De facto. Беларуская навука
1.43K subscribers
1.15K photos
1 video
3 files
723 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
У Чылі новая хваля цікаўнасці да Ігната Дамейкі: пра навукоўца здымаюць маштабны дакументальны фільм

Рэжысёр-дакументаліст Эрык Беліда (Erick Bellido) здымае фільм пад назвай «Ігнасія Дамейка: жывая спадчына». Задача фільма – праліць святло на невядомую спадчыну бацькі горнай справы Чылі і «без сумневу, вырашальнай фігуры ў інтэлектуальным развіцці Чылі ў XIX стагоддзі».

Шлях ураджэнца Беларусі (аўтары фільма называюць яго польска-чылійскім навукоўцам) будзе паказаны праз інтэрв'ю з вядомымі дзеячамі навукі і мастацтва, у прыватнасці з прадстаўнікамі галін геалогіі, горнай справы, вулканалогіі, абароны карэнных народаў, касмічнай навукі (метэарыты).

Восенню 2024 года рэжысёр абвяшчаў збор сродкаў на здымкі дакументальнага фільма. Гледзячы па ўсім, збор прайшоў паспяхова. Некалькі месяцаў таму выйшаў трэйлер дакументалкі. Прэм'еру фільма абяцаюць у канцы 2025 года. Звязацца з аўтарамі дакументальнага фільма можна праз пошту [email protected].
21🔥5👏2❤‍🔥1👌1🗿1
Лейпцыгскую кніжную прэмію за найлепшы пераклад атрымаў Томас Вайлер. Ён пераклаў на нямецкую мову кнігу "Я з вогненнай вёскі" Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка.
27👍9❤‍🔥6🗿1
Арганізацыйны камітэт абвяшчае збор заявак на стварэнне панэляў у межах XIІ Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі. Сёлета Кангрэс адбудзецца  25-27 верасня 2025 года ў Берліне (Нямеччына) у партнёрстве з Універсітэтам Гумбальта (Humboldt-Universität zu Berlin). 

Панэлі могуць быць прысвечаны абмеркаванню даследчых праблем ці прэзентацыі вынікаў навуковай дзейнасці.

Колькасць удзельнікаў панэляў на стадыі падачы заяўкі таксама не абмяжоўваецца. Калі ўдзельнікаў будзе шмат, заяўленая панэль можа быць падзеленая на некалькі асобных панэляў, альбо вылучана ў асобную секцыю.
Арганізацыйны камітэт запрашае даследчыя і экспертныя арганізацыі і супольнасці, а таксама акадэмічных лідараў прыняць удзел у вызначэнні праграмы сёлетняга Кангрэса. I

Заяўнікамі могуць выступаць асобы, а таксама зацікаўленыя інстытуцыі і арганізацыі. Для падачы заяўкі неабходна да 25 красавіка 2025 года запоўніць наступную анлайн-форму.

Дадатковыя пытанні можна задаць, напісаўшы на пошту [email protected]
👍15
Знаёмім са зместам чарговага нумара “Беларускага гістарычнага часопіса”, прысвечанага стогоддзю Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі імя Якуба Коласа
👍8🤡31👎1
Новае ўскоснае пацвярджэнне эпідэміі чумы ў Полацку сярэдзіны XIV стагоддзя

У «Полацкім весніку» выйшаў артыкул кандыдата біялагічных навук Вольгі Емельянчык пра смяротнасць насельніцтва Полацка. У ім прадстаўленыя вынікі палеадэмаграфічнага аналізу астэалагічных матэрыялаў (астэалогія – раздзел анатоміі, прысвечаны вывучэнню шкілета), якія былі здабыты археолагамі з чатырох некропаляў горада.

Найбольш нізкі сярэдні ўзрост смерці дарослых (35,1 года) адзначаны ў групе сярэднявечнага насельніцтва Полацка XIII-XIV стст. з тэрыторыі Ніжняга замка. Сума назіранняў дазваляе выказаць здагадку, што пахаванні на тэрыторыі Ніжняга замка могуць адлюстроўваць адзін з эпізодаў «катастрафічнай» смяротнасці жыхароў Полацка, звязаны з ваеннымі дзеяннямі або эпідэміяй чумы сярэдзіны XIV ст.

