De facto. Беларуская навука
1.43K subscribers
1.15K photos
1 video
3 files
722 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
У генафондзе паўднёва-ўсходніх беларусаў выявілі заходнеазіяцкі кампанент

Пра гэта пішуць расійскія навукоўцы ў свежым нумары Journal of Human Genetics. Вынікі вывучэння поўнай зменлівасці мітахандрыяльнай ДНК (мтДНК) у жыхароў з паўднёвага ўсходу Беларусі паказалі: беларусы характарызуюцца высокай разнастайнасцю мітахандрыяльных геномаў. Існуюць значныя адрозненні беларускай выбаркі ад асноўнай масы ўсходнееўрапейскіх папуляцый, у тым ліку і славянскіх этнасаў.

У мітахандрыяльным генафондзе беларусаў выявілі заходнеазіяцкі кампанент (12,6%), што можа абумоўліваць генетычныя адрозненні беларусаў ад іншых усходніх славян (рускіх і ўкраінцаў).

Усходнеазіяцкі кампанент мітахандрыяльнага генафонду даследаванай групы беларусаў прадстаўлены гаплагрупай C5c1a (2,3%). Яна прысутнічае пераважна ў генафондзе славянскіх народаў (палякаў, беларусаў, украінцаў і рускіх). Узрост C5c1a складае ~4000 гадоў, яе з'яўленне ва Усходняй Еўропе можа быць звязана з міграцыямі людзей з каспійскіх стэпаў у бронзавым веку.
👀10🔥5😁3
Здабыча рэдказямельных металаў у Беларусі: перспектывы ацанілі ў Акадэміі навук

У газеце «Навука» загадчык лабараторыі геатэктонікі і геафізікі Інстытута прыродакарыстання Яраслаў Грыбік ацаніў перспектывы здабычы рэдказямельных металаў (РЗМ). Ён прывёў прыклад, што яшчэ ў савецкія часы было ўстаноўлена Дыябазавае радовішча (Жыткавіцкі раён) берылію (на здымку).

Аднак аб'ект залягае на глыбіні 25-40 м і працягласці да 15 км. «Тэхналагічнае рашэнне па выманні асобных кампанентаў РЗМ па Дыябазаваму радовішчу ў папярэдні перыяд не атрымала рэалізацыі па тэхналагічных і прыродаахоўных мерапрыемствах». Сёння ў Беларусі «рэальныя ўчасткі з праявамі РЗМ прагназуюцца, аднак яны прадстаўлены як лакальныя аб'екты», іх асваенне з тэхналагічных і прыродаахоўных пазіцый «вельмі абмежавана».

Навуковец узгадаў параду настаўніка: «Не мітусіся». «Пасля этапу РЗМ наступіць праз 5-10 гадоў этап іншы, па нашай здагадцы гэта этап рэдкіх элементаў. Важнай стане ртуць і іншыя элементы, якія прагназуюцца ў межах Беларусі».
😁10🤔9👌2👎1
У топе продажаў «Акадэмкнігі» – «Беларуская мова ад А да Я»

Пра гэта паведамляецца на старонцы кнігарні ў сацсетках. «Беларуская мова ад А да Я» – навукова-папулярнае выданне ад Ігара Капылова, Алены Лапцёнак і Наталлі Паляшчук з Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Кніга выйшла напрыканцы 2024 года.

На 167 старонках выдання ў папулярнай форме расказваецца пра галоўныя падзеі ў гісторыі беларускай мовы, яе адметныя рысы, знакавыя пісьмовыя помнікі і сучасныя слоўнікавыя выданні. Прыводзяцца цікавыя моўныя факты, выказванні паэтаў і пісьменнікаў пра роднае слова, самабытная лексіка, прыказкі, якія адлюстроўваюць каларыт нацыянальнай мовы. Інфармацыя суправаджаецца багатым ілюстрацыйным матэрыялам.

Навукоўцы выкарысталі некалькі прыёмаў, каб зрабіць выданне цікавым і карысным для розных катэгорый чытачоў, у тым ліку для дзяцей. Адзін з іх — размяшчэнне інфармацыі ў алфавітным парадку.
👍268🔥5🤔1
Ушачы аказаліся на 500 гадоў старэйшымі: археолагі знайшлі сляды паселішча X–XI стагоддзяў

Падчас руціннага археалагічнага абследавання перад будаўніцтвам газаправода ў самым цэнтры Ушачаў навукоўцы з Інстытута гісторыі НАН знайшлі сляды старажытнага паселішча, якое існавала тут яшчэ ў X–XI стагоддзях. А ў іх выявілі фрагменты ганчарнай і ляпной керамікі, а таксама бронзавы наканечнік шыйнай грыўні.

