De facto. Беларуская навука
1.43K subscribers
1.15K photos
1 video
3 files
720 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Беларусь – у сусветных лідарах па росту псіхічных расстройстваў сярод моладзі

Пра гэта ў часопісе Translational Psychiatry пішуць кітайскія даследнікі, якія правялі аналіз сітуацыі з псіхічнымі расстройствамі сярод падлеткаў і маладых людзей за 1990 - 2021 гады. Навукоўцы адзначаюць, што псіхічныя расстройствы сярод людзей ва ўзросце 10 - 24 гадоў спрыяюць доўгатэрміновай захваральнасці і істотнаму ўплыву на грамадства.

У даследаванні асаблівую ўвагу звярнулі на наступствы пандэміі COVID-19, вылучыўшы перыяд 2019 - 2021 гадоў. Падчас яго значны рост захваральнасці псіхічнымі расстройствамі, асабліва дэпрэсіўнымі і трывожнымі, назіраўся ў рэгіёнах з высокім узроўнем даходу. А вось на нацыянальным узроўні ў лідарах па росту захваральнасці сярод моладзі аказаліся Эсваціні (+30%), Беларусь (+29%) і Баўгарыя (+28%).

Навукоўцы падкрэсліваюць глыбокі ўплыў пандэміі COVID-19 на псіхічнае здароўе падлеткаў і маладых людзей. Іншыя прычыны з-за маштабу даследавання не разглядаліся.
😱13🤔9🏆4😨3😁2😢21
Якім было беларускае грамадства эпохі савецкай «адлігі» (першае месца сярод манаграфій па гісторыі)

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі на першым месцы сярод манаграфій па гісторыі за 2024 год – праца Аляксандра Гужалоўскага «У светлую будучыню! Беларускае грамадства эпохі «адлігі» (1953 - 1968)».

Гісторык з выкарыстаннем вялікай колькасці архіўных першакрыніц паказвае перыяд, які незваротна змяніў беларускае грамадства.

Сабраныя ў кнізе разнастайныя сюжэты (рост узроўню жыцця, моўнае пытанне, крытыка культу асобы і рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій, руйнаванне святынь, забастоўкі рабочых, спроба фарсіраванай пабудовы камунізму і інш.) ствараюць стэрэаскапічную карціну жыцця тагачаснага беларускага соцыуму, раскрываюць унутраную логіку яго развіцця.
27👍17🔥4
Да Зямлі набліжаюцца іншапланецяне? Што кажуць навукоўцы

У заходняй прэсе ўжо некалькі месяцаў актыўна абмяркоўваюць аб’ект 3I/ATLAS, выяўлены ў ліпені. Астрафізік Аві Лоўб з Гарвардскага ўніверсітэта і іншыя даследнікі сталі сцвярджаць, што гаворка пра пазаземны касмічны апарат, які «можа выратаваць – або знішчыць нас». Ёсць і гіпотэза, што НЛА накіравана шпіёніць за Зямлёй.

Аднак NASA заяўляе пра камету, якая паходзіць з невядомай зорнай сістэмы. 3I/ATLAS — толькі трэці міжзоркавы аб'ект, які быў калі-небудзь выяўлены. На днях сайт навуковых навін Live Science паведаміў: новыя здымкі (на ілюстрацыі) паказваюць, што іншапланетны аб'ект вывяргае велізарны струмень газу і пылу – гэта звычайныя паводзіны для камет.

3I/ATLAS праляцела ля Марса 3 кастрычніка і дасягне найбліжэйшай кропкі да Сонца 29 кастрычніка. Зараз камета знаходзіцца на адваротным баку Сонца і не будзе бачная з Зямлі да сярэдзіны лістапада. Тады астраномы змогуць убачыць, як змяніўся таямнічы госць пасля знаходжання побач з Сонцам.
🔥12👍9👾63
Бясплатны курс па мастацтве з Дзмітрыем Салодкім пачаўся на Youtube

Падчас курса, які ўжо пачаўся, адбудзецца 10 анлайн-сустрэч, пасля якіх вы станеце ўспрымаць мастацтва не толькі як калекцыю шэдэўраў, але і як інструмент пазнання сябе і свету вакол.

Анлайн-сустрэчы адбываюцца кожны чацвер а 20.00 па Мінску. Дзмітрый Салодкі – выкладчык сусветнай мастацкай культуры, куратар выставачных праектаў.
👍1811🔥5👏2🙏1
Якой была «іншая гісторыя» беларускага савецкага кіно

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі другое і трэцяе месцы сярод манаграфій у гуманітарных навуках (прэмія імя Зоры Кіпель) за 2024 год падзялілі выданні Яніны Грыневіч «Як нацыя вучылася спяваць» і Вольгі Раманавай «Другая история белорусского советского кино».

