De facto. Беларуская навука
1.43K subscribers
1.15K photos
1 video
3 files
723 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Дык якой насамрэч была гістарычная назва Брэста?

Гісторык Мікола Волкаў адзначае: «Аб тым, як горад называлі ў канцы XV-XVI стст., найлепш сведчаць запісы ў метрыцы ВКЛ. Агулам я выявіў 30 запісаў, якія датуюцца 1493 - 1567 гг. У іх назва горада або замка згадваецца ў назоўным або вінавальным склоне 37 разоў. 35 разоў фігуруе форма «Берестеи» (Берасцей), 1 — «Бересть» (Берасць), і 1 — «Берестье» (Берасце). У апошнім выпадку магчымая памылка пісара або выдаўцоў метрыкі...

І «вішанка» на гэтым «торце» — менавіта форма «Берестеи» ўжываецца ў слыннай рэвізіі 1566 г. (на здымку). Берасць («Бересть») — гэта больш зручнае скарачэнне, упершыню згадваецца ў 1562 г… Адсюль польскі Brześć. У метрыцы ў XVI ст. ва ўскосных склонах таксама часам фіксуецца паланізаваная форма «Бресть» (Брэсць). А з польскай назвы ў ХІХ ст. была ўтворана расійская форма — «Брест» (Брэст). Усё мужчынскага роду.

Адкуль ўзялося «Берестье» (Берасце), як нібыта гістарычная назва горада, — асобная цікавая гісторыя, вартая добрага артыкула».
👍15🤔71🔥1🤡1
Навукоўцы: вытворчасць бульбы ва Ўсходняй Еўропе можна павялічыць на цяперашніх пасяўных плошчах на 95%

Пра гэта пішуць даследчыкі з Нідэрландаў і Украіны ў свежым нумары часопіса Crop and Environment. Еўропа дэманструе моцнае скарачэнне плошчаў і павелічэнне ўраджайнасці за апошнія дзесяцігоддзі, але з вялікімі рэгіянальнымі адрозненнямі. Даследчыкі параўналі паказчыкі 13 асноўных краін-вытворцаў (за выключэннем РФ): Беларусі, Бельгіі, Даніі, Фінляндыі, Францыі, Германіі, Італіі, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Іспаніі, Украіны, Вялікабрытаніі.

Аналіз выявіў: у сярэднім вытворчасць бульбы можа павялічыцца на 55% і нават на 95% ва Усходняй Еўропе, у той час як Заходняя ўжо блізкая да свайго патэнцыялу. Паляпшэнне вытворчасці ва Усходняй Еўропе запатрабуе павелічэння колькасці азоту.

Пра Беларусь даследчыкі заўважылі сярод іншага, што ёй, як і Даніі, патрабуюцца найменшыя аб'ёмы вады для арашэння. Разам з тым Беларусь і Украіна займаюць самыя ніжнія радкі па паказчыку адноснай даходнасці вырошчвання бульбы.
🔥12🤔5👀3
«Акадэмкніга» паведаміла пра апошнія асобнікі кнігі «Як нацыя вучылася спяваць: жыццё і дзейнасць Антона Грыневіча»

Інфармацыя размешчана ў канале «Акадэмкнігі» ў сацсетках. Манаграфія кандыдата філалагічных навук Яніны Грыневіч выйшла напрыканцы 2024 году. Яна прысвечана асобе Антона Грыневіча — збіральніка фальклору, кампазітара, педагога і выдаўца.

На падставе архіўных матэрыялаў, частка якіх уводзіцца ў навуковы зварот упершыню, на 135 старонках кнігі ўзноўлены малавядомыя этапы біяграфіі Антона Грыневіча, паказана роля фальклору ў працэсе нацыянальнага будаўніцтва ў першай трэці ХХ ст., унёсак педагога ў развіццё нацыянальнай культуры пераасэнсаваны з сучасных пазіцый.

Ураджэнец Полаччыны жыў і працаваў у Пецярбургу, дзе заснаваў прыватнае выдавецтва, затым выкладаў спевы ў Віленскай беларускай гімназіі, а ў 1925-м нелегальна выехаў у Мінск. Антон Грыневіч працаваў у Інстытуце беларускай культуры і Акадэміі навук БССР, быў арыштаваны ў 1933-м, памёр у лагеры.
22👍2🔥2
У Чылі новая хваля цікаўнасці да Ігната Дамейкі: пра навукоўца здымаюць маштабны дакументальны фільм

Рэжысёр-дакументаліст Эрык Беліда (Erick Bellido) здымае фільм пад назвай «Ігнасія Дамейка: жывая спадчына». Задача фільма – праліць святло на невядомую спадчыну бацькі горнай справы Чылі і «без сумневу, вырашальнай фігуры ў інтэлектуальным развіцці Чылі ў XIX стагоддзі».

