню. Неабходнасць догляду за імі мінімальная, таму практыка клопату, як адна з найважнейшых формаў памінання, паступова адыходзіць у мінулае. Расце папулярнасць крэмацыі.
🤔2511👍6🙏2🕊1🤡1