Пра кнігу «Як нацыя вучылася спяваць», прысвечаную жыццю і дзейнасці Антона Грыневіча (1877 - 1937), мы ўжо пісалі. Выданне «Другая история белорусского советского кино» уяўляе сабой серыю даследчых эсэ, дзе кожны раздзел прысвечаны новаму сюжэту з гісторыі савецкага беларускага кіно 1920 - 1980-х гадоў.

На прыкладзе культавых і не толькі стужак «Беларусьфільма» даюцца адказы на шэраг пытанняў: пра што могуць распавесці фільмы Белдзяржкіна перыяду НЭПа і беларусізацыі, ці можна разглядаць савецкае беларускае кіно як каланіяльнае, сляды якіх працэсаў захоўвае ў сабе вобраз «савецкага беларуса» і інш.
👍13🔥7🤔4💩1
Пра жудасны лёс паселішча, на які ў 1354-м напалі літоўцы

Польскія даследнікі ў часопісе Heritage Science пішуць: дэндрахраналагічны аналіз падцвярджае дадзеныя з летапісаў пра падзеі ў сучаснай вёсцы Барчэўка на паўночным усходзе Польшчы. Археолагі знайшлі тут паселішча з слядамі пажару, шкілетамі і каштоўнымі прадметамі (на здымку).

Аналіз паказаў: частка дубоў для будаўніцтва была ссечана ў 1330-я. Што ж здарылася з паселішчам? У 1354-м на малады горад Вартэнберг (яго жыхары маглі паходзіць з Сілезіі) раптоўна напала літоўскае войска (згодна летапісам – на чале з Кейстутам і Альгердам). Рыцары Тэўтонскага ордэна не змаглі аказаць супраціў. З-за гібелі безабаронных жыхароў трагедыя месца стала табу, горад аднавілі ў іншай мясцовасці.

Такія знаходкі, як шкілет немаўляці, сведчаць, што паселішча засталося без хрысціянскага пахавання, яго не ўпарадкавалі (класічны «пампейскі выпадак», кажуць археолагі). Падобныя набегі былі тыповымі для абодвух бакоў, могуць быць знойдзеныя і іншыя падобныя месцы.
👀18😨9🔥5👍4👎2💔2🤡1
Чым творчасць Алеся Разанава вылучаецца ў айчыннай літаратурнай традыцыі

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі першае месяца сярод манаграфій у гуманітарных навуках (прэмія імя Зоры Кіпель) за 2024 год заняло даследаванне Аляксандра Дакукіна «Мастацкі свет Алеся Разанава».

На фоне айчыннай літаратурнай традыцыі творчасць Алеся Разанава (1947 - 2021) вылучаецца незвычайнасцю, наватарскім характарам і эксперыментальнасцю. Яна адлюстроўвае адметны светапогляд пісьменніка, піша аўтар. Паэт найбольш набліжаецца да творцаў-мадэрністаў пачатку мінулага стагоддзя. Тэксты Разанава вызначаюцца пэўнай герметычнасцю і разлічаны на падрыхтаванага чытача.

У творчасці паэта трывала спалучаецца нацыянальнае і сусветнае. За знешняй незвычайнасцю тэкстаў ўсё роўна маецца беларуская аснова, адлюстроўваецца айчынны светапогляд з ягонымі трывалымі культурнымі кодамі.
20👍13🔥4🤔2
Скандальная кніга пра Пілсудскага і Беларусь: за што яе крытыкуюць

У апошнім нумары Rocznik Centrum Studiów Białoruskich выйшла рэцэнзія Андрэя Чарнякевіча на кнігу Ёанны Героўскай-Каллаўр «Józef Piłsudski wobec kwestii białoruskiej». Аўтарка сцвярджае: Пілсудскі імкнуўся да адраджэння федэратыўнай Рэчы Паспалітай, але яму перашкодзілі розныя сілы – у тым ліку беларускія палітыкі.

Чарнякевіч адзначае: «у кнізе шэраг прыкрых недакладнасцей», «больш за ўсё заўваг выклікаюць біяграфіі беларускіх дзеячаў». І дадае: «Адна з прычын, чаму даследчыцы так цяжка зразумець беларусаў, у тым, што яна выкарыстоўвае оптыку, запазычаную ў польскіх аўтараў архіўных дакументаў». Напрыклад, праігнараваны факт, што дзякуючы БНР «беларускае пытанне» трапіла на арбіту міжнародных адносін.