Шлях ураджэнца Беларусі (аўтары фільма называюць яго польска-чылійскім навукоўцам) будзе паказаны праз інтэрв'ю з вядомымі дзеячамі навукі і мастацтва, у прыватнасці з прадстаўнікамі галін геалогіі, горнай справы, вулканалогіі, абароны карэнных народаў, касмічнай навукі (метэарыты).

Восенню 2024 года рэжысёр абвяшчаў збор сродкаў на здымкі дакументальнага фільма. Гледзячы па ўсім, збор прайшоў паспяхова. Некалькі месяцаў таму выйшаў трэйлер дакументалкі. Прэм'еру фільма абяцаюць у канцы 2025 года. Звязацца з аўтарамі дакументальнага фільма можна праз пошту [email protected].
21🔥5👏2❤‍🔥1👌1🗿1
Лейпцыгскую кніжную прэмію за найлепшы пераклад атрымаў Томас Вайлер. Ён пераклаў на нямецкую мову кнігу "Я з вогненнай вёскі" Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка.
27👍9❤‍🔥6🗿1
Арганізацыйны камітэт абвяшчае збор заявак на стварэнне панэляў у межах XIІ Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі. Сёлета Кангрэс адбудзецца  25-27 верасня 2025 года ў Берліне (Нямеччына) у партнёрстве з Універсітэтам Гумбальта (Humboldt-Universität zu Berlin). 

Панэлі могуць быць прысвечаны абмеркаванню даследчых праблем ці прэзентацыі вынікаў навуковай дзейнасці.

Колькасць удзельнікаў панэляў на стадыі падачы заяўкі таксама не абмяжоўваецца. Калі ўдзельнікаў будзе шмат, заяўленая панэль можа быць падзеленая на некалькі асобных панэляў, альбо вылучана ў асобную секцыю.
Арганізацыйны камітэт запрашае даследчыя і экспертныя арганізацыі і супольнасці, а таксама акадэмічных лідараў прыняць удзел у вызначэнні праграмы сёлетняга Кангрэса. I

Заяўнікамі могуць выступаць асобы, а таксама зацікаўленыя інстытуцыі і арганізацыі. Для падачы заяўкі неабходна да 25 красавіка 2025 года запоўніць наступную анлайн-форму.

Дадатковыя пытанні можна задаць, напісаўшы на пошту [email protected]
👍15
Знаёмім са зместам чарговага нумара “Беларускага гістарычнага часопіса”, прысвечанага стогоддзю Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі імя Якуба Коласа
👍8🤡31👎1
Новае ўскоснае пацвярджэнне эпідэміі чумы ў Полацку сярэдзіны XIV стагоддзя

У «Полацкім весніку» выйшаў артыкул кандыдата біялагічных навук Вольгі Емельянчык пра смяротнасць насельніцтва Полацка. У ім прадстаўленыя вынікі палеадэмаграфічнага аналізу астэалагічных матэрыялаў (астэалогія – раздзел анатоміі, прысвечаны вывучэнню шкілета), якія былі здабыты археолагамі з чатырох некропаляў горада.

Найбольш нізкі сярэдні ўзрост смерці дарослых (35,1 года) адзначаны ў групе сярэднявечнага насельніцтва Полацка XIII-XIV стст. з тэрыторыі Ніжняга замка. Сума назіранняў дазваляе выказаць здагадку, што пахаванні на тэрыторыі Ніжняга замка могуць адлюстроўваць адзін з эпізодаў «катастрафічнай» смяротнасці жыхароў Полацка, звязаны з ваеннымі дзеяннямі або эпідэміяй чумы сярэдзіны XIV ст.