На карысць апошняй здагадкі сведчыць наяўнасць калектыўнага пахавання, які ўключаў астанкі маладых індывідаў і дзяцей, піша кандыдат біялагічных навук.
На ілюстрацыі – замкі Полацка XVI ст. на гравюры па малюнку С. Пахалавіцкага.
👍21🔥1
🗿75 | Вашанаў | Мінск першабытны🗿

У гасцях падкасту "Так склалася гістарычна" археолаг Аляксандр Вашанаў!
Сення мы гаворым пра помнікі першабытнага часу на тэрыторыі Мінску:

🪨Першыя знаходкі ў 20-30 гг. 20 ст.
🪨першабытныя артэфакты на Мінскім замчышчы
🪨 Старосцінская слабада - крэмнеапрацоўчая майстэрня ў цэнтры Мінску

Слухайце выпуск на ўсіх платформах для падкастаў і ютуб. Спасылка тут!! 🖤
👍171🥰1
Беларусь і Саламонавы астравы на першых месцах у свеце па колькасці выпадкаў утаплення

Пра гэта кітайскія даследчыкі пішуць у новым артыкуле ў Scientific Reports. Яны прааналізавалі дадзеныя за 2021 год. Тады ў свеце зарэгістравалі 856,1 тысячы выпадкаў утаплення, якія прывялі да 274,2 тысячы смерцяў.

Найбольшую колькасць зафіксавалі на Саламонавых астравах (40,6 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва), у Беларусі (28,5) і ва Украіне (28,4). Высокія паказчыкі ў Беларусі, магчыма, звязаны з багаццем унутраных вадаёмаў і недастаткова развітой палітыкай бяспекі на вадзе, адзначаюць даследчыкі. Пры гэтым назіраецца значнае зніжэнне ўзроўню ўтаплення ў рэгіёнах з высокім даходам з-за паляпшэння інфраструктуры бяспекі вады і адукацыі насельніцтва.

Культурныя звычаі, такія як нормы нагляду за дзецьмі і адносіны да ўжывання алкаголю, могуць істотна паўплываць на небяспеку ўтаплення. Дададамо, што ў 2021 годзе ў Беларусі зафіксавалі антырэкорд: патануў 481 чалавек, 252 з іх – у нецвярозым стане.
😢12🤷‍♂3👍2🤔2😡1
Любы ахвочы можа прыняць удзел у археалагічных раскопках у Беларусі

Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў загадчык цэнтра археалогіі Беларусі Аляксей Аўласовіч. Як правіла, археалагічныя экспедыцыі адкрыты для ўдзелу валанцёраў і на сайце Інстытута гісторыі хутка будзе размешчана інфармацыя аб усіх экспедыцыях, якія плануецца правесці ў 2025 годзе. Любы ахвочы зможа прыняць у іх удзел, адзначыў Аўласовіч.

«Можна будзе прыняць удзел у раскопках на рацэ Менцы, вывучаць помнікі неаліту або бронзавага веку Віцебскага Паазер'я, прыняць удзел у даследаванні ракі Студзёнкі. Гэта месца пераправы французскіх войскаў у 1812 годзе», – паведаміў археолаг.

Па словах Аўласовіча, раскопкі на Менцы сталі самымі маштабнымі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У іх бралі ўдзел сотні студэнтаў з 17 ВНУ краіны. Нагадаем, што нядаўна навукоўцы высветлілі, калі будавалася гарадзішча на рацэ Менка.
🙏9👍8😁2👎1🔥1🤡1
Як інспектар раскрытыкаваў змены ў беларускіх вучылішчах, якія адбыліся пры Расійскай імперыі

Пра гэта піша гісторык Андрэй Ганчар. У 1828 годзе стацкі саветнік граф Філіп Платэр наведаў свецкія і духоўныя вучылішчы ў Віцебскай і Магілёўскай губернях і раскрытыкаваў праект пераўтварэння вучылішчаў у Беларусі Осіпа Сянкоўскага. Платэр прыйшоў да высновы: ранейшы статут больш адпавядаў мэтам асветы, чым новыя пастановы ад урада Расійскай імперыі.

Так, раней з павятовага вучылішча кожны мог паступіць ва ўніверсітэт, што адкрывала дарогу да асветы для беднага дваранства. Пасля зменаў трэба было паступаць спачатку ў гімназію. З іншых заўваг: у першым класе сталі навучаць геаметрыі, хаця дзеці не маглі яе разумець. А паэзія была выключана з праграмы.