Не менш разгромнай атрымалася рэцэнзія ў Юрыя Барысёнка ў расійскім «Славянском альманахе». Ён піша пра «ідэалізацыю пазіцыі Пілсудскага», «мудрагелістыя памылкі» аўтаркі і пра тое, што яна «беларускіх палітыкаў трактуе апрыёрна негатыўна».
👍18🔥10🤔7🤷‍♂1💩1
Названы найлепшыя англамоўныя манаграфіі замежных аўтараў пра Беларусь

Па версіі Арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі найлепшымі англамоўнымі манаграфіямі замежных аўтараў за 2015 - 2024 гады названыя наступныя працы. Трэцяе месца – Anika Walke, «Pioneers and Partisans – An Oral History of Nazi Genocide in Belorussia» (2015). У кнізе – аповед пра выжыванне маладых савецкіх габрэяў ва ўмовах нацысцкай акупацыі.

Першае і другое месцы падзялілі два выданні. Адно з іх – Simon Lewis, «Belarus – Alternative Visions. Nation, Memory and Cosmopolitanism» (2020). Кніга даследуе дыскусіі вакол ідэнтычнасці Беларусі.

Іншая манаграфія – Franziska Exeler, «Ghosts of War. Nazi Occupation and Its Aftermath in Soviet Belarus» (2022). У кнізе разглядаецца выбар людзей падчас вайны і яго наступствы. Аналізуецца пераслед і пакаранне савецкіх грамадзян, абвінавачаных у супрацоўніцтве з нацыстамі, паказваецца, як людзі шукалі справядлівасці, помсты або дапамогі ад суседзяў і судоў.
👍209🔥1😱1🥱1
У параўнанні з краінамі Еўропы Беларусь вылучаецца нізкім даверам да вакцын

Бельгійскія даследнікі ў апошнім нумары часопіса Vaccine падзяліліся вынікамі аналізу апытання, якое летам 2023 года было праведзена ў 6 краінах за межамі ЕС: Паўночнай Македоніі, Босніі і Герцагавіне (Балканы), Беларусі (Усходняя Еўропа), Арменіі, Грузіі (Каўказ) і Казахстане (Цэнтральная Азія).

Сярэдні паказчык даверу да вакцын у гэтых краінах склаў 43,7%, што ніжэй за сярэдні паказчык па ЕС (49,97%). У антылідарах апынуліся Казахстан (35,5%) і Беларусь (38%).

Пра нашу краіну даследнікі таксама адзначаюць наступнае. У Беларусі рэспандэнты ва ўзросце 65+ былі больш упэўненыя ў вакцынах у цэлым, чым тыя, хто быў ва ўзросце 35 - 44 гадоў. Жанчыны ў нашай краіне менш упэўненыя ў сабе, чым мужчыны, калі гаворка ідзе пра вакцыну супраць грыпу і вакцыну супраць Covid-19. Адукацыя, верагодна, не адыгрывае ў Беларусі ніякай ролі ў даверы да вакцын.
😢17👍5🔥4🤔3🙉21💩1
Рыбак, які шукаў чарвякоў, выпадкова знайшоў адзін з найбуйнейшых срэбных скарбаў Сярэднявечча

У Швецыі мужчына, які збіраўся пайсці на рыбалку, нечакана зрабіў важнае археалагічнае адкрыццё. Рыбак выкопваў чарвякоў каля сваёй летняй хаты пад Стакгольмам, калі наткнуўся на іржавы гаршчок. Унутры аказаліся ўпрыгожванні і тысячы срэбных манет, агульная вага знаходкі склала каля 6 кг, паведамляе Bild.

Археолагі ўстанавілі, што манеты былі адчаканены ў часы караля Кнута Эрыксана, які кіраваў Швецыяй у другой палове XII ст. На іх можна разгледзець надпіс KANUTUS. Скарб быў закапаны задоўга да заснавання Стакгольму, які з’явіўся толькі ў 1252 годзе.