На карысць апошняй здагадкі сведчыць наяўнасць калектыўнага пахавання, які ўключаў астанкі маладых індывідаў і дзяцей, піша кандыдат біялагічных навук.
На ілюстрацыі – замкі Полацка XVI ст. на гравюры па малюнку С. Пахалавіцкага.
👍21🔥1
🗿75 | Вашанаў | Мінск першабытны🗿

У гасцях падкасту "Так склалася гістарычна" археолаг Аляксандр Вашанаў!
Сення мы гаворым пра помнікі першабытнага часу на тэрыторыі Мінску:

🪨Першыя знаходкі ў 20-30 гг. 20 ст.
🪨першабытныя артэфакты на Мінскім замчышчы
🪨 Старосцінская слабада - крэмнеапрацоўчая майстэрня ў цэнтры Мінску

Слухайце выпуск на ўсіх платформах для падкастаў і ютуб. Спасылка тут!! 🖤
👍171🥰1
Беларусь і Саламонавы астравы на першых месцах у свеце па колькасці выпадкаў утаплення

Пра гэта кітайскія даследчыкі пішуць у новым артыкуле ў Scientific Reports. Яны прааналізавалі дадзеныя за 2021 год. Тады ў свеце зарэгістравалі 856,1 тысячы выпадкаў утаплення, якія прывялі да 274,2 тысячы смерцяў.

Найбольшую колькасць зафіксавалі на Саламонавых астравах (40,6 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва), у Беларусі (28,5) і ва Украіне (28,4). Высокія паказчыкі ў Беларусі, магчыма, звязаны з багаццем унутраных вадаёмаў і недастаткова развітой палітыкай бяспекі на вадзе, адзначаюць даследчыкі. Пры гэтым назіраецца значнае зніжэнне ўзроўню ўтаплення ў рэгіёнах з высокім даходам з-за паляпшэння інфраструктуры бяспекі вады і адукацыі насельніцтва.

Культурныя звычаі, такія як нормы нагляду за дзецьмі і адносіны да ўжывання алкаголю, могуць істотна паўплываць на небяспеку ўтаплення. Дададамо, што ў 2021 годзе ў Беларусі зафіксавалі антырэкорд: патануў 481 чалавек, 252 з іх – у нецвярозым стане.
😢12🤷‍♂3👍2🤔2😡1
Любы ахвочы можа прыняць удзел у археалагічных раскопках у Беларусі

Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў загадчык цэнтра археалогіі Беларусі Аляксей Аўласовіч. Як правіла, археалагічныя экспедыцыі адкрыты для ўдзелу валанцёраў і на сайце Інстытута гісторыі хутка будзе размешчана інфармацыя аб усіх экспедыцыях, якія плануецца правесці ў 2025 годзе. Любы ахвочы зможа прыняць у іх удзел, адзначыў Аўласовіч.

«Можна будзе прыняць удзел у раскопках на рацэ Менцы, вывучаць помнікі неаліту або бронзавага веку Віцебскага Паазер'я, прыняць удзел у даследаванні ракі Студзёнкі. Гэта месца пераправы французскіх войскаў у 1812 годзе», – паведаміў археолаг.

Па словах Аўласовіча, раскопкі на Менцы сталі самымі маштабнымі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У іх бралі ўдзел сотні студэнтаў з 17 ВНУ краіны. Нагадаем, што нядаўна навукоўцы высветлілі, калі будавалася гарадзішча на рацэ Менка.
🙏9👍8😁2👎1🔥1🤡1
Як інспектар раскрытыкаваў змены ў беларускіх вучылішчах, якія адбыліся пры Расійскай імперыі

Пра гэта піша гісторык Андрэй Ганчар. У 1828 годзе стацкі саветнік граф Філіп Платэр наведаў свецкія і духоўныя вучылішчы ў Віцебскай і Магілёўскай губернях і раскрытыкаваў праект пераўтварэння вучылішчаў у Беларусі Осіпа Сянкоўскага. Платэр прыйшоў да высновы: ранейшы статут больш адпавядаў мэтам асветы, чым новыя пастановы ад урада Расійскай імперыі.

Так, раней з павятовага вучылішча кожны мог паступіць ва ўніверсітэт, што адкрывала дарогу да асветы для беднага дваранства. Пасля зменаў трэба было паступаць спачатку ў гімназію. З іншых заўваг: у першым класе сталі навучаць геаметрыі, хаця дзеці не маглі яе разумець. А паэзія была выключана з праграмы.

Камітэт навучальных устаноў падтрымаў ініцыятывы Платэра, але затым стаў больш кіравацца довадамі Сянкоўскага. Прапанаваныя пераўтварэнні духоўных вучылішчаў былі рэалізаваны ў адносінах да Рымска-каталіцкай царквы.
👍15🔥41🤔1
Навукоўцы налічылі ў Беларусі 12 відаў кляшчоў. Як ад іх абараніцца?