«Раней лічылася, што Ушачы ўпершыню згадваюцца толькі ў XVI стагоддзі ў складзе Полацкага ваяводства. Але цяпер аказалася, што людзі жылі тут на 500 гадоў раней. Гэта мяняе ўяўленне пра гісторыю засялення гэтых земляў», – адзначыў супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Марат Клімаў.

Аднак помнік гісторыі знаходзіцца на месцы сучасных агародаў жыхароў райцэнтра (на здымку) – з-за гэтага, на жаль, даследаванне можа сутыкнуцца з цяжкасцямі, дадаў навуковец.
👍12🔥93🍾1
Традыцыйны знаёмім са зместам чарговага нумара "Беларускага гістарычнага часопіса", на гэты раз за сакавік гэтага года.
🤡16😁4😱2
Група навукоўцаў (у тым ліку з Беларусі) адкрыла ліпахрасток — новую шкілетную тканку

У вушах і носе млекакормячых знайшлі новую шкілетную тканку – ліпахрасток, яна спалучае ў сабе прыкметы тлушчавай і храстковай тканак. Вынікі даследавання група навукоўцаў з некалькіх краін апублікавала напачатку 2025 года ў часопісе Science.

У ходзе эксперыментаў на трансгенных мышах, а затым і ў дзесятках відах млекакормячых, выявілі ліпахандрацыты ў вушной ракавіне, гартані, грудзіне і насавым храстку. Гэтыя клеткі выконваюць важную ролю ў арганізме, змякчаючы жорсткасць храсткоў. Адкрыццё можна выкарыстаць у рэгенератыўнай медыцыне і тканкавай інжынерыі.

Групу навукоўцаў узначальваў Максім Плікус, прафесар Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Ірвайне і выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У групе таксама працавалі Аляксандр Астроўскі з Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў (Гродна) і Аксана Астроўская з Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
👍18👏6😱2👌1
Якім быў вобраз міжваеннай Польшчы як суб’екта міжнароднай палітыкі ва ўспрыманні беларусаў

Пра гэта піша гісторык Андрэй Кротаў у часопісе «Известия ГГУ имени Ф. Скорины». Беларускія грамадзяне Польшчы не разглядалі яе ў вобразе «голуба міру». Аднак заходнебеларускі друк, у адрозненне ад беларускага савецкага, пазбягаў тлумачэння знешніх акцый Польшчы з дапамогай формулы аб «антысавецкім фронце імперыялістычных дзяржаў», а падставы знаходзіў у польскай гісторыі і нацыянальным характары палякаў.

З-за прэтэнзій на Цешынскую вобласць часопіс «Беларускі сцяг» пісаў, што дзеянні Польшчы «нагадвалі ўчынкі хворага, амаль вар’ята, які сваімі бязглузднымі выкрыкамі ўжо абрыдзеў».

Беларускія савецкія і заходнебеларускія вобразатворцы аднанакіраванымі намаганнямі стварылі вобраз дзяржавы, якая мела вялікадзяржаўныя амбіцыі і з’яўлялася чыннікам нестабільнасці ў Еўропе. Ён садзейнічаў мабілізацыі грамадскай думкі на карысць будучага ўз’яднання Беларусі і гатоўнасці садзейнічаць яго набліжэнню.
👍17🤷‍♂1
Чым вядомы навуковец з Беларусі Максім Плікус?

На днях мы пісалі, што групу навукоўцаў, якая адкрыла ліпахрасток — новую шкілетную тканку, узначальваў Максім Плікус. Што пра яго вядома? Максім Плікус атрымаў ступень бакалаўра ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (1996 - 2000), затым эміграваў у ЗША, дзе атрымаў ступень PhD ва Універсітэце Паўднёвай Каліфорніі (2001 - 2007).

Цяпер мікрабіёлаг працуе прафесарам у Каліфарнійскім ўніверсітэце ў Ірвайне, дзе ўзначальвае дэпартамент біялогіі развіцця і клеткі. Лабараторыя Максіма Плікуса вывучае, як тканкі і ствалавыя клеткі рэгенеруюць у адказ на пашкоджанні. У 2018-м навуковец атрымаў прэмію Амерыканскай асацыяцыі анатамаў маладым даследчыкам, у 2019-м – прэмію фонда LEO (рэгіён Амерыкі).

Максім Плікус – аўтар некалькіх рэзанансных даследаванняў. Два гады таму мікрабіёлаг давёў, што малекула, якая змяшчаецца ў валасатых радзімках, можа дапамагчы ад аблысення.
🔥23👍93👏2🤡1
Лепшыя навуковыя публікацыі 2024 года. Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі аб’яўляе пачатак працы камісіі па вызначэнні лепшых навуковых публікацый у галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін па вынікам 2024 года.

Запрашаем прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці дасылаць сваё меркаванні пра найлепшыя навуковыя публікацыі і зрабіць свой унёсак у папулярызацыю дасягненняў беларускай навукі.