Прадстаўніца стакгольмскай адміністрацыі Сафія Андэрсан заявіла, што «гэта, верагодна, адзін з найбуйнейшых сярэбраных скарбаў Сярэднявечча, калі-небудзь знойдзеных у Швецыі».
🔥33👍10🎉6👏1😱1🏆1
Выйшла новая кніга пра сэксуальную рэвалюцыю ў БССР

Новае выданне Аляксандра Гужалоўскага «Штурмуючы будучыні аванпосты. Сэксуальная рэвалюцыя ў БССР (1919-1929)» даследуе радыкальныя змены ў сямейна-шлюбных адносінах. Разгляданы час характарызаваўся неверагоднай нават па сённяшніх мерках свабодай нораваў.

280-старонкавая кніга напісана на багатым фактычным матэрыяле, з прыцягненнем новых архіўных крыніц і тагачасных перыядычных выданняў. Напрыклад, аўтар піша, што рэакцыя старэйшага пакалення, бацькоў на ўдзел дзяўчат у дзейнасці камсамола была пераважна адмоўная і нават варожая. Іх абурала прапаганда новай палавой маралі.
З уступленнем у камсамол дзяўчаты нярэдка пазбаўляліся некранутасці, набывалі шкодныя з пункту гледжання бацькоў звычкі, і, як вынік, гублялі перспектывы ўступлення ў традыцыйны шлюб.

Нагадаем, што кніга Аляксандра Гужалоўскага «У светлую будучыню! Беларускае грамадства эпохі «адлігі» (1953 - 1968)» была высока ацэнена даследчыкамі.
20👍16🔥4🤡2🤷‍♂1🤔1
Дык ці быў Януш Радзівіл «здраднікам»?

Людміла Івоніна піша ў расійскім Caurus (2025. Том 4. № 1) пра Януша Радзівіла і Кейданскую унію са Швецыяй 1655 года. Вялікі гетман літоўскі пасля заняцця маскоўскімі захопнікамі большай часткі тэрыторыі сучаснай Беларусі, а таксама Вільні і Коўна, выступіў за унію з шведскім каралём: ВКЛ выходзіла са складу Рэчы Паспалітай. Аднак унія ў сілу так і не ўступіла. Пасля смерці ў тым жа годзе Януша Радзівіла абвясцілі здраднікам.

Людміла Івоніна піша: Януш Радзівіл дзейнічаў у рэчышчы традыцыйнага для эліты ВКЛ імкнення да раўнапраўя з польскай элітай і апынуўся перад складаным выбарам у цяжкай міжнароднай сітуацыі – на мяжы катастрофы. Неўтаймаваныя амбіцыі і выбухны характар палітыка і пратэстанта падштурхоўвалі яго да супярэчлівых дзеянняў.

Улічваючы памежнае становішча ВКЛ і яго статус у Рэчы Паспалітай, складана сцвярджаць, кім з'яўляўся Януш Радзівіл – здраднікам ці патрыётам, да таго ж у той час нацыянальная самасвядомасць яшчэ не сфармавалася, піша аўтарка.
24👍8🤷‍♂4🔥1🤡1🤪1
Чаму асушаныя балоты ў Беларусі і суседніх краінах неабходна затапіць

Пра гэта пішуць польскія даследнікі ў Journal of Environmental Management. Яны ацанілі выкіды парніковых газаў у басейне ракі Нёман, які вылучаецца вялікай колькасцю асушаных балот. Незалежная ацэнка паказала, што найвышэйшыя сярэднія выкіды ў Беларусі – 11,3 млн. тон CO2-эквіваленту ў год, у Літве – 9,7 млн., у Польшчы – 0,46 млн., у Калінінградскай вобласці РФ – 0,037 млн.

Навукоўцы і раней даказвалі, што пасля асушэння балоты не толькі перастаюць акумуляваць у сабе вуглярод, але пачынаюць выдзяляць значныя аб'ёмы парніковых газаў (у тым ліку з-за раскладання арганічных рэчываў). Польскія даследнікі пішуць: аб’ёмы выкідаў з асушаных балот моцна недаацэньваюцца: у басейне ракі Нёман яны параўнальныя з выкідамі электрастанцыі ў Белхатуве на бурым вугалі, якую Польшча пагадзілася зачыніць пад ціскам ЕС.

Паўторнае забалочванне тарфянікаў мае вырашальнае значэнне для змякчэння наступстваў змены клімату ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.
27👍17👀5🤔3💯3😱2👏1
Выйшла кніга пра беларускія расліны з незвычайным водарам і смакавымі якасцямі

Супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі Уладзімір Лябедзька, Сяргей Саўчук і Таццяна Давідчык выпусцілі навукова-папулярнае выданне «Пряно-ароматические растения природной флоры Беларуси». У кнізе інфармацыя пра 79 відаў раслін з незвычайным водарам і смакавымі якасцямі, якія сустракаюцца ў прыродзе Беларусі і выкарыстоўваюцца чалавекам са старажытных часоў.