Камітэт навучальных устаноў падтрымаў ініцыятывы Платэра, але затым стаў больш кіравацца довадамі Сянкоўскага. Прапанаваныя пераўтварэнні духоўных вучылішчаў былі рэалізаваны ў адносінах да Рымска-каталіцкай царквы.
👍15🔥41🤔1
Навукоўцы налічылі ў Беларусі 12 відаў кляшчоў. Як ад іх абараніцца?

За ўвесь час даследаванняў на тэрыторыі Беларусі зарэгістравана 12 відаў кляшчоў трох родаў, расказала гендырэктар па навуковай рабоце НПЦ па біярэсурсах Таццяна Волкава. Яе словы прыводзіць газета «Навука». Эпідэмічнае значэнне для чалавека маюць Ixodes ricinus (найбольш шматлікі і агрэсіўны да людзей від), Ixodes persulcatus і Dermacentor reticulatus.

Кляшчы не падаюць з дрэў, самкі падцікоўваюць чалавека на расліннасці вышынёю да 1 м – захоп адбываецца на ўзроўні каленаў. Таму і рэкамендуюць на ўчастках скошваць траву. Пры выхадзе ў лес пажадана не вельветавае і ваўнянае адзенне, за якое кляшчам лягчэй зачапіцца, а з гладкімі паверхнямі.

Эфектыўным сродкам у барацьбе з клешчавым энцэфалітам з'яўляецца вакцынацыя. Універсальнай экстранай хіміяпрафілактыкай ад барэліёзу можа стаць даксіцыклін або яго аналагі (для дзяцей ёсць супрацьпаказанні), які трэба прыняць аднаразова ў першыя трое сутак з моманту ўкусу кляшча.
👍11👀64🕊1🫡1
Выйшла кніга «Бешанковіцкі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна»

Гэта зборнік навуковых артыкулаў ад выдавецтва «Беларуская навука», якія прайшлі апрабацыю на канферэнцыі «Бешанковіцкі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна (да 100-годдзя Бешанковіцкага раёна)», што адбылася ў райцэнтры ў чэрвені 2024 года.

На 522 старонках выдання – матэрыялы, прысвечаныя праблемам палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай і культурнай гісторыі Бешанковіччыны, края з цэнтрам у мястэчку на левым беразе ракі Дзвіна, які ў 1634 годзе атрымаў магдэбургскае права.

Раней у гэтай жа серыі «Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі» выйшаў зборнік «Гісторыка-культурная спадчына Слонімшчыны: да 770-годдзя Слоніма».
👍13🔥2🤡1
Як вялізны скарб сведчыць пра багацце англійскіх эліт жалезнага веку

Размова ідзе пра так званы Мелсанбійскі скарб, які ўключае ў сябе больш за 800 прадметаў, у тым ліку два катлы, конскую збрую, цырыманіяльныя дзіды і інш., піша BBC. Мяркуецца, што ўсе гэтыя рэчы былі пахаваны каля 2 тысяч гадоў таму, у I стагоддзі н.э.

Аб сваёй знаходцы археолагі паведамілі яшчэ ў 2021 годзе. Вынікі пачатковага аналізу скарбу, апублікаваныя нядаўна, сведчаць пра тое, што многія прадметы былі спецыяльна спалены або зламаны перад пахаваннем – відаць, у знак дэманстрацыі ўлады і багацця. Навукоўцы зараз валодаюць доказамі таго, што людзі, якія жылі тут дзве тысячы гадоў таму, мелі і чатырохколавыя вазы, і двухколавыя калясніцы. І што жыхары поўначы Англіі мелі гандлёвыя сувязі з кантынентам і Рымскай імперыяй.

Нагадаем, што нядаўна было апублікавана даследаванне пра тое, як у Беларусі III стагоддзя маглі з’явіцца копіі рымскіх дынарыяў.
👍14
Набор на навуковыя стажыроўкі ў рамках Konstanty Kalinowski Scholarship Program (падача заявак да 15 мая)

Стыпендыятамі праграмы могуць быць грамадзяне Беларусі, якія не маюць права пастаяннага пражывання на тэрыторыі Польшчы і якія не могуць працягваць сваю навуковую дзейнасць у Беларусі. Праграма адкрыта для кандыдатаў ва ўзросце да 35 гадоў.

Асобы, кваліфікаваныя для ўдзелу ў праграме, якія валодаюць польскай мовай на добрым узроўні, змогуць пачаць стажыроўку 1 кастрычніка. Асобы, якія недастаткова добра ведаюць польскую мову, будуць накіраваны на курсы польскай мовы, якія пачнуцца 1 верасня.