Прапановы можна падаць на адрас [email protected] да 1 чэрвеня 2025 года.

Урачыстае аб’яўленне спісу лепшых публікацый адбудзецца 26 верасня 2025 года падчас XII Кангрэса ў Берліне.

У выніку працы камісіі будуць вызначаны па тры лепшыя публікацыі па наступным накірункам:

– Гісторыя (манаграфіі, артыкулы);

– Гуманітарныя навукі (манаграфіі, артыкулы);

– Сацыяльна-палітычныя навукі (манаграфіі, артыкулы).

Для ацэнкі камісіяй могуць таксама прымацца працы апублікаваныя ў 2023 годзе, якія раней не вылучаліся на конкурс.ю
👍12🤡4🔥1
Выйшаў «Гістарычна-этымалагічны слоўнік іншамоўнай лексікі ў старабеларускай мове»

Яго складальнік – доктар філалагічных навук Аляксандр Мікалаевіч Булыка з Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. У выданні 1078 старонак. Гістарычна-этымалагічны слоўнік змяшчае лексіку, запазычаную старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовай з іншых моў або ўжываную пад іншамоўным уплывам.

На базе фактычнага матэрыялу і этымалагічных меркаванняў разгледжана семантычная структура і крыніца паходжання і пранікнення кожнай лексемы, вызначана яе словаўтваральная актыўнасць на беларускай глебе.

Прыведзены час першай пісьмовай фіксацыі кожнай іншаземнай лексічнай адзінкі і яе тагачасныя мясцовыя адпаведнікі.
👍28🔥6🤡1
Вызвалялі ці рабавалі Беларусь?

У новым выпуску праграмы "Няпростая гісторыя" размова пойдзе пра казацтва.

Чым з'яўляецца гэты феномен для беларускай гісторыі? Наколькі казакі былі сваімі для беларусаў і якую ролю адыгралі ў нашым мінулым? Якія віды казакоў былі і чаму некаторым з іх можна было б паставіць помнік у нашай краіне?

Пра казацтва ў ВКЛ і на землях Беларусі размова з вядомым беларускім гісторыкам Віктарым Якубавым
👍14🔥3🤔1🤡1
Чым адзначыліся дэпутаты Гродзенскай губерні ў Першай Дзярждуме

Пра гэта піша гісторык Дзмітрый Лаўрыновіч у апошнім за 2024 год нумары «Часопіса БДУ. Гісторыя». На сходзе, які адбыўся ў канцы сакавіка 1906 г., выбаршчыкі-сяляне заключылі саюз з гараджанамі. Іх блок змог правесці ў Першую Дзяржаўную думу Расійскай імперыі 6 кандыдатаў з 7: трох сялян, аднаго праваслаўнага памешчыка і двух габрэяў. Ніводзін польскі памешчык не быў абраны. Сяляне падтрымалі толькі ксяндза.

Дэпутаты-сяляне ў Дзярждуме далучыліся да трудавікоў. Яны выступілі за павелічэнне сялянскага землекарыстання за кошт зямель памешчыкаў. Дэпутат Астрагорскі, аўтарытэтны юрыст, унёс значны ўклад у распрацоўку Наказу дзейнасці Дзярждумы.

Дэпутаты ад Гродзенскай губерні падтрымалі законапраект аб грамадзянскай роўнасці, які прадугледжваў адмену ўсіх нацыянальных і канфесійных абмежаванняў. У цэнтры ўвагі дэпутатаў апынуліся падзеі беластоцкага пагрому, абмеркаванне якіх паўплывала на рашэнне аб роспуску Першай Дзярждумы 8 ліпеня 1906 г.
👍13
Гранты на падтрымку публікацый.

Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі разам з праектам Scholars for Belarus аб’яўляе конкурс на падтрымку публікацыі лепшых навуковых прац у галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін.


Задача грантаў – спрыянне выданню і падрыхтоўцы да выдання найлепшых новых даследчых прац у сацыяльна-гуманітарных навуках у фармаце кніг і навуковых артыкулаў, а таксама павышэнне іх бачнасці і пашырэнне доступу (open access).

Запрашаем прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці падаваць свае працы на гранты да 1 чэрвеня 2025 года на адрас [email protected].

Асабліва заахвочваем да ўдзелу маладых навукоўцаў, якія хацелі б апублікаваць першую кнігу ці доктарскую дысертацыю. У рамках конкурса могуць быць падтрыманы як манаграфіі, так і навуковыя артыкулы. Конкурс не маетэматычных абмежаванняў.