За ўвесь час даследаванняў на тэрыторыі Беларусі зарэгістравана 12 відаў кляшчоў трох родаў, расказала гендырэктар па навуковай рабоце НПЦ па біярэсурсах Таццяна Волкава. Яе словы прыводзіць газета «Навука». Эпідэмічнае значэнне для чалавека маюць Ixodes ricinus (найбольш шматлікі і агрэсіўны да людзей від), Ixodes persulcatus і Dermacentor reticulatus.

Кляшчы не падаюць з дрэў, самкі падцікоўваюць чалавека на расліннасці вышынёю да 1 м – захоп адбываецца на ўзроўні каленаў. Таму і рэкамендуюць на ўчастках скошваць траву. Пры выхадзе ў лес пажадана не вельветавае і ваўнянае адзенне, за якое кляшчам лягчэй зачапіцца, а з гладкімі паверхнямі.

Эфектыўным сродкам у барацьбе з клешчавым энцэфалітам з'яўляецца вакцынацыя. Універсальнай экстранай хіміяпрафілактыкай ад барэліёзу можа стаць даксіцыклін або яго аналагі (для дзяцей ёсць супрацьпаказанні), які трэба прыняць аднаразова ў першыя трое сутак з моманту ўкусу кляшча.
👍11👀64🕊1🫡1
Выйшла кніга «Бешанковіцкі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна»

Гэта зборнік навуковых артыкулаў ад выдавецтва «Беларуская навука», якія прайшлі апрабацыю на канферэнцыі «Бешанковіцкі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна (да 100-годдзя Бешанковіцкага раёна)», што адбылася ў райцэнтры ў чэрвені 2024 года.

На 522 старонках выдання – матэрыялы, прысвечаныя праблемам палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай і культурнай гісторыі Бешанковіччыны, края з цэнтрам у мястэчку на левым беразе ракі Дзвіна, які ў 1634 годзе атрымаў магдэбургскае права.

Раней у гэтай жа серыі «Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі» выйшаў зборнік «Гісторыка-культурная спадчына Слонімшчыны: да 770-годдзя Слоніма».
👍13🔥2🤡1
Як вялізны скарб сведчыць пра багацце англійскіх эліт жалезнага веку

Размова ідзе пра так званы Мелсанбійскі скарб, які ўключае ў сябе больш за 800 прадметаў, у тым ліку два катлы, конскую збрую, цырыманіяльныя дзіды і інш., піша BBC. Мяркуецца, што ўсе гэтыя рэчы былі пахаваны каля 2 тысяч гадоў таму, у I стагоддзі н.э.

Аб сваёй знаходцы археолагі паведамілі яшчэ ў 2021 годзе. Вынікі пачатковага аналізу скарбу, апублікаваныя нядаўна, сведчаць пра тое, што многія прадметы былі спецыяльна спалены або зламаны перад пахаваннем – відаць, у знак дэманстрацыі ўлады і багацця. Навукоўцы зараз валодаюць доказамі таго, што людзі, якія жылі тут дзве тысячы гадоў таму, мелі і чатырохколавыя вазы, і двухколавыя калясніцы. І што жыхары поўначы Англіі мелі гандлёвыя сувязі з кантынентам і Рымскай імперыяй.

Нагадаем, што нядаўна было апублікавана даследаванне пра тое, як у Беларусі III стагоддзя маглі з’явіцца копіі рымскіх дынарыяў.
👍14
Набор на навуковыя стажыроўкі ў рамках Konstanty Kalinowski Scholarship Program (падача заявак да 15 мая)

Стыпендыятамі праграмы могуць быць грамадзяне Беларусі, якія не маюць права пастаяннага пражывання на тэрыторыі Польшчы і якія не могуць працягваць сваю навуковую дзейнасць у Беларусі. Праграма адкрыта для кандыдатаў ва ўзросце да 35 гадоў.

Асобы, кваліфікаваныя для ўдзелу ў праграме, якія валодаюць польскай мовай на добрым узроўні, змогуць пачаць стажыроўку 1 кастрычніка. Асобы, якія недастаткова добра ведаюць польскую мову, будуць накіраваны на курсы польскай мовы, якія пачнуцца 1 верасня.

Стыпендыяты павінны будуць узгадніць гадавую праграму даследчай дзейнасці і падрыхтаваць дыпломную працу. Памер стыпендыі на дадзены момант складае 2700 злотых.
Падача заявак – да 15 мая. Усе падрабязнасці глядзіце тут.
👍12🔥3