Стыпендыяты павінны будуць узгадніць гадавую праграму даследчай дзейнасці і падрыхтаваць дыпломную працу. Памер стыпендыі на дадзены момант складае 2700 злотых.
Падача заявак – да 15 мая. Усе падрабязнасці глядзіце тут.
👍12🔥3
Якім быў нонканфармізм у ВНУ БССР перыяду адлігі (1953-1968)

Пра гэта піша Уладзімір Валодзін, які абараніў доктарскую дысертацыю ў European University Institute (Фларэнцыя). Са студэнцкіх падпольных арганізацый вядомая група Ханжанкова, якая ў 1963-м планавала падарваць у цэнтры Мінска вышку-глушылку заходніх радыёстанцый. Хажанкова асудзілі на 10 гадоў. У 1968-м Якімовіч і Лухцікаў распаўсюдзілі ў Мінску ўлёткі супраць савецкага ўварвання ў Чэхаславакію, выявіць іх не змаглі.

Разам з тым дзяржаве патрэбны былі спецыялісты ў галіне беларускай мовы і культуры. Атрымаць пэўную аўтаномію можна было прэзентацыяй сваёй мастацкай дзейнасці як аматарскай. Пры канфліктах з партыйнымі функцыянерамі творцы пераязджалі ў іншыя гарады. Да 1980-х беларускім нонканфармістам не хапала надзейнай сеткі абмену інфармацыяй, члены адной групы вельмі мала ведалі пра іншыя.

На здымку – браты Белыя, 1963 год (пляменнікі Якуба Коласа Міхась і Лявон Белыя былі асуджаныя ў 1957-м за выступы супраць палітыкі русіфікацыі).
👍16🔥32🤔1🕊1
Якія пісьменнікі і чаму ўключаліся ў нацыянальны пантэон на старонках газеты «Наша Нива» у 1906 -1907 гг.

Пра гэта піша Віктар Корбут у зборніку навуковых артыкулаў «Літаратура Новага часу ў люстэрку сучаснай гуманітарыстыкі». У 1906 - 1907 гг. пісьменнікі Ян Чачот, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч (Мацей Бурачок), Ян Неслухоўскі (Янка Лучына), да якіх далучаўся Адам Міцкевіч, на старонках газеты «Наша Нива» ўключаліся ў своеасаблівы беларускі нацыянальны пантэон, у якім яны засталіся і да сённяшняга дня.

Творчасць на беларускай мове ўспрымалася як уласна нацыянальны рух. Аднак, калі дзеячы пачатку XX стагоддзя ўжо ўсведамлялі сябе беларусамі, то іх папярэднікі толькі адзначалі адметнасць беларусаў і іх мовы (Чачот называў беларускую мову сяляна-крывіцкай).

У нацыянальна пантэон уключаліся і польскія пісьменнікі, якія паходзілі з беларуска-літоўскіх зямель. Адным з першых стаў Адам Міцкевіч («вялікі пясняр нашага краю»). А вось Эліза Ажэшка ў той час не ўключалася ў беларускі пантэон.
👍15🤔4
125 гадоў таму нарадзіўся Гаўрыла Гарэцкі

Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі (10 красавіка 1900 - 20 лістапада 1988) з 1927 г. працаваў дырэктарам новастворанага Навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі пры СНК БССР, выступаў за перайманне досведу Заходняй Еўропы. У 28 гадоў абраны членам Беларускай акадэміі навук: самы малады сярод акадэмікаў-заснавальнікаў Акадэміі і дагэтуль застаецца наймаладзейшым сярод абраных акадэмікаў.

У 1930-м і 1938-м навукоўца двойчы арыштоўвалі і прысуджалі да расстрэлу, але затым прысуды змянялі. У ГУЛАГу працаваў геолагам. Рэабілітаваны ў 1958-м, але вярнуцца ў Беларусь дазволілі толькі праз дзесяць гадоў. Працаваў у Інстытуце геахіміі і геафізікі, які ўзначальваў яго сын Радзім Гарэцкі.

Гаўрыла Іванавіч зрабіў вялікі ўнёсак не толькі ў развіццё беларускай навукі (у галінах геалогіі, геаграфіі, фальклору), ён быў актыўным грамадскім дзеячам, сярод іншага дамогся вяртання ў грамадскую прастору памяці пра свайго рэпрэсаванага брата пісьменніка Максіма Гарэцкага.
20👍7