287-старонкавае выданне багата ілюстравана. Тэкст для зручнасці разбіты на рубрыкі, дзе чытач можа даведацца пра асноўныя адметныя прыкметы раслін (назвы прыводзяцца як навуковыя, так і народныя), месцы іх росту, цікавыя факты, унікальныя ўласцівасці і, вядома ж, прымяненне.
29👍14🔥5
Чаму ў Сібіры спяваюць беларускія песні

Пра гэта піша Таццяна Дайнека з Інстытута філалогіі Сібірскага аддзялення РАН у зборніку «Беларускі фальклор: матэрыялы і даследаванні. Выпуск 12». Аўтарка прадставіла вынікі даследавання напеваў абрадавых купальска-пятроўскіх песень, запісаных ад нашчадкаў беларускіх перасяленцаў (у асноўным пач. XX ст.) у адным з асяродкаў рассялення этнасу на тэрыторыі Сібіры – у Омскай вобласці. Матэрыялам паслужылі запісы 1970 - 2000-х гг.

Высновы: пераважная большасць купальска-пятроўскіх песень беларусаў Омскай вобласці («Коло жита девки ходют», «Купаленка», «Божа мой, Пятрова ночка-нивяличка» і г.д.) маюць тыпавыя рысы мацярынская традыцыі, якія прадстаўлены ў чыстым выглядзе. У меншай частцы песень ёсць мадыфікацыя, але пад яе падпадаюць тыпы, якія і ў мацярынскай традыцыі з варыятыўным бытаваннем.

Геаграфічная прыналежнасць тыпавых напеваў можа быць надзейнай крыніцай для вызначэння зыходных тэрыторый, з якіх у Омскую вобласць прыйшлі носьбіты той ці іншай традыцыі.
31👍12💔6👏2👀2💯1
Амаль усе суседзі трацяць на навуку больш, чым Беларусь (у адносінах да ВУП)

Пра гэта пішуць Ягор Скорый і Аляксей Скалабан у зборніку матэрыялаў XXIV Міжнароднай канферэнцыі «Менеджмент бібліятэк ВНУ», які выйшаў сёлета. Яны прааналізавалі выдаткі на навуковыя даследаванні ў адносінах да ВУП. Сярод краін удзельніц ЕАЭС на навуку траціць больш, чым Беларусь, толькі Расія. Але калі разглядаць астатнія сумежныя краіны, то складваецца адваротная сітуацыя: менш за Беларусь на развіццё навукі траціць толькі Украіна.

Даследнікі адзначаюць: з упэўненасцю можна казаць аб недастатковым узроўні фінансавання навукі, аднак гэта не з'яўляецца ні адзінай, ні галоўнай перашкодай для павелічэння публікацыйнай актыўнасці.

Варта разглядаць сукупнасць праблем: складанасці ў напісанні артыкулаў на англійскай мове; абмежаваны доступ да сучасных навуковага абсталявання і баз даных; высокую нагрузку на выкладчыкаў; слабыя стымулы для публікацыі ў высокарэйтынгавых часопісах; цяжкасці ў падборы прыдатнага часопіса для публікацыі.
😢23🤬8😨3🔥21🤷‍♂1👍1😁1
Археолагі знайшлі доказы, што продкі чалавека больш за 2,5 млн гадоў таму ўжо ўмелі перадаваць веды

Насуперак панаваўшым уяўленням, самыя старажытныя з першабытных людзей (homo habilis – «чалавек умелы»), якія жылі больш за 2,5 млн гадоў таму, тысячагоддзямі, з пакалення ў пакаленне, перадавалі тэхніку вырабу прымітыўных прылад працы. Такое адкрыццё зрабіла каманда археолагаў, вывучыўшы адзін з раёнаў пасялення гэтых старажытных людзей на поўначы Кеніі, паведамляе BBC. Да гэтага часу навукоўцы меркавалі, што найстаражытныя продкі чалавека рабілі прылады працы спарадычна.

Археолагі працавалі ў Намаратукунане дзесяць гадоў і знайшлі 1300 вострых скрабкоў, прымітыўных каменных малаткоў, а таксама так званых «літычных ядраў».