Умовы падачы на грант
🔥7👍52
Тэлескоп «Джэймс Уэб» выявіў магчымыя прыкметы жыцця на планеце K2-18b

Каманда з Кембрыджа, якая вывучае планету пад назвай K2-18b, выявіла прыкметы наяўнасці малекул, якія на Зямлі могуць быць зроблены толькі простымі арганізмамі, паведамляе BBC. Аднак і кембрыджская каманда, і іншыя астраномы падкрэсліваюць, што для пацвярджання вынікаў іх даследавання неабходна больш дадзеных.

K2-18b (на ілюстрацыі – малюнак планеты) у два з паловай разы больш Зямлі. Планета знаходзіцца больш за тысячу трыльёнаў кіламетраў ад нас.

Тэлескоп «Джэйм Уэб» быў запушчаны ў канцы 2021 года, гэта самы буйны касмічны тэлескоп з самым вялікім люстэркам з калі-небудзь запушчаных чалавецтвам. «Джэйм Уэб» наколькі магутны, што ён можа аналізаваць хімічны склад атмасферы планеты на аснове таго, як яна паглынае святло зоркі – чырвонага карліка, вакол якога круціцца.
🔥14👍5🌚2
З восені ў Беластоцкім універсітэце пачнуць вывучаць беларускую этнафілалогію

Філалагічны факультэт Беластокскага ўніверсітэта адкрывае новы кірунак у вочным навучанні першай ступені: Беларуская этнафілалогія. З восені студэнты першага курса пачнуць сваё навучанне. Прапанова адрасаваная як выпускнікам польскіх сярэдніх школ, так і кандыдатам з Беларусі, якія жывуць на Падляшшы.

Студэнты авалодаюць беларускай мовай на ўзроўні С1 і ведамі пра гісторыю і культуру памежжа. Супрацоўніца Беластокскага ўніверсітэта Анна Саковіч распавяла СМІ, што выпускнікі змогуць працаваць «найперш ва ўстановах культуры, Дамах культуры, розных арганізацыях, у тым ліку дзяржаўных, якіх багата на Беласточчыне». Таксама падпісаны ліст аб супрацоўніцтве з пяццю беларускімі арганізацыямі, яны гатовыя, у тым ліку, прымаць студэнтаў на практыку.

Больш падрабязна пра набор студэнтаў чытайце тут. Беларуская філалогія раней вывучалася ў Беластоку ў 1999 - 2014 гг., але была зачынена з-за малой колькасці ахвотных навучацца.
22👍6🔥3
Для новага помніка кудлаеўскай культуры ў Беларусі ўпершыню ўдалося вызначыць абсалютны ўзрост

Пра першыя вынікі вывучэння помніка «Любань-9» пішуць Аляксандр Вашанаў і Марыя Ткачова з Інстытута гісторыі ў часопісе «БДУ. Гісторыя».

У 2020-м паселішча выявіў Мікалай Крывальцэвіч падчас абследавання ў зоне запланаванага будаўніцтва пажарнага дэпо ў г. Любані. Пасля даследаванняў 2021 - 2022 гг. археалагічная калекцыя налічвае 820 артэфактаў, з якіх 803 – вырабы з розных парод каменю (крэмень, кварцыт, кварц). Сярод іх – аскепкі камянёў, які выкарыстоўваліся ў якасці рубілаў і сякер. Дзякуючы бескіслародным ўмовам залягання захаваліся і арганічныя матэрыялы (дрэва, костка).

На падставе атрыманых радыевугляродных дат час існавання паселішча аднеслі да канца 10-га - пачатку 8-га тыс. да н. э. Такім чынам, «Любань-9» – першае паселішча кудлаеўскай культуры на тэрыторыі Беларусі, для якога атрымалася вызначыць абсалютны ўзрост. Пра гэта сведчыць і адсутнасць трапецый, якія з’явіліся пазней, пішуць навукоўцы.
👍16👏7
Як вакцынацыя паўплывала на распаўсюджанасць гепатыту В сярод беларускіх дзяцей

Пра гэта пішуць даследчыкі з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя ў міжнародным часопісе Vaccine. У Беларусі было праведзена нацыянальнае сералагічнае даследаванне па гепатыце В: адабралі некалькі тысяч дзяцей, якія нарадзіліся ў перыяд з 2009 - 2015 гг. і атрымалі прышчэпку.

З іх толькі адно дзіця мела станоўчы вынік на HBsAg. Такім чынам праграма вакцынацыі знізіла распаўсюджанасць гепатыту В сярод дзяцей да 0,02%, пішуць даследчыкі. Інфекцыя віруса гепатыту В працягвае заставацца адной з распаўсюджаных прычын захворвання і смяротнасці ва ўсім свеце. Універсальная вакцынацыя нованароджаных супраць гепатыту В была ўведзена на нацыянальным узроўні ў Беларусі ў студзені 2000 года.

Нагадаем, што нядаўна кітайскія даследчыкі выявілі: Беларусь і Саламонавы астравы на першых месцах у свеце па колькасці выпадкаў утаплення.
👍12👏2🕊2