Гэтае ўменне дапамагло найстаражытным жыхарам Усходняй Турканы выжыць у клімаце, які хутка змяняўся, — не адаптуючыся пры гэтым самім, фізічна, а адаптуючы спосабы здабычы ежы. І гэтае разыходжанне з жывёльным светам адбылося на самай світанку існавання чалавецтва.
🔥19👍93👏3
Чаму ў Брытаніі стала хітом кніга пра «білетнага кантралёра» з Беларусі

Адзіны ў Вялікабрытаніі суд над ваеннымі злачынцамі адбыўся ў 1999 годзе. Тады Андрэй Саванюк, які ўдзельнічаў у знішчэнні габрэяў у родным Дамачаве пад Брэстам, быў асуджаны да двух пажыццёвых тэрмінаў. Ён памёр у турме ў 2005-м.

У 2022-м пабачыла свет кніга «Кантралёр білетаў з Беларусі: незвычайная праўдзівая гісторыя адзінага ў Брытаніі суда па ваенных злачынствах». Яе аўтары пісалі: Бен-Цыён Блюштэйн і Андрэй Саванюк былі сябрамі дзяцінства ў Дамачаве ў 1930-х гадах, а падчас вайны сталі ворагамі. Затым Бен-Цыён адправіўся ў Ізраіль, а Андрэй — у Англію, дзе працаваў кантралёрам British Rail у Лондане.

Праз больш чым паўстагоддзя яны сутыкнуліся ў судзе, дзе адзін з іх стаў галоўным сведкам абвінавачання. Рэчавых доказаў не было, толькі слова аднаго супраць слова іншага. Аўтары захапляльна апісалі гісторыю, атрымаўшы высокія ацэнкі з боку крытыкаў. Кніга была перавыдадзена ў 2023-м, цяпер на Amazon прадаецца апошні экзэмпляр.
🔥30👍15🤔21💔1
Як у Мінску ў ХІХ ст. рэзка вырасла колькасць плошчаў

Пра гэта піша Іван Сацукевіч у зборніку VII канферэнцыі «Доўгае ХІХ стагоддзе». Калі ў пач. ХІХ ст. у Мінску было толькі 3 плошчы, то праз стагоддзе – ужо 10. Гэта было звязана з ростам насельніцтва. Пры гэтым у ХІХ ст. ліквідавалі дзве плошчы – Старога Рынку (у цэнтры Траецкага прадмесця) і Новабазарную (сёння – квартал паміж Кірава, Камсамольскай і Валадарскага).

Усе плошчы выконвалі гандлёвую функцыю. Аднак на працягу ХІХ ст. да яе дадаліся яшчэ дзве – прадстаўнічая і транспартная. Затым прадстаўнічая функцыя «перамагала» гандлёвую: крамы і лаўкі прыбіраліся. Прадстаўнічая функцыя была на дзвюх плошчах – Высокага Рынку (з 1866 г. – Саборная, цяпер – плошча Свабоды) і Новага Места (сюды з Высокага Рынку перанеслі кірмашовы гандаль, але ўжо ў 1872 г. тут заснавалі першы сквер горада – Аляксандраўскі). Пасля пабудовы Віленскага вакзала з'явілася Прывакзальная плошча.

На ілюстрацыі – аэрафотаздымак Мінска ў 1917 г., бліжэй да цэнтра – плошча Свабоды.
25👍9🔥5
250 гадоў таму французcкі навуковец Жылібер стварыў першую вышэйшую медыцынскую навучальную ўстанову ў Беларусі

Натураліст і хірург Жан Эмануэль Жылібер быў запрошаны для стварэння Гродзенскай медыцынскай акадэміі дзяржаўным дзеячам ВКЛ і мецэнатам Антоні Тызенгаўзам (праект ухваліў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі). У 1775-м на месцы в. Гарадніца (цяпер цэнтральная частка Гродна) Жылібер адкрыў акадэмію, затым – шпіталь і батанічны сад.

З-за незацікаўленасці шляхты ў атрыманні медыцынскай адукацыі Жылібер змог набіраць на вучобу дзяцей сялян і служачых. У 1781-м акадэмія (на ілюстрацыі – малюнак Н. Орды XIX ст.) была пераведзена ў Вільню, дзе на яе базе стварылі медыцынскі факультэт універсітэта. Прычына заключалася ў няўдалай гаспадарчай палітыцы ў рэгіёне Антоні Тызенгаўза, якога кароль адхіліў ад кіраўніцтва.

Акадэмія, створаная Жыліберам, была першай вышэйшай медыцынскай навучальнай установай на тэрыторыі Беларусі, адзначаецца сёння на сайце Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
46👍17🏆3👏1🙏1